Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзю Бураўкіну ўручаная прэмія імя Алеся Адамовіча


Валянціна Аксак, Менск У Музэі гісторыі беларускае літаратуры адбылася цырымонія ўганараваньня ляўрэата прэміі імя Алеся Адамовіча. За кнігу паэзіі “Жураўліная пара”, складаньне кнігі ўспамінаў “Наш Быкаў” і сэрыю публіцыстычных артыкулаў, надрукаваных у газэце “Салідарнасьць” яна прысуджаная знанаму паэту і грамадзкаму дзеячу Генадзю Бураўкіну.

Адметнасьць сёньняшняй імпрэзы ў тым, што за дзесяць гадоў існаваньня прэміі імя Алеся Адамовіча, упершыню яна ўручаная не 3 верасьня — у дзень народзінаў культавага беларускага пісьменьніка, а ў дзень ягонае сьмерці. Аднак сябры, аднадумцы і родныя Алеся Адамовіча мяркуюць, што ў гэтым ёсьць нейкі асаблівы сэнс, бо сама прэмія была заснаваная менавіта ў першую гадавіну ягонае сьмерці. Гаворыць дачка Натальля:

(Адамовіч: ) “Можа гэта таксама, я думаю, нядрэнна, таму што якраз адзначаецца дзесяцігодзьдзе самой гэтай прэміі — з 1995 году яна стала ўручацца”.

Прэмію, усталяваную Беларускім ПЭН-цэнтрам на знак памяці пісьменьніка-антыфашыста, аднаго са стваральнікаў таварыства ахвяраў сталінізму “Мэмарыял” сёньня атрымаў знаны беларускі паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін. Вось што ён сказаў з гэтае нагоды нашаму радыё:

(Бураўкін: ) “Я гэтую дату цяпер ужо пасьля столькіх гадоў, якія мы жывем без Алеся, успрымаю як дату памяці Адамовіча, памяці пра тое, што ён зрабіў выдатнага і ў літаратуры, і ў грамадзкім жыцьці, памяці пра тыя прынцыпы, якімі кіраваўся ў жыцьці і творчасьці Адамовіч, якія мы стараемся ня страціць. Бясспрэчна, што жыцьцё ў нас ня самае лепшае, і дата таксама сумная, ну але нейкай такой трагічнасьці ў сувязі з тым, што менавіта ў такую дату адбываецца прыемная для мяне падзея, я ня бачу”.

За дзесяць гадоў прэмію імя Алеся Адамовіча атрымалі 25 асобаў, у тым ліку Рыгор Барадулін, Аляксандар Ступнікаў, Павал Шарамет, Жана Літвіна і многія іншыя вядомыя ў краіне і за яе межамі пісьменьнікі й журналісты. Сярод іх і сем супрацоўнікаў нашага радыё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG