Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За распаўсюд каляндарыкаў Радыё Свабода сябры БНФ атрымалі папярэджаньні


Браніслава Станкевіч, Віцебск Спадары Токараў ды Горны былі затрыманыя на Пляцы Волі ў Віцебску 28-га сьнежня мінулага году. Амаль праз два месяцы раённыя адміністрацыйныя камісіі разгледзелі справы і вынесьлі папярэджаньні.

Кіраўнік віцебскай гарадзкой арганізацыі Уладзіслаў Токараў, справу якога разглядала адміністрацыйная камісія Першамайскага раёну, з вынесеным яму пакараньнем нязгодны. На ягоную думку, папярэджаньне вынесенае яму незаконна, але яго ўсьцешыла тое, што частка сябраў камісіі была на ягоным баку.

(Токараў: ) “Меркаваньні падзяліліся: адны былі за тое, каб даць мне самае строгае пакараньне – самае вялікае грашовае спагнаньне. Іншыя былі толькі за папярэджаньне. Разгарэлася спрэчка, і, што цікава, старшыня камісіі Жанна Мацкевіч, пачуўшы, што я размаўляю па-беларуску, таксама перайшла на беларускую мову”.

Паводле меркаваньня Ўладзіслава Токарава, нават дзяржаўныя службоўцы сёньня разумеюць, што на Беларусі вельмі цяжка распаўсюджваць інфармацыю, калі яна сыходзіць не зь дзяржаўных крыніцаў.

А вось ягоны аднапартыец Кастусь Горны, справу якога разглядала камісія Кастрычніцкага раёну, адзначыў, што да яго ў часе пасяджэньня паставіліся зусім па-іншаму. Асабліва турбавала сябраў камісіі тое, што нават у самім будынку райвыканкаму час ад часу зьяўляюцца апазыцыйныя ўлёткі.

(Горны: ) “Мне абвясьцілі папярэджаньне за распаўсюд улётак 28-га сьнежня, і яшчэ больш строга папярэдзілі з тае нагоды, што цяпер і ў будынку раённае адміністрацыі зьявіліся такія ўлёткі. А я думаю, што гэта карысна – няхай чытаюць ды ведаюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG