Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асьвенцім — найвялікшае злачынства супраць чалавецтва, ці памятаюць пра яго беларусы?


Галіна Абакунчык, Менск 27 студзеня спаўняецца 60 гадоў з часу вызваленьня вязьняў канцэнтрацыйнага лягеру Асьвенцім. Паводле прыблізных падлікаў навукоўцаў, цягам другой усясьветнай вайны нацысты закатавалі там каля 4 мільёнаў чалавек. Гэтыя людзі былі жыхарамі большасьці эўрапейскіх краінаў, Вялікабрытаніі й ЗША. Ці памятаюць пра Асьвенцім беларусы?

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце пра Асьвенцім, ці чулі пра гэта нешта?”

(Спадар: ) “Так, гэта агромністая тэрыторыя за калючым дротам. Я сам ня быў там, але ведаю што гэта такое. Гэта канцэнтрацыйны лягер, дзе забівалі габрэяў — і ня толькі іх. Спальвалі людзей у печах”.

(Юнак: ) “Асьвенцім — гэта канцэнтрацыйны лягер, дзе шмат нашых бацькоў і дзядоў пагінула ў часе другой усясьветнай вайны”.

(Спадарыня: ) “Гэта быў такі канцлягер. Па-мойму, у Польшчы Асьвенцім быў. Там вельмі шмат людзей было спалена і ўвогуле загінула. Мая мама таксама ў канцлягеры была з маёй старэйшай сястрой, калі той толькі дзевяць месяцаў было. Але, пашчасьціла, што якраз тады пачалі бамбаваць — і яны ўцякалі, хто як мог, гэтак і выратаваліся”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці чулі пра Асьвенцім нешта?”

(Спадарыня: ) “Так, я чула. У мяне муж беларус, ён усім гэтым цікавіцца. А я сама расейка, таму ўсё празь яго даведваюся”.

(Юнак: ) “Асьвенцім — гэта канцлягер нямецкі. Калі не запамятаваў, самі найвялікшы. Вельмі шмат людзей там загінула. Немцы вельмі катавалі там нашых суайчыньнікаў і ня толькі іх”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце вы нейкіх знаёмых ці сваякоў, якіх гэта закранула?”

(Юнак: ) “Так, адна жанчына, аднавяскоўка мая туды патрапіла. Але пашчасьціла выжыць, цяпер ужо зусім старэнькая”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце пра гэта?”

(Юнак: ) “Не, нічога ня ведаю. Ня чуў”.

(Спадар: ) “Канечне. Гэта гіганцкае злачынства супраць чалавецтва. Мая бабця карэнная мянчанка, увесь гэты страшны час заставалася ў Менску і цудам выжыла. Але ейныя суседзі, знаёмцы, якія патраплялі ў аблавы, не вярталіся. Многіх вывезьлі ў Нямеччыну. Лічу, што гэткага роду злачынствы павінныя быць пакараныя і папярэджаныя на будучыню”.
XS
SM
MD
LG