Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік місіі АБСЭ сустрэнецца з прадстаўнікамі гомельскіх няўрадавых арганізацыяў


Казімір Яноўскі, Гомель 26 студзеня ў Гомелі працягнецца візыт кіраўніка місіі АБСЭ ў Беларусі Эбэрхарда Хайкена. А палове дзесятай гадзіны спадар Хайкен будзе прыняты ў гарвыканкаме. На 14 гадзінаў заплянавана ягоная сустрэча з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў.

У афіцыйнай праграме сёньняшняя сустрэча кіраўніка місіі АБСЭ з гомельскімі няўрадавымі арганізацыямі не значыцца. Аднак свой намер правесьці гэтую сустрэчу пацьвердзіў учора ўвечары сам спадар Хайкен падчас кароткага інтэрвію нашаму радыё.

Наколькі вядома, на сустрэчу з кіраўніком місіі АБСЭ, якая маецца адбыцца ў прыватным доме аднаго з гомельскіх актывістаў, запрошаны прадстаўнікі няўрадавых культурніцкіх, жаночых арганізацыяў, а таксама тых, хто працуе ў сфэры сацыяльнай падтрымкі. У сустрэчы возьмуць удзел і прадстаўнікі закрытых уладамі грамадзкіх арганізацыяў.

Гаворка, натуральна, пойдзе пра ўмовы існаваньня няўрадавых грамадзкіх арганізацыяў, паколькі яны складаюць аснову грамадзянскай супольнасьці. Між тым, клімат для іх не досыць спрыяльны. Высілкамі ўладаў у рэгіёне закрыты шэраг грамадзкіх арганізацыяў – дастакова прыгадаць абласную рэсурсавую грамадзкую арганізацыю “Грамадзянскія ініцыятывы”, культурна-асьветніцкі маладзёвы цэнтар “Гарт”, жаночае аб’яднаньне “Ініцыятыва” ды іншыя.

Шэраг арганізацыяў непазьбежна будуць зачынены напачатку лютага з прычыны немагчымасьці атрымаць юрыдычныя адрэсы па-за межамі ўласных кватэраў, як таго патрабуе Міністэрства юстыцыі.

Дырэктарка цэнтру сацыяльна-псыхалягічнай падтрымкі “Духоўнасьць” Алена Дзяткова, якая таксама маецца прыйсьці на сустрэчу са спадаром Хайкенам, распавяла пра сваё бачаньне праблемаў няўрадавых арганізацыяў:

(Дзяткова: ) “Я буду ўзьнімаць пытаньні разьвіцьця адукацыйных праграм для “трэцяга сэктару”. На мой погляд, такія праграмы мала эфэктыўныя. Хвалюе мяне таксама адсутнасьць у беларускім парлямэнце інстытуту лабіраваньня інтарэсаў грамадзкіх арганізацыяў. Заканадаўства наконт умоваў дзейнасьці “трэцяга сэктару” пагаршаецца. У парлямэнце адсутнічаюць грамадзянскія слуханьні наконт праблемаў няўрадавых арганізацыяў. І нарэшце, падчас выдзяленьня грантаў заходнімі партнэрамі ня ўлічваецца беларускае заканадаўства, што таксама не спрыяе разьвіцьцю “трэцяга сэктару”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG