Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салігорскія дэмакраты актывізуюцца


Міхал Стэльмак, Менск У Салігорску створаная Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў, якая ставіць на мэце згуртаваньне апанэнтаў дзейнай улады напярэдадні чарговых прэзыдэнцкіх выбараў. Як прагучала на арганізацыйным сходзе, зьяўленьне новай структуры выкліканае цяперашняй палітычнай сытуацыяй.

Пасьля леташніх парлямэнцкіх выбараў у Салігорску назіраецца спад палітычнай актыўнасьці. Між тым, набліжэньне прэзыдэнцкай кампаніі, на думку мясцовых дэмакратаў, патрабуе пераадоленьня палітычнай апатыі.

Гаворыць намесьнік старшыні салігорскай філіі Беларускай сацыя-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Андрэй Казановіч:

(Казановіч: ) “Мы пайшлі такім шляхам, мы стварылі такую кааліцыю для таго, падрыхтавацца да прэзыдэнцкіх выбараў. Мы хочам згуртаваць людзей, якія будуць нас падтрымліваць. Мы будзем працаваць на таго чалавека, які будзе фаварытам у суперніцтве з Лукашэнкам. Гэта патрэбна рабіць як мага хутчэй. І чым раней мы гэта пачнем, тым будзе лепей”.

Паводле лідэра салігорскай філіі Партыі камуністаў Беларускай Казімера Кавецкага, толькі аб’яднаная апазыцыя можа дамагчыся пастаўленых палітычных мэтаў, у тым ліку ў асобным рэгіёне.

Каардынацыйная рада прыняла заяву, у якой гаворыцца пра неабходнасьць выкарыстаньня апазыцыйнага досьведу ўдзельнікаў “аранжавай рэвалюцыі” ва Украіне і руху “Салідарнасьць” у Польшчы. Гаворыць каардынатарка салігорскага Жаночага руху Ларыса Насановіч:

(Насановіч: ) “Я вывучала досьвед польскай “Салідарнасьці” ў Польшчы і лічу, што гэты досьвед найбольш прымальны ў нашай Беларусі. Каб дамагчыся рэальных вынікаў у змаганьні з рэжымам, і выйсьці пераможцамі, мы мусім аб’яднаць вакол сябе людзей, якія ўнутрана жадаюць пераменаў у краіне. Мы спадзяемся, што гэты ўнутраны пратэст выявіць сябе. Трэба, каб гэтыя людзі адчулі локаць адзін другога. Салігорск заўжды “грымеў” у Беларусі як горад-ініцыятар дэмакратычных пераменаў. Мы хочам вярнуць Салігорску рэпутацыю сьмелага і рашучага гораду”.
XS
SM
MD
LG