Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Давосе пачынаецца Ўсясьветны эканамічны форум – ці будзе там хоць адзін прадстаўнік Беларусі?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў швайцарскім Давосе пачынае працу штогадовы Ўсясьветны эканамічны форум. Чакаецца, што ў гэтай сустрэчы возьмуць удзел больш за 20 кіраўнікоў краінаў і ўрадаў, 70 міністраў, а таксама больш за 50 кіраўнікоў міжнародных і няўрадавых арганізацый. Традыцыйна ў Давоскім форуме ўдзельнічаюць кіраўнікі найбуйнейшых кампаній сьвету, ад нафтавых да фінансавых. Ці возьме ўдзел у Давоскім форуме Беларусь? Гэтае пытаньне высьвятляў наш карэспандэнт.

Афіцыйную цырымонію адкрыцьця форума традыцыйна праводзіць прэзыдэнт Швайцарыі Самюэль Шмід. Таксама там выступіць прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр.

На форум прыедуць прэзыдэнты Грузіі Міхаіл Саакашвілі, Польшчы – Аляксандар Квасьнеўскі, Латвіі – Вайра Віке-Фрэйбэрга, адной з цэнтральных фігураў будзе прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка. Ён атрымае права так званага "спэцыяльнага звароту".

Ці паедзе на Давоскі форум афіцыйная дэлегацыя зь Беларусі? Прэсавы сакратар міністэрства замежных справаў Андрэй Савіных запэўніў, што афіцыйны Менск “дастаткова абдумана падыходзіць да накіраваньня дэлегацый, выбіраючы такія форумы, якія могуць даць максымальны эфэкт для разьвіцьця нашых зьнешнеэканамічных сувязяў.”

Спадар Савіных не адказаў на пытаньне, ці мае афіцыйны Менск запрашэньне на ўдзел у форуме.

Як вядома, апошні раз Беларусь удзельнічала ў Давоскім форуме ў 1999 годзе, на ўзроўні міністра эканомікі, затым быў перапынак і далей афіцыйнаму Менску запрашэньні не накіроўваліся.

У свой час, калі Беларусь мела добры імідж у сьвеце і нядрэнныя эканамічныя пэрспэктывы, двойчы ўдзельнічаў у Давоскіх сустрэчах тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч.

Ён лічыць Давоскі форум вельмі цікавай і значнай падзеяй.

(Шушкевіч: ) “Там запрашаюць тых людзей, ад якіх можа быць нейкая карысьць, як ад суразмоўцаў і як ад прафэсіяналаў. Там жа свая спэцыфіка і самае доўгае выступленьне – пяць хвілінаў. Даўно ўжо не запрашаюць беларускага кіраўніка дзяржавы на Давоскі форум, бо там занадта прыстойныя людзі зьбіраюцца. Ну не цікавяцца такімі паўкрымінальнымі структурамі, як наша дзяржава.”

Вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук цьвердзіць, што ўдзел у Давоскім форуме спрыяе даверу да краіны з боку сусьветнага бізнэсу, а гэта ў сваю чаргу ўплывае на прыток інвэстыцыяў.

(Раманчук: ) “Давоскі форум – гэта добрае люстэрка таго, хто і што значыць у сусьветнай палітыцы, эканоміцы і бізнэсе. І калі з краіны не запрашаюць ніводнага палітыка, эканаміста і бізнэсоўца, то гэта азначае, што нацыянальнага бізнэсу ўплывовага ў галіне і ў маштабе рэгіёна проста ў Беларусі няма”.
XS
SM
MD
LG