Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якасьць замежнай макароны будзе ацэньваць “хлебная” інспэкцыя


Ігар Карней, Менск Ад 1 лютага на ўсе хлебныя, макаронныя і крупяныя вырабы, якія ўвозяцца ў Беларусь з-за мяжы, будзе патрэбен дазвол з боку адмыслова створанай дзяржаўнай хлебнай інспэкцыі. У падпарадкаваным Міністэрству сельскай гаспадарцы і харчаваньня падразьдзяленьні кажуць, што цяпер нестандартным і няякасным імпартаваным прадуктам месца на беларускім рынку ня будзе. Плянуецца, што філіі інспэкцыі запрацуюць таксама пры галіновых аддзелах абласных і раённых выканаўчых камітэтаў.

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня стварэньне дзяржаўнай хлебнай інспэкцыі тлумачаць проста: спажывец усё часьцей робіцца закладнікам рэклямы, не разумеючы, што якасьць завезенай з-за мяжы прадукцыі часта саступае айчынным вырабам. Гаворыць намесьніца кіраўніка хлебнай інспэкцыі Алена Ананіч:

(Ананіч: ) “Прыгожыя этыкеткі, пакункі, прыгожа расьпісаная рэкляма, а зьмесьціва выгляду не адпавядае. Мы кантралюем зерне, муку, крупу — і я магу сказаць, што вельмі шмат прадукцыі ідзе нестандартнай, вязуць усё што заўгодна, з рэспублікі сьметніцу ўжо зрабілі”.

І хоць рэальна працаваць інспэкцыя пачне ад 1 лютага, кантраляваць замежны харчовы асартымэнт яна пачала ўжо летась. Да красавіка 2004 году шэраг вырабаў, напрыклад, макарона, значыліся ў нацыянальнай сыстэме прадукцыі, якая падлягае абавязковай сэртыфікацыі. Але ад мінулай вясны тую ж макарону з гэтай сыстэмы выключылі, і прадукцыя, як кажуць у інспэкцыі, пачала трапляць у Беларусь бескантрольна. Працягвае Алена Ананіч:

(Ананіч: ) “Геаграфія вельмі шырокая. Гэта ня толькі Ўкраіна і Расея. Хлеб, прыкладам, вязуць да нас і зь Літвы, і з Польшчы, з Бэльгіі, Даніі. І выкліканыя такія захады тым, каб на рынак рэспублікі не паступалі няякасныя тавары”.

Незалежныя экспэрты тым часам перакананыя, што захады на абмежаваньне імпартаванай прадукцыі тлумачацца звыклым ужо клопатам пра мясцовых вытворцаў, прадукцыя якіх, прынамсі, у кошце, істотна перавышае аналягічны асартымэнт суседніх краінаў. Вось меркаваньне эканаміста Леаніда Злотнікава:

(Злотнікаў: ) “Цяпер пачалася вялікая, моцная кампанія на абарону ўнутранага вытворцы. Але якраз гэта такая група, де якасьць тавараў зусім інакшая, чым, прыкладам, якасьць мяса, гарэлкі і г.д. Макарона альбо печыва — гэта такі тавар, які дагэтуль кантралявалі і будуць кантраляваць надалей. Да таго ж цяпер вельмі цяжкае становішча ў нашых вытворцаў, нашая прамысловасьць прайграла канкурэнцыю той жа расейскай. Таму можна разглядаць падобныя захады як адну зь мераў у справе абароны айчынных вытворцаў”.

У памежных раёнах Беларусі дагэтуль існуе цэлы бізнэс: людзі ахвотна купляюць расейскі ды ўкраінскі хлеб, які прадпрымальнікі возяць з суседніх краінаў. Пры гэтым спажыўцы кажуць, што імпартаваныя вырабы і смачнейшыя, і больш танныя. Праз колькі дзён свой вэрдыкт такім меркаваньням агалосіць дзяржаўная хлебная інспэкцыя.
XS
SM
MD
LG