Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На месцы рэстарацыі “Менск” у Патсдаме ўзьнікне аквапарк


Ул. інф. Улады нямецкага Патсдаму прынялі рашэньне адносна дэмантажу рэстарацыі “Менск”, што знаходзіцца ў прэстыжным раёне гораду ў Браўхаўзбэргу. Рэстарацыя была адкрытая 30 год таму і названая ў гонар сталіцы Беларускай ССР. У гады існаваньня ГДР і СССР абодва гарады называліся пабрацімамі і актыўна супрацоўнічалі ў розных галінах, у тым ліку і ў кулінарнай. Патсдамцы старэйшага пакаленьня нават дагэтуль узгадваюць некаторыя стравы беларускай кухні – дранікі, мачанку ды іншыя, якія патсдамскія кулінары рыхтавалі паводле рэцэпту сваіх беларускіх калегаў. У свой час стажыроўку ў нямецкіх рэстаратараў таксама праходзілі і беларусы. У цэнтры беларускай сталіцы была пабудаваная рэстарацыя нямецкай кухні Патсдам.

“Канешне, шкада, што звыклага рэстарану ў нашым горадзе больш ня будзе”, кажуць патсдамцы. “Апошнім часам тут нават і не падаваліся беларускія стравы. Але гэтае месца было вядомае, дзякуючы жывой музыцы, тут можна было добра патанчыць”.

Тым ня менш, жыхары Патсдаму не сумуюць у зьвязку з разьвітаньнем з будынкам ў стылі брэжнеўска-хонэкэраўскай архітэктуры. Плянуецца, што дэмантаж пачнецца пры канцы 2005, а праз два гады на ягоным месцы будзе пабудаваны сучасны комплекс адпачынку з аквапаркам.

У якасьці аўтара праекту запрошаны бразыльскі архітэктар-легенда Оскар Немэер. Паводле папярэдніх падлікаў, будаўніцтва басэйну будзе каштаваць звыш за 30 мільёнаў. Гэта будзе адным зь лепшых аквапаркаў у Нямеччыне.

Тым часам у Менску на месцы былой рэстарацыі “Патсдам” працуе традыцыйны беларускі рэстаран “Крыніца”, які мае рэпутацыю дарагой, але ня самай смачнай кухні. Паводле даведкі, рэстарацыя “Патсдам” таксама існуе. Яна пераехала на ўскраек Менску ў Сухарава, на вуліцу Гарэцкага 28.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG