Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта чакаць абвастрэньня стасункаў паміж Беларусьсю і ЗША?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 26 студзеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і журналіст газэты “Белорусский рынок” Марыя Садоўская.

(Валер Карбалевіч: ) “У новым годзе паміж Менскам і Вашынгтонам чарговым разам узьнікла напружаньне. У сваім выступе перад Сэнатам кандыдат на пасаду дзяржсакратара ЗША Кандаліза Райс назвала шэсьць дзяржаваў, якія, на яе думку, зьяўляюцца фарпостамі тыраніі. Гэта Куба, Бірма, Паўночная Карэя, Іран, Беларусь і Зымбабвэ. Шмат хто зьвярнуў увагу на зьяўленьне ў гэтым шэрагу Беларусі. Калі некаторы час назад прэзыдэнт Буш вызначаў амэрыканскіх ворагаў, якія ўваходзяць у так званую вось зла, то Беларусь там не фігуравала. А цяпер яна зьявілася ў якасьці фарпосту тыраніі. Здавалася б, беларускі рэжым яшчэ ня самы тыранічны ў сьвеце, хоць апошнім часам тэндэнцыя ў гэтым кірунку даволі выразная. Чаму ўсё ж Кандаліза Райс паставіла Беларусь у гэты шэраг?”

(Андрэй Фёдараў: ) “Мне падаецца, што гэта зьвязана з прыняцьцём ЗША адносна нядаўна “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”. Сапраўды, Беларусь не зьяўляецца такой ужо тыранічнай дзяржавай, як, напрыклад, той жа Туркмэністан. Але адносна Туркмэністану ў ЗША ніякіх актаў не прымалася. А вось “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” ёсьць. Таму Райс павінна была неяк улічваць гэтыя абставіны. Гэтым, здаецца, і тлумачыцца ўключэньне Беларусі ў той шэраг, які адзначыла Кандаліза Райс”.

(Марыя Садоўская: ) “Як тлумачылі афіцыйныя прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША, гэты сьпіс дзяржаваў зьяўляецца не эксклюзіўным, але рэпрэзэнтатыўным. Кандаліза Райс пералічвала “прыгнечаныя народы” на розных кантынэнтах, якім ЗША гатовая дапамагчы. І ў Эўропе Беларусь апынулася самай рэпрэзэнтатыўнай, нават няма з кім параўноўваць.

Неправамерна адносіць Беларусь да восі зла. “Фарпосты тыраніі”, у інтэрпрэтацыі Кандалізы Райс, гэта ня тое ж самае, што вось зла. Усе экспэрты лічаць, што гэта шэраг краінаў, якія ЗША хацела б бачыць свабоднымі й пашырыць амэрыканскі ўплыў. І Беларусь тут прысутнічае як краіна, палітыка, стан свабоды ў якой раздражняе ЗША.

Дарэчы, тыраніяй Беларусь упершыню была названая Міжнароднай лігай абароны правоў чалавека ў 2000 годзе, калі гэтая арганізацыя прадстаўляла справаздачу аб зьнікненьні тут палітыкаў. Пасьля гэтага беларускі рэжым называлі тыраніяй і амэрыканскія журналісты, і некаторыя іншыя арганізацыі. Таму цяпер Кандаліза Райс скарыстала гэты тэрмін, каб яшчэ раз падкрэсьліць сытуацыю тут з правамі чалавека. Трэба дадаць, што Кандаліза Райс — былы “саветоляг”. Яна добра ведае спэцыфіку рэгіёну Ўсходняй Эўропы, постсавецкай прасторы. Таму, магчыма, ейны прыход на пасаду дзяржсакратара прынясе больш плёну нашаму рэгіёну”.

(Фёдараў: ) “Яшчэ трэба дадаць, што адрозна ад свайго папярэдніка Паўэла, Райс лічыцца больш жорсткім палітыкам. І таму, магчыма, палітыка ЗША ў дачыненьні да Беларусі будзе больш актыўнай”.

(Карбалевіч: ) “Цікава, што прадстаўнік МЗС Беларусі, у адказ на заяву Кандалізы Райс, сказаў, што яна недасьведчаная, дрэнна ведае пра сытуацыю ў Беларусі. Але якраз у дачыненьні да яе гэты папрок несправядлівы”.

(Садоўская: ) “Наадварот, былы настаўнік Кандаліза Райс адзначыў адну зь яе хібаў: яна добра ведае Расею, рэгіён СНД, але ня вельмі добра арыентуецца ва ўсім астатнім сьвеце”.

(Карбалевіч: ) “Заява Кандалізы Райс выглядае тым больш важкая на фоне таго, што прэзыдэнт Джорж Буш падчас інаўгурацыі акцэнтаваў увагу на намер ЗША актыўна ажыцьцяўляць амэрыканскую місію і несьці свабоду прыгнечаным народам. Што гэта можа азначаць для Беларусі?”

(Фёдараў: ) “Выступы Кандалізы Райс і Джорджа Буша варта параўнаць. Праўда, прэзыдэнт ЗША ня згадваў Беларусь. Але ў ягоным выступе ня згадваўся нават Ірак. Але Буш ужыў шмат разоў слова “свабода”. Гэта азначае, што цяпер ЗША будуць надаваць шмат увагі ня толькі змаганьню з тымі краінамі, якія зьяўляюцца, у ягоным уяўленьні, амэрыканскімі ворагамі і нясуць непасрэдную фізычную пагрозу Злучаным Штатам, але і з тымі рэжымамі, якіх яны лічаць недэмакратычнымі.

Гэта, магчыма, будзе другім галоўным кірункам вашынгтонскай адміністрацыі ў другі тэрмін прэзыдэнцтва Буша. У прамове Кандалізы Райс былі згаданыя такія краіны, як Куба, Зымбабвэ, Бірма, якія ніколі не ўваходзілі ў так званую вось зла. Таму гэта акрэсьленьне новых акцэнтаў замежнай палітыкі адміністрацыі Буша на будучыя чатыры гады.

Таму можна чакаць узмацненьня нейкага палітычнага ціску на Беларусь. Думаю, што да эканамічных санкцыяў справа ня дойдзе. Можа быць павялічана падтрымка апазыцыі ў адпаведнасьці са згаданым “Актам аб дэмакратыі ў Беларусі”.

(Садоўская: ) “Віцэ-прэзыдэнт ЗША Чэйні адзначаў, што прэзыдэнт Буш абавязаў яго “забясьпечыць, каб мы не праводзілі перамоваў ні з адной тыраніяй сьвету. Мы не вядзем перамоваў са злом; мы яго перамагаем”. Ня трэба ўспрымаць гэта вельмі апакаліптычна. Але гэта азначае, што ніякіх сур’ёзных двухбаковых перамоваў зь Беларусьсю ЗША весьці ня будуць. Таксама вядома, напрыклад, што ЗША адмаўляюцца весьці двухбаковыя перамовы з Паўночнай Карэяй, а толькі шасьцібаковыя. І калі беларускі рэжым ня зробіць вельмі істотных крокаў да дэмакратыі, то ЗША ня будуць весьці зь ім перамовы, будуць яго ігнараваць, ладзіць санкцыі супраць вышэйшых чыноўнікаў, падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць і тыя сілы, якія імкнуцца да дэмакратызацыі краіны”.

(Карбалевіч: ) “То бок, ніякіх новых крокаў адносна Беларусі, акрамя тых, якія ўжо зробленыя, ЗША рабіць не зьбіраюцца”.

(Фёдараў: ) “Магу сказаць толькі адно: ніякіх баявых дзеяньняў у дачыненьні да Беларусі ЗША рабіць не зьбіраюцца”.

(Карбалевіч: ) “Рэакцыя беларускага боку на заявы амэрыканскіх лідэраў была нэгатыўнай. Калі прадстаўнік МЗС досыць дыпляматычна абверг заяву будучага дзяржсакратара ЗША, то Лукашэнка зрабіў гэта, як ён часта робіць, у брутальнай форме. Ён сказаў: “Хапілі крыві, вочы наліліся крывёю, як у быка, і яны ўжо гатовыя штосьці несьці ўсяму сьвету”. Можна таксама згадаць фільм “Фарэнгайт 9/11”, паказаны беларускім телебачаньнем за два дні да інаўгурацыі Буша. Як бы вы маглі гэта пракамэнтаваць?”

(Фёдараў: ) “Нічога асабліва новага тут няма. Такая рэакцыя тыповая, яна была заўсёды, калі ЗША выказвалі крытыку альбо ладзілі ціск у дачыненьні Беларусі. Нічога іншага нельга было чакаць. Я ня думаю, што ў адказ на амэрыканскія захады, Беларусь зьдзейсьніць нейкія дзеяньні. Цяжка ладзіць нейкія наступальныя дзеяньні супраць першай дзяржавы ў сьвеце. Але калі ЗША пачнуць рэалізоўваць “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, тады, магчыма, афіцыйны Менск будзе нешта рабіць у адказ. Магчыма, гэта будзе больш моцны наступ на беларускую грамадзянскую супольнасьць, апазыцыю, незалежныя СМІ”.

(Садоўская: ) “Тое, як адрэагаваў беларускі бок, яшчэ раз сьведчыць, што Кандаліза Райс мела рацыю, уключаючы Беларусь у гэты сьпіс разам з Кубай і Зымбабвэ. Таму што, напрыклад, на Кубе фільм “Фарэнгайт 9/11” быў даўно паказаны ў прайм-тайм па ўсіх тэлеканалах, якія там існуюць. А прадстаўнік ураду Зымбабвэ ў адказ на заяву Райс назваў яе “фашысткай” і сказаў, што ЗША зьбіраюцца весьці вайну супраць ягонай краіны. Таму ў шэрагу гэтых краінаў беларуская рэакцыя была нават мяккай.

Сапраўды, гэта звычайная рэакцыя афіцыйнага Менску, які заўсёды падкрэсьлівае хібы тых, хто яго крытыкуе, але адмаўляецца заўважаць уласныя. Магчыма, своеасаблівым адказам на гэтыя заявы можна лічыць зьмену кіроўнага складу КГБ, узмацненьне ціску на грамадзянскую супольнасьць. Аб’ектыўна такі ціск усё роўна будзе большы, таму што набліжаецца час наступных прэзыдэнцкіх выбараў. І натуральна, ЗША будзе падтрымліваць тых, хто змагаецца з рэжымам. А рэжым будзе змагацца з тымі, каго падтрымлівае Злучаныя Штаты”.

(Карбалевіч: ) “Такі чынам, можна прагназаваць, што “халодная вайна” паміж Беларусьсю і ЗША будзе працягвацца. І чым больш беларускі палітычны рэжым будзе эвалюцыянаваць у бок жорсткасьці, тым больш будзе нарастаць напружаньне ў дачыненьнях паміж Менскам і Вашынгтонам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG