Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У многіх храмах Беларусі будуць згаданыя ахвяры Асьвенціма і Галакосту


Альгерд Невяроўскі, Менск 27 студзеня адзначаецца 60-я гадавіна вызваленьня вязьняў найбольшага ў часе Другой ўсясьветнай вайны нацысцкага лягеру сьмерці – Асьвенцім. Сярод вязьняў гэтага канцлягеру было нямала жыхароў Беларусі. Як гэтая гадавіна будзе адзначацца ў Беларусі?

Адразу зазначу, што беларускія ўлады ніяк не адзначаюць 60-ю гадавіну вызваленьня Асьвенціма. Увогуле, ўсе мерапрыемствы, якія тычацца тэмы Галакосту, у Беларусі звычайна арганізуюцца Саюзам габрэйскіх арганізацыяў і грамадаў, а прадстаўнікі ўладаў толькі да іх далучаюцца. Але 60-годзьдзе вызваленьня Асьвенціма гэтая арганізацыя ня будзе адзначаць вулічнымі мерапрыемствамі. Чаму? Пра гэта апавядае выканаўчы дырэктар Саюзу габрэйскіх арганізацыяў і грамадаў Вікторыя Бруміна:

(Бруміна: ) “Менавіта дня Асьвенціма – такога дня няма. Ёсьць 18 красавіка – гэта дзень паўстаньня ў Варшаўскім гета, і гэты дзень адзначаецца як усясьветны дзень Галакосту. У гэты дзень, а таксама 2 сакавіка і 21 кастрычніка, габрэйская грамада ладзіць мерапрыемствы. А адзначэньня дня Асьвенціма ў габрэйскай грамадзе Беларусі – такой традыцыі няма”.

Аднак намесьнік старшыні Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня Беларусі Аляксандар Розэнбэрг паведаміў, што ў многіх сынагогах сёньня пройдуць адмысловыя набажэнствы ў памяць ахвяраў Асьвенціма і ўвогуле Галакосту.

Будуць узгадваць пра ахвяры Асьвенціма і ў храмах іншых рэлігійных канфэсіяў Беларусі, але зноў жа толькі ў тых, дзе мясцовы сьвятар праявіць такую ініцыятыву. Прэсавы сакратар Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы Андрэй Петрашкевіч гаворыць, што ў праваслаўных храмах увесь час узгадваюць бязьвінна забітых, а сёньня, магчыма, узгадаюць і ахвяры Асьвенціма.

Эпіскап Саюза хрысьціянаў веры эвангельскай Сяргей Хоміч і прадстаўнік Саюзу эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў Віктар Круцько сказалі, што ў некаторых іхных цэрквах падчас набажэнстваў таксама будуць узгаданыя ахвяры Галакосту.

У каталіцкай Царкве таксама сёньня таксама пройдуць памінальныя службы. Адна зь іх адбудзецца а 12 гадзіне ў менскім Чырвоным касьцёле. Вось, што сказаў пробашч парафіі сьвятых Сымона й Алены ксёндз Уладыслаў Завальнюк:

(Завальнюк: ) “Мы ўспамінаем гэтыя жахлівыя хвіліны, якія перажывалі людзі, і многія адышлі ў вечнасьць з гэтых крэматорыяў. І будзем прасіць у Бога міласэрнасьці для тых пакутнікаў, а таксама сьвятла Божай ласкі для ўсіх жывых”.
XS
SM
MD
LG