Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Камісар Эўразьвязу: Пытаньне ўступленьня Ўкраіны ў ЭЗ на парадку дня не стаіць


Юры Дракахруст, Прага Камісар Эўразьвязу ў зьнешніх стасунках Бэніта Фэрэра-Вальднэр лічыць, што аб’яднаная Эўропа павінна супрацьдзейнічаць спробам Расеі ўсталяваць свой кантроль над суседнімі краінамі, прынамсі, над Украінай і дзяржавамі Паўдзённага Каўказу. Яна падкрэсьліла, што Эўразьвяз праводзіць палітыку ўмацаваньня сувязяў са сваімі новымі суседзямі. Разам з тым Фэрэра-Вальднэр заявіла, што пытаньне пра сяброўства Ўкраіны ў Эўразьвязе не стаіць у парадку дня.

Перамога Віктара Юшчанкі ва Ўкраіне паставіла Эўразьвяз у складанае становішча – ён апынуўся з аднаго боку пад ціскам лідэраў такіх краінаў, як Украіна і Грузія, лідэры якіх дамагаюцца больш шчыльных адносінаў з Эўразьвязам, а з другога боку – нежаданьня канчаткова сапсаваць адносіны з Расеяй.

Гэтыя складаныя дылемы знайшлі адлюстраваньне падчас учорашняга выступу Бэніты Фэрэра-Вальднэр у міжнароднай камісіі Эўрапарлямэнту.

Камісар Эўразьвязу ў зьнешніх стасунках заявіла, што Расея не павінна разглядаць Эўрапейскую палітыку супрацоўніцтва з новымі суседзямі як спробу зьменшыць расейскі ўплыў у гэтых краінах.

(Фэрэра-Вальднэр: ) “Мы былі сьведкамі зьяўленьня больш пэўнай і наагул – больш дакладна сфармуляванай расейскай палітыкі адносна дзяржаваў СНД. Нашая мэта – паспрабаваць зьмяніць рух Расеі да блёкавага мысьленьня. Я мяркую, што наш прыярытэт палягае ў тым, каб знайсьці шлях пераадоленьня вельмі абарончай пазыцыі Расеі і асабліва яе ідэі, што краіны СНД нічога не выйграюць ад супрацоўніцтва з Эўразьвязам. Трэба быць здольнымі рэалізаваць нашыя памкненьні ў межах Эўрапейскай палітыкі суседзтва, якая распаўсюджваецца як на Ўкраіну, гэтак жа на Малдову і на Беларусь”.

Тут варта прыгадаць, што летась прадстаўнікі Эўразьвязу неаднаразова заяўлялі, што праграма “Новае суседзтва”, прынятая пасьля пашырэньня Эўразьвязу, ня будзе распаўсюджаная на Беларусь з прычыны характару беларускай улады.

Пасьля кастрычніцкага рэфэрэндуму тагачасны камісар Зьвязу ў пытаньнях пашырэньня Гюнтэр Фэргойген заяўляў, што “ў цяперашніх умовах ня можа быць аніякага пляну дзеяньняў у межах гэтай праграмы для Беларусі”.

Аднак склад кіраўніцтва Эўракамісіі – кіруючага органу Зьвязу зьмяніўся, і новы камісар Фэрэра-Вальднэр гаворыць пра Беларусь, як пра ўдзельніцу гэтай праграмы “Новае суседзтва”. Праўда, сказана гэта было ў кантэксьце гутаркі пра стаўленьне Расеі да гэтай праграмы.

Фэрэра-Вальднэр выказала меркаваньне, што дамагчыся больш прыхільнага стаўленьня Масквы да праграмы Эўразьвязу “Новае суседзтва” можна паспрабаваць у межах АБСЭ, якая ёсьць зручным форумам для абмеркаваньня праблемаў Расеі ім яе суседзяў.

Дэманструючы намер Эўразьвязу пераадолець незадавальненьне Расеі праграмай “Новае суседзтва” Фэрэра-Вальднэр разам з тым даволі стрымана выказалася наконт пэрспэктываў Украіны далучыцца да аб’яднанай Эўропы.

Яна сказала, што Зьвяз пакуль не “пераварыў” 10 новых сябраў, прынятых летась. Фэрэра-Вальднэр дадала, што Эўразьвяз не гатовы прапанаваць Украіне нічога большага, чым прыгаданая праграма “Новае суседзтва”.

Паводле прэсавай сакратаркі Эўракамісіі, гэты кіруючы орган Зьвязу зараз ня мае нават ніякага меркаваньня, ці ёсьць Украіна эўрапейскай краінай.
XS
SM
MD
LG