Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым прычына абвінавачваньняў Лукашэнкі на адрас Расеі?


Юры Дракахруст, Прага Чаму ўчорашняя сустрэча прэзыдэнтаў Віктара Юшчанкі і Ўладзімера Пуціна выглядала такой беспраблемнай? Чым тлумачацца абвінавачваньні ў палітычным ціску на адрас Расеі, якія прагучалі ў мінулую пятніцу з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі? Наколькі падрываюць уладу Пуціна масавыя пратэсты супраць манэтызацыі ільготаў? Гэтыя тэмы абмяркоўваюць у “Эспэртызе Свабоды” шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна і галоўны рэдактар часопісу “Россия в глобальном мире” Фёдар Лукьянаў.

(Дракахруст: ) “Вынікі ўчорашняй сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны Пуціна і Юшчанкі былі дастаткова нечаканымі, па меншай меры зьнешне. Бакі дэманстравалі адсутнасьць якіх бы то ні было супярэчнасьцяў. Украіна вуснамі свайго прэзыдэнта выказвала гатоўнасьць супрацоўнічаць з Расеяй нават ў межах Адзінай эканамічнай прасторы, якая раней была ці не галоўнай мішэньню крытыкі з боку фракцыі Віктара Юшчанкі ў Вярхоўнай Радзе. Учора Юшчанка называў Расею “вечным стратэгічным партнэрам Украіны”. У сьвятле гэтых заяваў тыя канфлікты, якія адбываліся падчас перадвыбарчай кампаніі, былі проста недарэчнасьцю, “свая сваіх не пазнаша”, і зараз усё будзе па-ранейшаму? Ці бакі ўчорашніх перамоваў дэманстравалі проста добрую міну пры калі ня кепскай, то ня надта зразумелай гульні? Спадар Лукьянаў, як Вы мяркуеце?”

(Лукьянаў: ) “Зразумела, бакі дэманстравалі міну, што было абсалютна непазьбежна. Пасьля таго, як увесь сьвет прызнаў вынікі ўкраінскіх выбараў і Расея прызнала іх вынікі (уласна, не было падставаў іх не прызнаваць), адбыўся візыт прэзыдэнта вельмі важнай для Расеі дзяржавы, і ніякіх іншых заяваў проста не магло быць. Іншая справа, што гэта ўсё абстаўлялася рознымі аксэсуарамі. Напрыклад, абвяшчэньне ў Маскве, што прэм’ер-міністрам Украіны будзе Юлія Цімашэнка, зразумела, Маскву зусім не парадавала, бо гэта быў самы непажаданы кандыдат. Акрамя таго Юшчанка з аднаго боку казаў пра супрацоўніцтва ў межах Адзінай эканамічнай прасторы, але зь іншага падкрэсьліў (і ён заўсёды гэта казаў), што гэтае супрацоўніцтва будзе адбывацца ў той ступені, у якой яно ня будзе супярэчыць інтэграцыі Ўкраіны ў эўрапейскія структуры. А гэта азначае, што размова можа ісьці, магчыма, пра зону свабоднага гандлю, але ні ў якім выпадку не пра наддзяржаўныя, наднацыянальныя органы, чаго якраз хоча Расея”.

(Дракахруст: ) “Гэтая вонкавая ідылічнасьць сустрэчы расейскага і ўкраінскага лідэраў кантрастуе з рэзкімі заявамі Аляксандра Лукашэнкі, якія ён зрабіў прынамсі на пасяджэньні Рады бясьпекі Беларусі. Ён сказаў: “Калі газавы вэнтыль робіцца рычагом палітычнага ціску, гэта зьяўляецца сур’ёзнай пагрозай бясьпецы і незалежнасьці нашай дзяржавы”. Варта адзначыць, што гэтыя пратэсты Лукашэнка пачаў выказваць у апошні дзень мінулага году, на наступны дзень пасьля падпісаньня дамовы з “Газпрамам” пра пастаўкі і транзыт газу. Пры гэтым расейскія прадстаўнікі паціскаюць плячыма і гавораць, што беларусы павінны яшчэ радавацца таму, што атрымалі ад “Газпрама”. Ці мае месца гэты самы палітычны ціск, пра які казаў Лукашэнка? Наагул, у чым прычына гэтых абвінавачваньняў на адрас Расеі, якія гучаць у трэці раз на працягу месяца? Спадарыня Калінкіна, які Ваш адказ?”

(Калінкіна: ) “Ведаеце, газавы вэнтыль заўсёды быў рычагом палітычнага ціску на Беларусь – і сёньня, і ўчора, і пазаўчора, і некалькі гадоў таму. Бо Расея – адзіны пастаўшчык газу ў нашую краіну, і яна тым самым ня можа не ўплываць на сытуацыю ў Беларусі. Тое, што паміж “Газпрамам” і беларускім кіраўніцтвам складаныя адносіны з-за таго, што беларускі бок ня выканаў абавязкі па стварэньні на базе “Белтрансгазу” сумеснага з “Газпрамам” прадпрыемства – гэта таксама ўсім вядома. Але як толькі загучалі першыя крыўды на расейскі бок, я чакала, калі прагучыць сума крэдыту, якую будзе прасіць Беларусь. Сёньня гэтая сума прагучала – 150 мільёнаў даляраў, якія мы будзем прасіць у Расеі”.

(Дракахруст: ) “Сьвятлана, мы памятаем, што ў 1990-х гадох шмат хто казаў, што Аляксандар Лукашэнка прэтэндуе на ўладу над Расеяй, на шапку Манамаха. На пэўным этапе нават сам Лукашэнка не хаваў такіх намераў. З прыходам да ўлады Ўладзімера Пуціна гэтыя намеры неяк згасьлі. А вось у цяперашняй сытуацыі – гэтыя пастаянныя папрокі кіраўніка Беларусі на адрас Расеі – у якой ступені яны абумоўленыя новым фактарам, які зьявіўся літаральна сёлета ў студзені – масавымі пратэстамі ў Расеі супраць манэтызацыі ільготаў? Ці падалося Лукашэнку, што ў сувязі з гэтым у яго ў Расеі ўзьнік нейкі новы шанец?”

(Калінкіна: ) “Я ня думаю, што Аляксандар Лукашэнка зусім забыўся пра сваю даўнюю мару пра шапку Манамаха. Усе гэтыя гады ён вельмі пільна і ўважліва сачыў за расейскай грамадзкай думкай і працаваў зь ёй. Калі Вы паглядзіце, колькі інфармацыйных праектаў ідзе з Беларусі на расейскія рэгіёны, колькі езьдзяць розных дэлегацыяў – вэтэранскіх, дзіцячых, жаночых – Вы зразумееце, што гэта мэтанакіраваная праца. Я думаю, што ў глыбіні душы Лукашэнка – на баку антыпуцінскай апазыцыі. Мы бачылі ў Беларусі такіх візытоўцаў – гэта былі і публічныя, і закрытыя візыты, ня ўсе дэталі мы ведаем, але сёньня паводле паводзінаў беларускага тэлебачаньня мы бачым, што першая сур’ёзная сацыяльная праблема Пуціна – гэта мёд для беларускага кіраўніцтва”.

(Дракахруст: ) “Спадар Лукьянаў, гэтыя пратэсты супраць манэтызацыі ільготаў выклікаюць шмат пытаньняў. Гэта нечакана, гэта фактычна першы сур’ёзны пратэст на працягу пяці гадоў праўленьня Ўладзімера Пуціна. Што гэта такое? Ці расейскую палітычную сыстэму проста моцна трасянула, у рэшце рэшт, ці мала каго трасе? Мы бачылі, як сотні тысячаў людзей у ЗША пратэставалі супраць вайны ў Іраку – ну і што? А ці можна гэтак жа сказаць пра гэтыя расейскія пратэсты? Ці гэта расколіна, якая пайшла па фундамэнту створанай Пуціным сыстэмы, якая можа проста разбурыць яе?”

(Лукьянаў: ) “Не, гэта, безумоўна, не расколіна па фундамэнту. Сацыяльныя рэформы такога маштабу ў любой краіне заўсёды выклікаюць масавыя пратэсты. З самых сьвежых прыкладаў дастаткова прыгадаць леташнія масавыя выступы пратэсту ў Нямеччыне, калі канцлер Шродэр абнародаваў свой плян рэформы сацыяльнай сфэры. І тым ня менш, рэформа гэтая праводзіцца, бо ўсе адказныя людзі разумеюць, што яна неабходная. У нашым выпадку экспэрты розных накірункаў не спрачаюцца з самой ідэяй манэтызацыі ільготаў, лічачы яе абгрунтаванай. Іншая справа (і гэта вельмі важны кампанэнт сытуацыі) – гэта як рашэньні прымаюцца, як яны прадумваюцца, і як яны рэалізуюцца. Вось тут, я ня ведаю, як гэта лепш назваць – расколіна па фундамэнту ці неяк інакш, але тое, што мы назіраем у Расеі хіба за апошні год, гэта спараджае сур’ёзны роздум, у тым ліку і ў прэзыдэнта Лукашэнкі.

Мы бачым, што па меры цэнтралізацыі ўлады (а гэта адна з мэтаў, абвешчаных прэзыдэнтам Пуціным), якасьць прымаемых рашэньняў рэзка зьніжаецца, і колькасьць памылак стратэгічнага, а яшчэ больш тактычнага кшталту, пачынае крыху зашкальваць. Прычым гэта тычыцца ўсіх бакоў палітыкі, пачынаючы ад абсалютна неадэкватнай ацэнкі некаторых зьнешнепалітычных працэсаў (выбары на Ўкраіне – гэта самы яскравы і пераканаўчы прыклад) і сканчаючы недаацэнкай наступстваў і вынікаў гэтай самай сацыяльнай рэформы.

Безумоўна, пэнсіянэры – гэта не “аранжавая” рэвалюцыя, я мяркую, што зараз урад і адміністрацыя прэзыдэнта ў тэрміновым парадку паспрабуюць лякалізаваць гэты крызыс, можа быць, цаной выпустошваньня самай ідэі. Але тое, што апарат, на які абапіраецца Пуцін, не адпавядае тым задачам, якія на яго ўскладаюцца – гэта абсалютна відавочна. Гэта відавочна ўсё большай колькасьці людзей у Расеі, і гэта відавочна нашым партнэрам за мяжой.

Я хацеў бы зьвярнуць увагу, што прэзыдэнт Узбэкістана Іслам Карымаў, якога цяжка падазраваць у сымпатыях да дэмакратыі і да Юшчанкі, і які, дарэчы, падчас перадвыбарчай кампаніі падтрымліваў Януковіча, пасьля ўкраінскага крызысу зрабіў вельмі цікавую заяву. Карымаў сказаў, што Расеі ня трэба было туды ўмешвацца.

І вось гэтая няздольнасьць Расеі дасягнуць сваіх мэтаў, як ва ўнутранай, так і ў зьнешняй палітыцы – яна вельмі ўважліва адсочваецца нашымі партнэрамі, асабліва суседзямі, якія ўважліва разважаюць: “А наагул, на каго рабіць стаўку?” І для шмат якіх кіраўнікоў старога тыпу на постсавецкай прасторы падзеі на Ўкраіне зьяўляюцца пераломнымі, бо яны ўбачылі, што ўпершыню Расея з трэскам ня здолела правесьці свайго кандыдата”.

(Дракахруст: ) “Фёдар, я хачу вярнуцца да пачатку нашай размовы, да адносінаў у трохкутніку Менск-Масква-Кіеў. Існуе меркаваньне, што крыўда Лукашэнкі наконт “няправільных” газпрамаўскіх цэнаў – гэта своеасаблівы эфэкт чаканьняў, якія ня спраўдзіліся. Было чаканьне, што Расея будзе ў шоку ад сваёй паразы ва Ўкраіне, будзе думаць, што ў яе застаўся апошні саюзьнік – гэта Беларусь, якой трэба ўсімі сіламі дагаджаць. Але гэтага не адбылося, адкуль і крыўды. Аднак, можа, гэтае дагаджэньне, улагоджваньне ўсё ж адбудзецца, можа, Лукашэнка ўсё ж здолее нешта нагуляць на гэтых новых адносінах паміж Кіевам і Масквой?”

(Лукьянаў: ) “Я ня думаю, што ён зможа нешта нагуляць. Наагул, пытаньне пра тое, ці зьяўляецца Лукашэнка саюзьнікам Масквы ці ўжо не – гэта асобнае пытаньне, якое ў Маскве і ў Крамлі задаюць сабе многія. Тут пераканаліся, што гэтае шалупіньне “саюзьніцтва”, “сяброўства”, “братэрства” і г.д. пры Лукашэнку мае своеасаблівы, іншы зьмест. Расея ці аказваючы ціск, ці спрабуючы дамовіцца даўно ўжо не атрымлівае тое, чаго хоча. І разьлічваць, што Расея будзе трымацца за Лукашэнку толькі таму, што вакол узьнікаюць “аранжавыя” прэзыдэнты, а ён стаіць, як маналіт – я думаю, што гэты спадзеў беспадстаўны. І як бы Расея не аслабла з пункту гледжаньня ўплыву на суседзяў, яна ня будзе чапляцца за кагосьці зь іх любой цаной. Я мяркую, што ўрокі з украінскай паразы Масква зробіць, ва ўсялякім выпадку, паспрабуе зрабіць”.

(Дракахруст: ) “Сьвятлана, а як Вы лічыце, ці зробіць Масква са сваёй украінскай паразы ўрокі, і ці будуць яны і такімі, як кажа Фёдар? Ці ўсё ж перамогуць перасьцярогі, што калі не падтрымліваць Лукашэнку, “аранжавы “ пас замкнецца і адгародзіць Расею ад Эўропы?”

(Калінкіна: ) “Мне вельмі хацелася б, каб высновы былі зробленыя, але я не ўпэўненая ў тым, што Расея зробіць гэтыя высновы. Шмат было такіх крокаў, і Ўкраіна – ня першая краіна, дзе Расея была няздольная перамагчы. І таму можа быць зробленая стаўка на Лукашэнку, па меншай меры, ён гэтага вельмі і вельмі хоча, і ўсё, што ён робіць цяпер – гэта спроба зрабіць так, каб зь ім селі за стол перамоваў па любым пытаньні: ці то наконт цаны на газ, ці то наконт пабудовы ядзернай электрастанцыі. Пра гэта гавораць і беларускія парлямэнтары, якія зьбіраюцца зьвяртацца да Ўладзімера Пуціна і прасіць яго сустрэцца зь беларускім лідэрам. Лукашэнка адчувае, што ён ці схопіць сініцу за хвост, ці так і застанецца ў падвешаным стане да 2006 году. І тут ужо, як той казаў, як карты лягуць – Расея можа падтрымаць яго, можа падтрымаць суперніка, можа, зробіць высновы, можа ня зробіць. Ён хоча пэўна ведаць свае пэрспэктывы ўжо цяпер. Адсюль і такая актыўнасьць ужо цяпер, менавіта ў гэтыя дні пасьля перамогі Юшчанкі”.
XS
SM
MD
LG