Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэзыдэнты Польшчы, Ізраілю, Украіны, і віцэ-прэзыдэнт ЗША прыляцелі ў Кракаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы скончылася падрыхтоўка да сьвяткаваньня угодкаў выхваленьня канцлягэру Аўшвіц-Біркэнаў. У Кракаў ужо прыехалі першыя з больш чым сарака кіраўнікоў дзяржаваў і каранаваных асобаў, якія возьмуць удзел у заўтрашніх урачыстасьцях у Асьвенціме.

Прэзыдэнты Польшчы, Ізраілю, Украіны, а таксама віцэ-прэзыдэнт ЗША першымі прыляцелі сёньня апоўдні ў Кракаў, каб узяць удзел у мерапрыемствах, прысьвечаных 60-м угодкам вызваленьня канцлягеру ў Асьвенціме.

Аляксандар Квасьнеўскі сустрэўся сёньня ўвечары з Віктарам Юшчанкам, Дзікам Чэйні і Уладзімерам Пуціным.

У Польшчы ўпершыню ў гісторыі сустракаюцца адразу столькі кіраўнікоў дзяржаваў, а агулам у сьвяткаваньні угодкаў вызваленьня лягеру возьмуць удзел каля 10 тысячаў чалавек, сярод якіх вэтэраны – удзельнікі вызваленьня і больш за паўтары тысячы журналістаў з усяго сьвету.

“Гэтае мерапрыемства, акрамя іншага, дапаможа захаваць памяць, каб ніхто не сумняваўся ў тым, хто распачаў тую вайну і хто зрабіў найвялікшы ўнёсак у вызваленьне сьвету ад фашызму”, – заявіў напярэдадні прэзыдэнт Квасьнеўскі.

Беларускую дэлегацыю ў Асьвенціме будзе ўзначальваць Генадзь Навіцкі. Усе астатнія краіны-суседзі Польшчы будуць прадстаўляць прэзыдэнты, а Літву – прэм’ер-міністр.
XS
SM
MD
LG