Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пабудова сучаснай атамнай станцыі з высокай ступеньню абароны – не па кішэні беларускай эканоміцы


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

“Народная Воля” на першай паласе пад загалоўкам “Ці будзе атамная станцыя ў Беларусі?” зьмясьціла інтэрвію са Станіславам Шушкевічам. Ён сьцьвярджае, што сучаснай станцыі з высокай ступеньню абароны сёньня пабудаваць нельга. Гэта не па кішэні беларускай эканоміцы.

Вячаслаў Оргіш на старонках “НВ” аналізуе, паводле якога ўставу хочуць прымусіць жыць беларускую навуку. Вучоны зьвяртаецца да сваіх калегаў і кажа, што навукоўцы нават не намагаюцца даць аналіз тым рэформам, якія чакаюць акадэмію, бо баяцца страціць свае пасады, званьні, грошы і пайкі.

У Лепельскім раёне ідзе вайна паміж паляўнічымі. Лес падзялілі для паляваньня, і простых паляўнічых туды не пускаюць.

Валеры Шчукін даслаў рэпартаж з Кіева пра Юлію Цімашэнку. Майдан Незалежнасьці ён называе Трыўмфальнай плошчай.

“Комсомольская правда” нагадвае, што зь 1 студзеня ўведзена абавязковае страхаваньне адказнасьці перавозчыкаў. Цяпер пасажыр, які пацярпеў у трамваі ці ў мэтро, можа зьвярнуцца па кампэнсацыю. За згублены багаж можна атрымаць кампэнсацыі да 1 000 эўра. Чытачы могуць азнаёміцца з канкрэтнымі прыкладамі.

“Як раджаць лепш – разам з мужам, ці не?” Аўтар публікацыі правёў дасьледаваньне. Высьветлілася, што колькасьць цэнтраў, дзе рыхтавалі да партнэрскіх родаў, скарацілася. “Комсомолка” знайшла толькі адзінае такое месца ў сталіцы. Што павінны ведаць будучыя таты? Чытайце ў сёньняшнім нумары.

У рубрыцы “Здымаецца кіно” – артыкул пра актора Ліфанава, які здымаецца цяпер у Беларусі ў фільме па матывах “Калымскіх апавяданьняў” Варлама Шаламава. Чатырохсэрыйны фільм здымае расейскі рэжысэр Уладзімір Фацьянаў. Назва фільма – “Апошні бой маёра Пугачова”. Падзеі разгортваюцца ў 1944 годзе ў Польшчы ў лягеры для ваеннапалонных.

Газэта “Гоман Барысаўшчыны” ў рубрыцы “З таямнічых фактаў” надрукавала ўспаміны жыхара Яраша. Ён ўзгадвае, як у чэрвені 1941 г. наступалі немцы, і НКВД дало загад усіх палітвязьняў расстраляць за горадам.

“Гоман Барысаўшчыны” друкуе цікавы матэрыял пра вёску Студзёнку. Яна стала шырока вядома пасьля падзеяў 1812 года. Напалеон перапраўляўся там праз раку, калі адступала яго армія. На месцы двух мастоў стаялі помнікі. Вёска ўзгадваецца як сяло ў Барысаўскім старостве яшчэ ў 1582 г. Газэта надрукавала здымкі пачатку ХХ стагодзьдзя.

Трагічны лёс жыхароў старога будынку. У 1933-1934 гг. у гэтым будынку жыў ксёндз. Супрацоўнікі НКВД прыйшлі за ім. Гаспадар і гаспадыня заступіліся за яго. Вось іх усіх разам і расстралялі. Нейкі час там мясьцілася НКВД. Але ніхто з жыхароў не пажадаў жыць у будынку.
XS
SM
MD
LG