Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Як жылі б беларусы, калі б прэзыдэнтам стаў Зянон Пазьняк?”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Агляд пошты Беларускай Свабоды пачну зь ліста ад Алеся Марціновіча з Баранавічаў. Назіраючы за падзеямі ва Ўкраіне, слухач спрабуе адказаць на пытаньне: пры якіх умовах падобныя зьмены магчымыя ў Беларусі?

“Ці прыдатныя для перамогі над Лукашэнкам — гэтым самаўладным валадаром у росквіце сіл і ў выдатнай спартыўнай форме — намэнклатурныя дзядулі з ранейшай бюракратыі (Домаш, Ганчарык, Марыніч)? — задае ў сваім лісьце на Свабоду пытаньне Алесь Марціновіч. І сам жа адказвае на яго: — Глебу для раскруткі беларускага Юшчанкі трэба рыхтаваць увесь 2005 год, а раскручваць у 2006-м. Пікавы момант рэвалюцыі можа прывесьці да перамогі ўвосень 2006-га тады, калі на вуліцы Менску выйдуць тысяч сто і болей людзей — як адзіны аргумэнт супраць махляроў з акруговых камісіяў (асабліва ў правінцыі).

У сваім лісьце Алесь Марціновіч таксама аналізуе шанцы на посьпех розных апазыцыйных лідэраў. Шанцы Міхаіла Марыніча, Вінцука Вячоркі і Анатоля Лябедзькі слухач расцэньвае як нязначныя. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Сур’ёзна трэба паставіцца да варыянту Андрэя Клімава, паколькі ён не абцяжараны вузкапартыйнай ідэалягічнай дагматыкай і тыпалягічна найбольш блізкі да актыўнага гарадзкога насельніцтва. Можна разглядаць і варыянт каманды, калі кандыдат у прэзыдэнты адразу будзе ангажаваны с кабінэтам міністраў ды іншымі (дзяржбанк, КГБ, сілавікі). Адзін яркі палітык — прэм’ер, другі — міністар і гэтак далей.А піяраўскі расклад можа быць такім: прыемны ўсім інтэлігентны харызматык Андрэй Клімаў ідзе ў бой за мадэрнісцкія каштоўнасьці XXI стагодзьдзя супраць саўковага ўзурпатара і азіяцкага атамана-гарлахвата. Харызма цывілізацыі супраць саўковай вёскі. Калі ж актыўнасьць пратэставага патэнцыялу жыхароў Менску будзе слабой для 100-тысячных мітынгаў, тады трэба паднімаць справу валютай, дапамогай Захаду. У кожным разе, усёй апазыцыі трэба стваральна будаваць у 2005 годзе падмурак, базіс, інфраструктуру будучай перамогі, каб ракетай узьляцець у 2006 годзе”, — гэтак лічыць наш сталы слухач і аўтар з Баранавічаў Алесь Марціновіч.

Відавочна, спадар Марціновіч, магчымыя розныя варыянты падзеяў, у тым ліку і той, які падаецца найбольш блізкім вам. Праўда, мала падобна на тое, што супярэчлівая асоба Андрэя Клімава, які апошнім часам заняты ня столькі арганізатарскай дзейнасьцю, колькі палітычнай бэлетрыстыкай, здольная аб’яднаць разрозьненую беларускую апазыцыю. Ня думаю таксама, што вырашальную ролю ў дэмакратычных зьменах у Беларусі могуць адыграць замежныя грошы — зь якога боку яны б ні паступалі. Пакуль жаданьне гэтых зьменаў ня высьпее ў самім грамадзтве, пакуль дзясяткі тысяч людзей ня выйдуць на плошчу, пакліканыя самаахвярным грамадзянскім памкненьнем (а яно за грошы не прадаецца і не купляецца) — любыя аплачаныя прапагандысцкія заклікі бездапаможныя.

Ліст ад Міхаіла Краўчанкі зь Менску. Слухач піша:

“На выбарах і рэфэрэндумах я заўсёды галасую за Лукашэнку. Лічу, што гэта моцны палітык, які вядзе Беларусь правільнай дарогай — не дае спуску алігархам і прыхватызатарам, дапамагае бедным, не дапускае вялікага сацыяльнага расслаеньня. Вось толькі не падтрымліваю яго ў тым, што ён заахвочвае розных падхалімаў, зьнішчыў свабоду друку. У выніку чытаць дзяржаўныя газэты і глядзець Беларускае тэлебачаньне практычна немагчыма — адразу засынаеш ад суму. Няўжо ён, такі таленавіты, магутны палітык, у якога фактычна няма і ня можа быць канкурэнтаў, баіцца розных меркаваньняў і крытыкі? Гэта ж было б толькі на карысьць яму: паказала б усю слабасьць яго канкурэнтаў, пераканала б міжнародную супольнасьць у тым, што ніякі ён не дыктатар, а цывілізаваны дэмакратычны прэзыдэнт, які не баіцца крытыкі, бо яго падтрымлівае большасьць народу. Пра гэта я напісаў у некалькі дзяржаўных газэтаў, але ніводная зь іх мой ліст чамусьці не надрукавала”.

А вы не задумваліся над тым, спадар Краўчанка, што, магчыма, асоба Аляксандра Лукашэнкі і падаецца вам такой незаменнай і прыцягальнай, што іншых палітыкаў вы проста ня ведаеце, бо ня маеце магчымасьці бачыць іх па тэлебачаньні і чуць па радыё? Дык, можа, дзеля таго, каб падтрымліваць у вас і ў тысячах іншых людзей гэтую ілюзію і не дапускае ўлада таго, што і вам, і любому разважліваму чалавеку падаецца такім натуральным — свабоды інфармацыі, меркаваньняў і думак у газэтах, на тэлебачаньні і радыё?

Ліст ад Юрася Навіцкага зь Менску:

“Дзякуй вам за “Быкава на Свабодзе”, за іншыя літаратурныя ды гістарычныя чытаньні, а таксама за “Real Аge”, за навіны. Слухаючы вас з сярэдзіны 1970-х, прызвычаіўся, як да родных. Нават асабіста знаёмы з трыма супрацоўнікамі. Апошнія восем год слухаў вас, за рэдкім выключэньнем, штодня. Дзеля гэтага даводзілася выкарыстоўваць і самаробныя прыймачы, і шматлікія лямпавыя радыёлы, і ВЭФы, а таксама “Сьпідолу”, “Акіян”, “Ленінград”, сучасныя прыймачы кітайскай вытворчасьці… Сёньня я ў Магілёве, таму давялося ўзяць з сабой кампактны кітайскі прыймач “R-305”, які зручны ў дарозе. Нельга сказаць, што прыём на кароткіх хвалях вельмі якасны ці ўстойлівы, альбо што лёгка знайсьці хвалю. Але ж, маючы крыху цярплівасьці і ня вельмі шкадуючы слых, неабходную інфармацыю атрымаць магчыма”.

У сваім лісьце на Свабоду Юрась Навіцкі таксама разважае пра масавасьць апазыцыйных акцыяў. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Хачу давесьці нашым палітыкам: здаецца, людзей на акцыях стала менш таму, што пра іх падаецца мала інфармацыі. Калі мы з жонкай пачулі па “Свабодзе” (і прачыталі ў “Народнай Волі”) пра акцыю 10 сьнежня, то разам прыйшлі на яе. Пра іншыя даведваесься па “Свабодзе” ці ў незалежнай прэсе, калі яны ўжо адбыліся. Прыкладам, мы з жонкай паехалі б назіральнікамі ва Ўкраіну (якраз маем досьвед), але ня ведалі, куды зьвярнуцца. Так і рэвалюцыя адбудзецца, а мы даведаемся пра яе позна і ня зможам узяць удзелу.

Трэба памятаць, што “Свабода” для многіх слухачоў — адзіная крыніца інфармацыі. Бо што газэты? Пойдзеш у кіёск, а там добрай газэты то ня хопіць, а то яна ня выйшла. Дарэчы, усю вольную прэсу я ўжо шмат год чытаю рэгулярна і магу ўпэўнена сказаць: падзеі там апісваюцца пастфактум. Абвестак жа пра будучыя акцыі недапушчальна мала. Калі плянуецца легальная акцыя, трэба максымальна выкарыстоўваць усе мэдыі. Ліст дасылаю зь Менску, бо магілёўцы кажуць, што цяпер ня ўсе лісты даходзяць на “Свабоду”. І ня толькі з Магілёва”.

І вам, спадар Навіцкі, і многім іншым слухачам, якія цікавяцца палітычнымі падзеямі і займаюць актыўную грамадзянскую пазыцыю, варта памятаць: Свабода не абслугоўвае ніякія палітычныя партыі і рухі, і тым больш не займаецца арганізатарскай дзейнасьцю ў інтарэсах якіх бы то ні было грамадскіх сілаў. Мы хочам, каб з дапамогай нашага радыё людзі ведалі поўную і праўдзівую інфармацыю пра ўсё, што адбываецца ў Беларусі і вакол яе. Бо, ня маючы такіх зьвестак, грамадзтва ня здольнае адэкватна ацэньваць сытуацыю і самастойна прымаць правільныя рашэньні. Што да масавых акцыяў, то тое, ці пойдуць на іх людзі — праблема і клопат арганізатараў, а ня нашага радыё. Мы ж са свайго боку абяцаем, што нашы журналісты заўсёды будуць тады і там, дзе адбываюцца любыя грамадзка значныя падзеі, каб своечасова і поўна паведаміцьь пра іх вам, нашым слухачам.

На заканчэньне ліст-прапанова ад нашага пастаяннага слухача і аўтара, афіцэра ў адстаўцы Міколы Канаховіча з Пружанаў. Ён піша:

“Някепска было б, каб сёлета “Свабода” падрыхтавала цыкль перадачаў пад умоўнай назвай “Што было б, калі б…”. Асабіста мне цікава, якое сёньня ў нашай краіне было б палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, культурнае становішча, калі б у 1994 годзе прэзыдэнтам краіны стаў Зянон Пазьняк. Я разумею: каб даць больш-менш дакладны адказ на гэтае складанае пытаньне, патрэбны меркаваньні, доказы вядомых і паважаных спэцыялістаў. Думаю, гэтая тэма вельмі зацікавіла б наш народ”.

На гэтую тэму, спадар Канаховіч, магчымыя толькі фантазіі, але ніяк не аналітыка. Хтосьці скажа, што з Пазьняком Беларусь стала б такой, як Польшча з Валэнсам, а хтосьці прывядзе прыклад Гамсахурдзіі ў Грузіі. І ў аднаго, і ў другога, па сутнасьці, аднолькава слабыя аргумэнты. Дзеля таго, каб сур’ёзна аналізаваць, няма ніякіх падставаў і фактаў. Зянон Пазьняк ніколі ня быў пры ўладзе, а праграмы ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты неблагія: усе палітыкі заўсёды абяцалі і абяцаюць усеагульны росквіт, дабрабыт і мір. Але гісторыя, на жаль, ня ведае ўмоўнага ладу.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG