Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Аляксандар Лукашэнка не паехаў у Асьвенцім?


Уладзімер Глод, Менск 27 студзеня адбудуцца жалобныя мерапрыемствы, прысьвечаныя 60-годзьдзю вызваленьня лягеру сьмерці Асьвенцім, які падчас другой усясьветнай вайны знаходзіўся на тэрыторыі акупаванай нацыстамі Польшчы. Прэзыдэнт гэтай краіны Аляксандар Квасьнеўскі чакае тут шэраг высокіх асобаў. Сярод асабіста запрошаных – прэзыдэнты Расеі, Украіны, першыя асобы некаторых іншых краінаў. Беларускую дэлегацыю ў Асьвенціме ўзначальвае старшыня Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу Генадзь Навіцкі. Разам зь ім у Асьвенцім прыехалі 28 беларускіх грамадзянаў, былых тутэйшых вязьняў.

Чаму на жалобную цырымонію ў Асьвенціме не паехаў Аляксандар Лукашэнка? Вядома, што ў Менску да апошняга часу чакалі запрашэньня для Аляксандра Лукашэнкі. Афіцыйныя чыноўнікі зыходзілі з таго, што Беларусі трэба абавязкова ўдзельнічаць у мерапрыемствах у Асьвенціме, каб такім чынам прадэманстраваць стаўленьне краіны да фашызму. На іхную думку, краіна, якая больш за іншых пацярпела ад фашызму, мусіць быць прадстаўленая ў Асьвенціме яе найвышэйшымі службовымі асобамі.

Вось якім чынам абгрунтаваў такі падыход у адказ на маё пытаньне, хто ўзначаліць беларускую дэлегацыю на жалобных мерапрыемствах, старшыня сталай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета рэспублікі Мікалай Чаргінец:

(Чаргінец: ) “Пэўна, гэта яшчэ залежыць ад польскага боку, як ён сам адносіцца да гэтай падзеі. Я думаю, яны перадусім мусяць запрасіць найвышэйшае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, хаця б таму, што народы Беларусі й Польшчы найбольш пацярпелі ад фашызму. Гэта пытаньне нават ужо не вышэйшай палітыкі, а пытаньне, якое пакажа, ці асуджаюць, як і раней, кіраўнікі тых краінаў, дзе праходзяць падобныя мерапрыемствы, фашызм. Калі яны асуджаюць, дык тады зразумела, што народ, які больш за іншых пацярпеў ад фашызму, мусіць быць прадстаўлены найвышэйшымі службовымі асобамі”.

Як афармляюцца падобныя запросіны, на які адрас яны афіцыйна дасылаюцца? Я кансультаваўся з некалькімі дыпляматамі – і беларускімі, і замежнымі, з тых, хто цяпер працуе ў Беларусі. Яны тлумачаць так: калі нейкая краіна, якая запрашае да сябе гасьцей, хоча бачыць у сябе нейкага канкрэтнага прадстаўніка іншай дзяржавы, дык запрашэньне дасылаюць на ягонае асабістае імя. А ёсьць, так бы мовіць, агульнае запрашэньне, без канкрэтнага прозьвішча. Гэта робіцца альбо ў тым выпадку, калі ня мае вялікага значэньня, хто канкрэтна прысутнічае на мерапрыемстве, альбо, калі такім чынам краіне даюць зразумець – непажадана, каб нейкая канкрэтная асоба на гэты момант была сярод іншых гасьцей. Вось камэнтар на гэтую тэму вядомага знаўцы дыпляматычных працэдураў, былога намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Андрэя Саньнікава:

(Саньнікаў: ) “Калі б жадалі бачыць прэзыдэнта, дык накіравалі б менавіта на імя прэзыдэнта. Відавочна, што ёсьць краіны, прадстаўнікі якіх пажадана каб былі, але найвышэйшае кіраўніцтва не пажадана. Таму запрашэньне высылаецца не асабіста, а на краіну. Гэта звычайная дыпляматычная праца”.

А што кажуць беларускія палітыкі наконт таго, што беларускую дэлегацыю ў Асьвенцім узначальвае не Аляксандар Лукашэнка, а Генадзь Навіцкі? Яны гавораць пра тое, што Эўропа зь вялікай заклапочанасьцю назірае за сытуацыяй ў Беларусі. Шмат эўрапейскіх палітыкаў лічыць, што любыя кантакты з Аляксандрам Лукашэнкам спрыяюць легітымізацыі ягонай улады. Таму замежнікі пазьбягаюць сустрэчаў з кіраўніком беларускай дзяржавы. І вось як тлумачыць сытую былы сьпікер беларускага парлямэнту Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “Усё ляжыць на паверхні. Польшча цяпер уваходзіць у Эўразьвяз. А Эўразьвяз прыняў рашэньне аб абмежаваньні кантактаў з кіраўніцтвам беларускай улады. І хто там, у Асьвенціме, будзе сустракацца зь кіраўніком беларускай дзяржавы?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG