Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Б.Бяспалы: “Украіна дапамагае беларусам сваім прыкладам”


Паўло Зубюк, Кіеў Апошнія зьнешнепалітычныя заявы новага прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі адносна сытуацыі ў Беларусі беларускай “Свабодзе” камэнтуе актыўны ўдзельнік аранжавай рэвалюцыі, старшыня камітэту Вярхоўнай Рады ў справе дзяржаўнага будаўніцтва і самакіраваньня Барыс Бяспалы.

Дэпутат Вярхоўнай Рады Барыс Бяспалы лічыць, што Ўкраіна вымушаная будаваць добрасуседзкія адносіны з суседзямі, у тым ліку і з аўтарытарнымі рэжымамі:

(Бяспалы: ) “Асабліва паказальным зьяўляецца тое, што першы візыт новага прэзыдэнта Ўкраіны быў у Маскву. Гэтым было прадэманстравана тое, што добрасуседзтва для Ўкраіны зьяўляецца высокім прыярытэтам. Вядома, сёньняшняя Расея зьяўляецца недэмакратычнай, аўтарытарнай краінай – аднак гэта не замінае добрасуседзкім адносінам, тое ж тычацца і Беларусі.”

Тым ня менш, спадар Бяспалы перакананы, што паўнавартасныя адносіны дэмакратычнай Украіны з аўтарытарным рэжымам у Менску немагчымыя.

(Бяспалы: ) “Для паўнавартаснага супрацоўніцтва ва ўсіх сфэрах перашкодай зьяўляецца тое, што Беларусь, шчыра кажучы, зьяўляецца недэмакратычнай дзяржавай, і менавіта пазыцыя беларускага кіраўніцтва, ягоная замкнёнасьць зьяўляецца перашкодай.”

Адказваючы на пытаньне, якім чынам Украіна можа дапамагчы разьвіцьцю беларускай дэмакратыі, дэпутат зазначыў, што найперш да дэмакратыі беларусы павінны імкнуцца самі, і Ўкраіна можа быць для іх добрым узорам.

(Бяспалы: ) “Я лічу, усе пагодзяцца, што правы чалавека, грамадзяніна – гэта не ўнутраная справа дзяржавы.Чым Украіна дапамагае беларускай дзяржаве – гэта ўласным прыкладам. Па меры павышэньня ўзроўню жыцьця гэты прыклад будзе яшчэ больш пазытыўным. Інфармацыйная прастора ў нас шмат у чым перасякаецца.”
XS
SM
MD
LG