Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўсталююць намёт з Майдану Незалежнасьці


Любоў Лунёва, Менск У Менск вярнуліся актывісты апазыцыйных партыяў, якія з 22 лістапада знаходзіліся ў Кіеве на Майдане Незалежнасьці. Яны прывезьлі з сабой намёт, які ім урачыста ўручылі ўкраінскія апазыцыянэры.

На Майдане Незалежнасьці сярод дзясяткаў іншых стаяў намёт пад бел-чырвона-белым сьцягам. Такі ж сьцяг увесь час знаходзіўся побач з украінскім над камэндатурай так званага нулявога пэрымэтру намётавага мястэчка. Каля двух сотняў чалавек зь Беларусі бралі ўдзел у акцыях украінскай апазыцыі. Валянцін Баранаў больш за месяц знаходзіўся на Майдане Незалежнасьці, начаваў у намёце.

(Баранаў: ) “Ні халады, ні маразы, ні вецер не спынілі жаданьня беларусаў знаходзіцца да канца на майдане на Крэшчаціку побач з братамі-ўкраінцамі. Побач з намі таксама быў грузінскі намёт, з Польшчы. Напрыканцы зьявіўся намёт апазыцыянэраў з Узбэкістану. Але з Расеі там не было нікога. Беларусы прыстойна несьлі варту, ахоўвалі гарадок. Беларусы паказалі тое, што яны ёсьць, паказалі, што зьяўляюцца прыхільнікамі дэмакратычнага разьвіцьця нашай беларускай дзяржавы”.

Пасьля інаўгурацыі Віктара Юшчанкі намётавае мястэчка згарнулі і ўсе разьехаліся па дамах. Перад ад’ездам Валянціну Баранаву ўручылі маленькі намёт з аранжавымі надпісамі. Той, у якім жылі беларусы, украінскі аргкамітэт вырашыў зьмясьціць у музэі памаранчавай рэвалюцыі. Гаворыць Валянцін Баранаў:

(Баранаў: ) “Мы атрымалі ў падарунак ад сяброў-украінцаў маленькі намёт. Той, у якім мы жылі, застаўся ў музэі памаранчавай рэвалюцыі, а маленькі намёт я прывез сёньня раніцай у Менск. Мы яго абавязкова ўсталюем у нашай сталіцы. Дзе? Калі? Мы дадаткова потым скажам прэсе, бо ведаем лёс намёту, які ўсталявалі ў Бішкеку ў Кіргізіі. Ён пратрымаўся там толькі дзьве гадзіны. Я мяркую, што наш намёт будзе трымацца значна даўжэй”.

Валянцін Баранаў паведаміў Радыё Свабода, што намёт з Майдану Незалежнасьці ўсталююць у беларускай сталіцы ў хуткім часе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG