Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кракаве адбылася дэманстрацыя пратэсту супраць прыезду ў Польшчу Пуціна


Аляксей Дзікавіцкі, Асьвенцім 27 студзеня ў Асьвенціме пры ўдзеле высокіх прадстаўнікоў каля 50 краінаў сьвету адбудуцца ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды 60-х угодкаў вызваленьня канцлягеру Аўшвіц-Біркэнаў. Што цікавага ўжо адбылося вакол сьвяткаваньня і якія найбольш адметныя падзеі заплянаваныя на сёньня?

У Асьвенціме а 15-й гадзіне паводле Менскага часу пачнуцца галоўныя ўрачыстасьці. Журналістаў павезьлі ў Асьвенцім з Кракава адмысловымі аўтобусамі, бо амаль нідзе ў раёне Кракава, Катовіц ці Асьвенціма ехаць на ўласным аўтамабілі будзе немагчыма – з-за шматлікіх картэжаў афіцыйных дэлегацыяў большасьць дарогаў перакрылі яшчэ ўчора.

Між тым учора ў цэнтры Кракава каля помніка Адаму Міцкевічу адбылася дэманстрацыя пратэсту супраць прыезду ў Польшчу Пуціна. Дэманстранты заявілі, што ў Асьвенцім ня мае маральнага права прыяжджаць чалавек, які адказвае за генацыд чачэнскага народу.

Адметна, што сам Пуцін, які меўся прыляцець у Кракаў учора ўвечары і, сярод іншага, сустрэцца з Аляксандрам Квасьнеўскім, нечакана адклаў палёт на сёньня. Афіцыйна паведамляецца, што з-за дрэннага надвор’я – але, да прыкладу, Дзіку Чэйні, Віктару Юшчанку ды іншым кіраўнікам гэтае надвор’е прыляцець у Кракаў не перашкодзіла.

Паводле некаторых назіральнікаў, Расея такім чынам помсьціць Польшчы, сярод іншага, за ўдзел ва ўкраінскіх падзеях. Вось што сказаў у гэтай справе аглядальнік Славамір Папоўскі:

(Папоўскі: ) “Пасьля таго, што здарылася цягам апошніх месяцаў ва Ўкраіне, пасьля вельмі нэгатыўнай рэакцыі расейскага кіраўніцтва на працу польскіх журналістаў у Бэслане, у Крамлі сфармавалася даволі нэгатыўнае, я б сказаў, вельмі насьцярожанае стаўленьне да Польшчы. Але, як мне падаецца, трэба не зьвяртаць на гэта ўвагі і надалей рабіць тое, што трэба”.

Цікава яшчэ, што ўчора прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка заявіў, што разьлічвае пачаць перамовы аб далучэньні сваёй краіны да Эўразьвязу ўжо ў 2007 годзе.

Што да сёньняшніх падзеяў, дык сёньня палітыка ўжо будзе на другім пляне, а галоўная ўвага будзе скіравная на вязьняў канцлягеру, якія выжылі і сёньня прыехалі сюды. Чакаюцца прамовы прэзыдэнтаў Польшчы, Ізраілю і Расеі, жалобныя набажэнствы – удзельнікі ўрачысьцяў запаляць таксама тысячы сьвечак.

На здымку: прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG