Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 26 студзеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 26 студзеня.

“Звязда”, 1935 год:

“Ад Цэнтральнага Камітэта Усесаюзнай Комуністычнай партыі (большэвікоў). ЦК ВКП (большэвікоў) з вялікім жалем паведамляе партыю, рабочы клас, усіх працоўных нашай краіны і ўсяго свету, што 25 студзеня 1935 года ў 14 гадзін 30 мінут памёр ад склероза сэрца член Палітбюро ЦК ВКП(б), намеснік старшыні Соўнаркома СССР і старшыня камісіі советскага кантроля пры Соўнаркоме СССР тав. Валер’ян Владзіміравіч Куйбышэў… Бязмерная адданасць партыі, самаахвярная, нястомная работа на карысць працоўных Валер’яна Владзіміравіча Куйбышэва будуць служыць прыкладам для мільёнаў пролетарыяў і працоўных у іх вялікай барацьбе за таржаство комунізма”.

“Сталинская молодежь”, 1955 год:

“Маючы на ўвазе ўмацаваньне і разьвіцьцё сяброўскіх дачыненьняў паміж Савецкім Саюзам і Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай, заснаваных на прызнаньні прынцыпаў сувэрэнітэту і роўнасьці правоў, прымаючы на ўвагу меркаваньне Ўраду ГДР і ўлічваючы інтарэсы насельніцтва як Усходняй, так і Заходняй Германіі, Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету СССР гэтым Указам аб’яўляе: 1. Стан вайны паміж Савецкім Саюзам і Германіяй спыняецца і паміж імі наладжваюцца мірныя адносіны”.

“Добры вечар”, 1995 год. Да гадавіны са дня сьмерці А.Адамовіча Ларыса Коктыш:

“Развітваючыся з Алесем Адамовічам, Праваслаўная царква аддала яму — пісьменьніку, вучонаму, грамадзяніну, палітычнаму дзеячу — самыя высокія ўшанаванні: літыю па нябожчыку адслужыў патрыяршы Экзарх Усея Беларусі мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. І развітальнае слова Уладыкі ўмясціла ў сябе ўсё значэнне гэтай незвычайнай і маштабнай асобы, яго высокую місію на Зямлі. “І калі да гэтага часу яшчэ не абрынуўся свет, дык гэта толькі дзякуючы таму, што не перавяліся пакуль на зямлі праведнікі, якім быў Алесь Адамовіч”, — казаў Уладыка”.
XS
SM
MD
LG