Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“У многіх палякаў не было пачуцьця вызваленьня, а было пачуцьцё, што прыйдзе новая акупацыя”


Аляксей Дзікавіцкі, Кракаў Адметна, што калі вязьні лягера Аўшвіц-Біркэнаў сустрэлі Чырвоную Армію як сапраўднага вызваліцеля, дык жыхары суседняга Кракава ня надта цешыліся з надыходу савецкіх войскаў – пра гэта добра памятаюць кракавяне, якія перажылі вайну. Чаму? На гэтае пытаньне мы папрасілі адказаць гісторыка Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы, доктара Антонія Дудка.

(Дудэк: ) “Канешне, сытуацыя, у якой знаходзіліся людзі ў акупаванай Польшчы, была іншай, чым сытуацыя тых, хто трапіў у канцлягер. Вязьні несумненна марылі пра вызваленьне. Аднак многія палякі, якія працягвалі жыць у сваіх хатах, у сваіх гарадах папросту баяліся надыходу Чырвонай арміі. Скажам шчыра, што досьвед зносінаў з чырвонымі ў 1920-м годзе, а таксама ў часе акупацыі ў 1939-1941 гадах, ня быў з прыемных. Быў вялікі страх. Слова “бальшавік” мела ў Польшчы адназначна нэгатыўнае значэньне, і ўсе думалі – што ж гэтым разам яны будуць рабіць польскай зямлі?

Тут трэба адзначыць, што Чырвоная армія была даволі бязьлітаснай – вядомыя шматлікія факты гвалтаў і забойстваў. Гэта пераважна тычылася усходне-немецкіх земляў, якія потым адышлі да Польшчы, але й на спрадвечных польскіх землях здараліся такія выпадкі. Зьвесткі пра гэта абганялі Чырвоную армію, і таму ў многіх палякаў не было пачуцьця вызваленьня, а было пачуцьцё, што прыйдзе новая акупацыя. Усе баяліся, што раптам зьбярэцца нейкі марыянэтачны псэўдапарлямэнт і папросіць далучыць Польшчу да Савецкага Саюзу. Пазьней аказалася, што Сталін вырашыў пакінуць Польшчы амбежаваны сувэрэнітэт. Але напрыканцы вайны пра гэта яшчэ не было вядома”.
XS
SM
MD
LG