Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмікі пратэстуюць супраць праекту новага статуту Нацыянальнай акадэміі навук


Галіна Абакунчык, Менск Навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) накіравалі Аляксандру Лукашэнку й ураду краіны ліст пратэсту супраць праекту новага статуту НАН. Яны заяўляюць, што з прыняцьцем статуту, айчыннай навуцы пагражае канчатковы заняпад. Паводле кіраўніцтва акадэміі, гэткая пазыцыя шэрагу акадэмікаў і член-карэспандэнтаў прадыктаваная ня клопатамі пра навуку, а палітыканствам.

Навукоўцы пратэстуюць супраць таго, што паўнавартаснымі сябрамі агульнага сходу Акадэміі могуць стаць прадстаўнікі ўраду, парлямэнту, міністэрстваў і ведамстваў. Што на гэтым сходзе праз адкрытае галасаваньне будуць абірацца акадэмікі й член-карэспандэнты. Што ў статуце замацоўваецца права пазбаўленьня людзей навуковых званьняў за, нібыта, дзеяньні, якія супярэчаць званьню навукоўца, што ім забараняецца займацца палітыкай...

Ліст пратэсту на адрас вышэйшага кіраўніцтва краіны падпісалі каля 70 чалавек, але зь імі ня згоднае кіраўніцтва НАН. Вось, у прыватнасьці, што сказаў першы намесьнік старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Пётра Віцязь.

(Віцязь: ) “Любыя лісты акрамя шкоды нічога не прыносяць. Таму я ня ведаю хто й што піша, але вырашае калектыў навуковай грамадзкасьці, а ня кучка людзей, што займаюцца не навукай, а палітыканствам.”

Адзін з падпісантаў ліста пратэсту, акадэмік Радзім Гарэцкі кажа, што навукоўцам нават невядомыя аўтары праекту статуту. І калі дакумэнт будзе зацьверджаны ў цяперашнім выглядзе, гэта будзе мець самы нэгатыўны ўплыў на далейшае разьвіцьцё акадэмічнай навукі.

(Гарэцкі: ) “Ад былой Акадэміі нічога не застаецца. І пэўна ж гэта будзе асабліва вялікі ўрон для фундамэнтальных навук. Але я баюся, што будзе адкрытае галасаваньне, а ўсе людзі тут запалоханыя, і яны пабаяцца не падняць руку “за”. Так што настрой у мяне самы пэсымістычны”.

Паводле спадара Гарэцкага, ён быў сярод тых навукоўцаў, якія пратэставалі супраць прызначэньня кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук вышэйшымі беларускімі ўладамі.
XS
SM
MD
LG