Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Катаваньні ў ірацкіх турмах ня скончыліся пасьля Хусэйна


Віталь Цыганкоў, Прага Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch заяўляе, што катаваньні ўсё яшчэ зьяўляюцца звычайнай справай у ірацкіх турмах амаль праз два гады пасьля падзеньня рэжыму Садама Хусэйна. У сваёй справаздачы, апублікаванай сёньня, праваабаронцы сьцьвярджаюць, што вязьняў у ірацкіх турмах б’юць, аглушаюць электрычным токам, пазбаўляюць ежы і вады, запіхваюць у клеткі, дзе няма магчымасьці сесьці.

У справаздачы Human Rights Watch ірацкі ўрад абвінавачваецца ў датычнасьці да ўсіх гэтых катаваньняў, якія названыя “змрочным парушэньнем фундамэнтальных правоў чалавека”. Праваабаронцы апыталі 90 чалавек, якія былі затрыманыя і зьняволеныя пасьля перадачы сувэрэнітэту ірацкім уладам летась у чэрвені. Зь іх 72 заявілі, што зьведалі катаваньні альбо іншыя маральныя і фізычныя зьнявагі.

Акрамя фізычных пакутаў, вязьні былі пазбаўленыя наведваньня роднымі і адвакатамі, многіх вымушалі падпісваць прызнаньні – часам з завязанымі вачыма. Сара Лі Уітсан, выканаўчы дырэктар блізкаўсходняга аддзелу Human Rights Watch, прызнае, што ірацкія сілы бясьпекі, як і цывільныя іракцы, часта становяцца ахвярамі тэрарыстычных актаў ваяўнікоў. Але гэта ня можа служыць апраўданьнем, лічыць Уітсан.

(Уітсан: ) “Міжнародныя і ірацкія законы цалкам зразумела кажуць, што катаваньні ніколі не дазволены і нічым не апраўданыя. Праблема палягае ў няздольнасьці вышэйшага ірацкага кіраўніцтва сказаць ясна і недвухсэнсоўна, што катаваньні непрымальныя, будуць пакараныя, і ніколі ня будуць дапускацца”.

Міністар правоў чалавека Ірака Бахціяр Амін прызнаў, што злоўжываньні ўсё яшчэ маюць месца ў ірацкіх турмах. Ён адзначыў, што для ірацкіх сілаў бясьпекі патрэбны час, каб зьмяніць свае паводзіны пасьля дзесяцігодзьдзяў дыктатарскага рэжыму Садама Хусэйна.

Human Rights Watch, у сваю чаргу, рэкамэндуе, каб амэрыканскія і брытанскія дарадцы, якія навучаюць ірацкіх паліцыянтаў, выразна патлумачылі ім, што зьдзекі зь вязьняў не павінны дазваляцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG