Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз два гады пасьля сьмерці Ўладзімера Мулявіна на помнік “песьняру” з прэзыдэнцкага фонду ня выдаткавана ні капейкі


Ігар Карней, Менск Два гады таму, раніцай 26 студзеня, у маскоўскай клініцы імя Бурдэнкі памёр заснавальнік і мастацкі кіраўнік ансамблю “Песьняры” Ўладзімер Мулявін. Папярэднія дзевяць месяцаў лекаваньня – спачатку ў НДІ траўматалёгіі і артапэдыі ў Менску, а потым і ў Маскве – плёну не далі: пасьля кароткачасовай палёгкі, 26 студзеня 2003 году, на 62-м годзе Мулявін заўчасна пакінуў сьвет.

Практычна адразу ж пасьля сьмерці лідэра “Песьняроў” была зацьверджаная дзяржаўная праграма ўшанаваньня памяці Ўладзімера Мулявіна, якой быў нададзены статус “прэзыдэнцкай”. Аднак нават праз два гады пасьля сьмерці Мулявіна рэалізаваныя далёка ня ўсе пляны – перадусім, так і ня ўсталяваны надмагільны помнік на Маскоўскіх могілках сталіцы.

Вакол помніка Ўладзімеру Мулявіну – сапраўды, поўная неакрэсьленасьць. Калі ад пачатку плянавалася ўшанаваць памяць “песьняра” двума скульптурамі – на могілках і на аднайменным бульвары ў цэнтры Менску – то, як аказалася, улады ня могуць завершыць эпапэю і з адным. Створаная загадам Лукашэнкі камісія ў справе адбору эскізаў будучага помніка некалькі разоў абвяшчала новыя конкурсы, але да агульнай высновы ішлі вельмі марудна. Канкурсанты, у сваю чаргу, перакананыя: замаруджаньне палягае ў тым, што не мастакі, а чыноўнікі ацэньвалі вартасьць працаў.

Па-другое, доўгі час погляды скульптараў не супадалі з густам удавы Мулявіна, Сьвятланы Пенкінай. Яна забракавала ідэю з гітарай, якая “расьце зь зямлі” і ў якой замест струнаў – галіны дрэваў; у сваю чаргу, сябры камісіі адрынулі чорную сьцяну з крыжом, на тле якой стаіць Мулявін. І ўжо ўсе разам адмовіліся ад скульптуры “гітарыста” – з могілкамі гэта стасавалася няўдала – а таксама яшчэ ад трох дзесяткаў працаў.

У любым выпадку, ад сёньня пайшоў трэці год, калі на магіле вядомага далёка за межамі Беларусі чалавека так і не зьявіўся абяцаны дзяржаўным коштам помнік. Аднадушнага меркаваньня наконт таго, калі ўсё ж помнік можа зьявіцца, так і няма. Дачка Мулявіна, Марына, прагназуе такія тэрміны:

(Мулявіна: ) “Лета гэтага году. Калі будзе гатовы, тады і ўсталююць”.

Міністэрства культуры, якое ёсьць галоўным куратарам праграмы ўшанаваньня памяці Ўладзімера Мулявіна, больш асьцярожнае ў прагнозах. У супрацоўніка ўпраўленьня мастацтваў гэтага ведамства, Міхаіла Казловіча я яшчэ пацікавіўся: ці канчатковае рашэньне адмовіцца ад помніка на бульвары Мулявіна – былым бульвары Луначарскага.

(Казловіч: ) “На бульвары помнік не плянуецца. А надмагільны помнік – у праекце аўтара Каструкова”.

(Карэспандэнт: ) “Па тэрмінах – калі помнік можа быць усталяваны?”

(Казловіч: ) “Тэрмін? Здаецца, канец гэтага году. Гэта зьвязана з асаблівасьцямі праектаваньня і вырабу гэтага помніка. Ён будзе зроблены з граніту. А тэхналягічна гэта вельмі працяглы і цяжкі працэс”.

Ці вядома, што сабой будзе ўяўляць помнік? Паводле скульптара Аляксандра Каструкова, якому сапраўды даручана ўвекавечыць вобраз Уладзімера Мулявіна ў граніце, цяпер ён чакае толькі аднаго – калі будуць пералічаныя грошы з прэзыдэнцкага фонду. Таму адносна тэрмінаў – зноў жа, ніякай канкрэтыкі. Калі фінансаваньне ўсё ж здарыцца, то з маналітнага кавалку граніта будзе прабівацца сылюэт песьняра з гітарай (а не асобная постаць, як плянавалася раней). Праўда, пра ўсё гэта аўтар расказвае выключна ў “будучым часе”, паколькі ўласна матэрыял – граніт – у Менск нават яшчэ і не завезьлі.

(Каструкоў: ) “Тэрмін залежыць ад паступленьня фінансаў. У дадзеным выпадку – гэта прэзыдэнцкі грант. Калі ён будзе рэалізаваны – я не ўяўляю. Увогуле, усё ёсьць, апроч каменю, цяпер усё зь мяккага матэрыялу трэба перавесьці ў граніт. А гэта – суцэльны блёк, агромністая праца, паўгода мінімум… Да таго ж, за гэтым каменем трэба ехаць у Карэлію. Таму, пакуль не паступяць сродкі, пра камень размоваў увогуле няма. Але што патрабавалася ад мяне – мяккі матэрыял, то гэта ўсё гатова”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG