Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грызлоў заяўляе, што Расея і Беларусь прымуць канстытутцыйны акт ужо сёлета


Уладзімер Глод, Менск Расея і Беларусь прымуць канстытутцыйны акт і падпішуць саюзную дамову ўжо сёлета. Такую заяву зрабіў учора у Маскве сьпікер Дзярждумы Барыс Грызлоў падчас ягонай сустрэчы з дэлегацыяй Палаты прадстаўнікоў, якую ачольвае сьпікер Уладзімер Канаплёў і рабочы візыт якой ў Маскву завяршаецца сёньня. Такім чынам, інфармацыя пра ўзноўленую цікавасьць Расеі да канстытуцыйнага акту, якая ўпершыню прагучала ў ранішнім эфіры нашага радыё ў мінулую пятніцу са спасылкай на старшыню сталай камісіі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савета Рэспублікі Мікалая Чаргінца, знаходзіць сваё пацьверджаньне.

Атрымліваецца, што спадар Чаргінец сапраўды мае апэратыўную і дакладную інфармацыю. І ня толькі таму, што ў Мікалая Чаргінца высокая пасада – кіраўніка міжнароднай камісіі вышэйшай палаты Нацыянальнага сходу. Вядома, што генэрал-лейтэнант Чаргінец – вельмі набліжаная асоба да Аляксандра Лукашэнкі. І невыпадкова менавіта ён на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах ачольваў ініцыятыўную групу кіраўніка беларускай дзяржавы.

Ну а пра сяброўскія стасункі генэрал-маёра Барыса Грызлова і Ўладзімера Пуціна таксама добра вядома. Таму можна меркаваць так: калі такія набліжаныя да кіраўнікоў дзяржаваў асобы гавораць пра адно і тое ж, дык яны ведаюць і пра бліжэйшыя пляны Пуціна й Лукашэнкі.

Сёлета першая сустрэча двух прэзыдэнтаў мае адбыцца ў сакавіку – у рамках паседжаньня Вышэйшай дзяржаўнай рады так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Але ў студзені група дэпутатаў так званага Парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі зьвярнулася да Пуціна і Лукашэнкі з просьбаю правесьці іх асабістую сустрэчу як мага раней. Сваю ініцыятыву яны зьвязваюць менавіта з канстытуцыйным актам: маўляў, без дакладных арыентыраў, якія мусяць вызначыць кіраўнікі дзьвюх краінаў, адмысловая камісія ў справе распрацоўкі канстытуцыйнага акту ня мае дакладных арыентыраў для ўзнаўленьня працы. Так што ўсё выглядае зьвязаным.

Пасьля вядомай заявы Ўладзімера Пуціна пра мухі і катлеты інтэграцыйныя размовы на пэўны час прыціхлі. Але цяпер у Крамля зноў зьявілася цікавасьць да гэтай ідэі. Што гавораць на гэты конт беларускія палітыкі: чаму ініцыятыва паскарэньня працэсу распрацоўкі канстытуцыйнага акту праявілася менавіта цяпер?

Я размаўляў на гэтую тэму з шэрагам палітыкаў. І вось, што цікава – гэта адзін зь нямногіх выпадкаў, калі кожны бачыць адну і тую ж галоўную падставу гэтай справы. Усе мае суразмоўцы зьвязваюць апошнія ініцыятывы Масквы з прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне. Яны гавораць пра тое, што Расея вельмі занепакоеная імкненьнем Украіны далучыцца да эўрапейскіх структураў і зьмяненьнем яе накірунку зьнешняй палітыкі. Таму, з пункту гледжаньня Расеі, узьнікае тэрміновая патрэба замацаваць тое, што ёсьць у яе ў Беларусі. Хаця нельга забывацца і пра тое, што далучэньне Беларусі было заўжды ўваходзіла ў пляны яе кіраўніцтва. І вось як гаворыць пра ўсё гэта намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) “Што тычыцца прыняцьця канстытуцыйнага акту, ніколі гэта не адмаўлялася Расеяй. Заўжды гэта выстаўлялася як прыярытэтная і важнейшая задача. І гэта ёсьць задача Расеі. Іншая справа, што прайшла кампанія на Ўкраіне. Яна з грукатам для Расеі правалілася. Але ўжо ня трэба рабіць захадаў, каб гэта адмоўна не паўплывала на ўкраінскія падзеі. Бо цынічная акупацыя Беларусі праз прыняцьце канстытуцыйнага акту, напэўна, не паспрыяла б правядзеньню расейскай крэатуры на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны. Таму гэта як было сьцішана. Цяпер у Масквы гэтая праблема адпала, і яна працягвае свае дзеяньні. Палітыка абсалютна ясная, пасьлядоўная, і ніякіх, на нашу думку, нейкіх там шараханьняў ніколі не было – ні на адзін дзень, ні на адну хвіліну”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG