Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадар Хэнэсі прэзэнтаваў у Менску каньяк “Hennessy” коштам дзьве з паловай тысячы эўра за бутэльку


Севярын Квяткоўскі, Менск Візыт галавы каньячнага дому “Хэнэсі” (“Hennessy”) – першы ў Беларусі візыт падобнага ўзроўню, што да ўсясьветнага алькагольнага бізнэсу. У краіне адзначаюць пашырэньне рынку элітных алькагольных напояў са зьяўленьнем пэўнай праслойкі сярэдняга кляса. Зь іншага боку, павялічваецца выраб і продаж танных напояў, вядомых пад назвай “чарніла”.

Закрытая прэзэнтацыя “Хэнэсі” ладзілася позна ўвечары 25 студзеня партнэрамі францускага каньячнага дому ў Беларусі – фірмай “Мідвэст”. Напярэдадні прадстаўнікі “Мідвэсту” адмовіліся даваць якія-кольвек камэнтары, а таксама называць імёны запрошаных. Вядома толькі, што ў менскім клюбе “Бронкс” зьбіралася бізнэс-эліта. Зрэшты, у “Мідвэсьце” абяцаюць пагутарыць з журналістамі сёньня на адмысловай прэс-канфэрэнцыі.

У распаўсюджаным анонсе падзеі кампанія “Мідвэст” ня зьвязвае візыт спадара Хэнэсі з камэрцыяй. Акцэнт робіцца на ідэі папулярызацыі францускай культуры, і ў тым ліку выкшталцоных вінаградных напояў як візытоўкі Францыі. Тым ня менш, ёсьць зьвесткі, што сярод іншага спадар Марыс Рышар Хэнэсі прэзэнтуе каньяк коштам дзьве з паловай тысячы эўра за бутэльку, каб высьветліць, ці магчыма ў Беларусі прадаць падобны тавар. Дарэчы, сама бутэлька ўяўляе зь сябе эксклюзіўную разьбу па горным крышталі.

Наогул, наўрад ці бізнэс-асоба такога рангу прыехала ў Беларусь, каб пабываць у Палацы Рэспублікі на “Вечарыне мастацтваў” ды зьезьдзіць у забаўляльна-адукацыйны цэнтар “Дудуткі”. Спэцыялісты адзначаюць у Беларусі рост колькасьці спажыўцоў элітных алькагольных напояў. Гаворка вядзецца пра пэўную капіталізацыю і адукацыю грамадзтва. Праўда, тэмпы росту называюць ня надта вялікімі.

Чым плянуюць зьдзівіць спадара Хэнэсі? Дырэктарка фірмы “Дудуткі-тур” Валерыя Клецунова ёсьць вялікім энтузіястам беларускай традыцыі самаробнай гарэлкі. Таму на стале ў Дудутках, апрача хатняга хлебу і самаробнага сыру, будзе прадукт пад назвай “самагонка”. Тлумачыць Валерыя Клецунова:

(Клецунова: ) “Працэс прыгатаваньня алькаголю – ён заўжды цікавы. Гэта безумоўны элемэнт матэрыяльнай культуры. Гэтая частка нашага матэрыяльнай спадчыны бліжэй, і на нашае меркаваньне, мусіць быць цікавай для спадара Хэнэсі. Гэта не каньяк, але шмат якія рэчы перагонкі, я, мяркую, падобныя”.

Калісьці самаробная гарэлка была ў Беларусі распаўсюджаная гэтаксама, як у Францыі віно. Цяпер тэндэнцыя наступная: з аднаго боку, толькі ў Віцебскай вобласьці тры чвэрці продажаў алькаголю прыпадаюць на танныя напоі, вядомыя ў народзе пад назвай “чарніла”. Зь іншага боку, у краіне павялічваецца рынак дарагіх элітных напояў. У Беларусі ёсьць багатыя людзі. Але ці знойдзе каньяк “Рышар Хэнэсі” коштам дзьве з паловай тысячы эўра за бутэльку свайго спажыўца ў Беларусі, пакажа час.
XS
SM
MD
LG