Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь апавядае пра зімовую сэсію, адпрацоўку прапушчаных заняткаў, свае крытэры выбару тэхнікі і пра кіно “Кава і цыгарэты”


Арына Аляхновіч, Менск (эфір 23 студзеня). Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”.

Гаворкі пра рэфэраты

Міністэрства адукацыі жадае кантраляваць інтэрнэт у студэнцкіх аўдыторыях і інтэрнатах. Тут на мэце ня толькі абмежаваньне доступу да незалежных інфармацыйных рэсурсаў. Выкладчыкі, асабліва старэйшага пакаленьня, гостраць зуб на інтэрнэт. У час іхнае маладосьці кампутараў спачатку зусім не было, а пасьля яны займалі ўвесь пакой. Цяпер жа ноўтбукі важаць пару кіляграмаў, і іх лёгка схаваць у заплечнік. А злучыцца з інтэрнэтам праз мабільны тэлефон можна практычна ў любым пункце Беларусі.

Адсюль і праблемы. Студэнты надта актыўна выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналёгіі. Загадаў шаноўны прафэсар напісаць эсэ ці рэфэрат, а моладзь замест бібліятэкі бяжыць на адмысловыя сайты. Ад гэтага і здараюцца розныя камічныя сытуацыі. Дамо слова Леаніду:

(Леанід: ) “Вы ведаеце, я знайшоў рэфэрат на патрэбную тэму. Я яго падрыхтаваў, здаў, але атрымалася так, што яго проста не прынялі, сказаўшы, што такіх рэфэратаў на ўсім курсе ўжо пятнаццаць здалі! І мала таго, што яны аднолькавыя, толькі прозьвішча памянялі, дык яны яшчэ і ад жаночага імя! Было вельмі крыўдна, бо заўсёды ўсё гэта праходзіла, а тут так атрымалася, што не прайшло. І за гэта мяне проста прымусілі пісаць яго ад рукі”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, ці інтэрнэт ідэальная сыстэма, дзе можна знайсьці літаральна ўсё, рэфэраты на ўсе тэмы, альбо трэба нешта самому недзе шукаць яшчэ?”

(Леанід: ) “Я ўжо ня першы год карыстаюся інтэрнэтам, і ўпэўніўся ў тым, што гэта ўнівэрсальная крыніца любой інфармацыі. Рэфэрат, які па тэме, слова ў слова ня знойдзеш, але можна назьбіраць шмат матэрыялу па гэтай тэме і скампіляваць яго ў нейкі дакумэнт”.

(Карэспандэнтка: ) “А вось чаму вы так не зрабілі, калі аддавалі свой рэфэрат?”

(Леанід: ) “Ведаеце, я проста даверыўся людзям. Нехта ўжо здаваў гэтую работу, там нават стаяла адзнака “выдатна”. Я вырашыў паспытаць шчасьця. Ведаеце, у студэнтаў часу няшмат — дзе недаглядзіш, дзе недачытаеш… Так і атрымалася”.

(Карэспандэнтка: ) “А калі ў групе недзе трыццаць чалавек, як ты можаш сказаць працэнтавыя суадносіны — колькі чалавек самі пісалі рэфэраты, а колькі спампавалі з інтэрнэту?”

(Леанід: ) “Дзесьці адсоткаў 15 да 85. 85% спампавана з інтэрнэту”.

(Карэспандэнтка: ) “Ёсьць шмат тэмаў наконт Беларусі, якія актуальныя ва ўсім сьвеце. Ці ёсьць уласнабелурускія парталы, дзе можна знайсьці матэрыял менавіта па Беларусі?”

(Леанід: ) “Вельмі радуе тое, што ў Беларусі зьяўляюцца такія парталы. Як, напрыклад, той жа www.referats.tut.by — гэта ўжо даволі не маленькая калекцыя рэфэратаў зь беларускай спэцыфікай альбо проста на беларускія тэмы”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці багата рэфэратаў на беларускай мове?”

(Леанід: ) “Увогуле гэта залежыць ад дысцыпліны. На такія дысцыпліны як гісторыя Беларусі альбо беларуская мова — гэта проста грэх не пісаць па-беларуску. Таму іх хапае, даволі многа”.

З маладым чалавекам, які назваўся Яўгенам, мы таксама гутарым пра ланцужок “рэфэрат—інтэрнэт—студэнт—выкладчык”. Ён дзеліцца досьведам, як не пагарэць, выдаючы чужую працу за сваю.

(Яўген: ) “Я вялікі спэцыяліст у гэтай справе — пераробліваць рэфэраты. Разумны заўжды зможа зьмяніць рэфэрат, каб яго выкладчык ня мог пазнаць. А дурны так і здасьць! Першая парада такая: хаця б пачытайце гэты рэфэрат. Другая справа, якую патрэбна зрабіць, — гэта нешта памяняць у гэтым рэфэраце. Патрэбна памяняць месцамі абзацы. Таксама важна — дадаць што-небудзь у гэты рэфэрат. Трэба зьмяніць пачатак пад сябе, каб была відаць вашая індывідуальнасьць, і зьмяніць канцоўку вельмі важна. Звычайна выкладчыкі, калі ім патрэбна праверыць пяцьдзясят рэфэратаў, яны іх усе не чытаюць. Пачатак, канец паглядзяць — і ўсё.

Вельмі важна зьмяніць шрыфт, там што многія рэфэраты выкладчыкі могуць пазнаць па шрыфце. Зрабіце які-небудзь арыгінальны шрыфт. Калі ў вас стаіць Таймс Нью Раман, зьмяніце яго на Арыял. Можна выкінуць нейкую сярэднюю частку рэфэрату, і астатняе проста павялічыць шрыфтам — з 12 да 14. І старонкі ня згубяцца, калі будзе патрэбна дваццаць старонак — і злавіць вас ня змогуць. У асноўным рэфэраты пішуць у праграмах Ўорд, і варта выкарыстоўваць усе мажлівасьці гэтай праграмы. Напрыклад, ёсьць розныя функцыі: калянтытулы, нумарацыя старонак — патрэбна гэта ўсё выкарыстоўваць, каб зьмяніць зьнешні выгляд. І выкладчык бачыць: о, гэта нешта новенькае! У гэтым разе ёсьць іншая небясьпека: можа ўзяць — і прачытаць. Можна гэтым апаліцца.

А яшчэ ёсць вельмі цікавая функцыя — міжрадкоўнік. Там трэба выстаўляць інтэрвал не адзінкавы, а паўтара — гэта таксама значна павялічвае аб’ём. Што яшчэ трэба зрабіць, каб павялічыць аб’ём? Кожны разьдзел варта пісаць з новай старонкі, гэта агульнапрынята. За тое ніхто ня зробіць заўвагі, а аб’ём павялічыцца. Я рабіў так, у мяне ўсё атрымлівалася, ставілі нармалёвыя балы”.

(Карэспандэнтка: ) “Выкладчыкі здагадваюцца пра маштабы падману?”

(Яўген: ) “Канечне, здагадваюцца! Вякладчыкі нават часам наўмысна кажуць, адкуль гэтыя рэфэраты пампаваць. У мяне ёсьць адзін знаёмы, кітаец. У яго былі праблемы, ён ня ведае расейскай і беларускай моваў. Праблемы былі сур’ёзныя: ужо патрэбна сэсію здаваць, іспыты, а ў яго яшчэ залікі не паздаваныя. Адна выкладчыца вырашыла яму паспрыяць — і спэцыяльна сказала, які рэфэрат патрэбна спампаваць і дзе яго лепш пампаваць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ты сьцягнуў рэфэрат з інтэрнэту — і гэта не адклалася ў цябе ў галаве, бо не зрабіў сам. Як думаеш, ці можа гэта адбіцца на будучыні?”

(Яўген: ) “Рэч у тым, што цяпер у нашых вучэльнях ёсьць шэраг зусім непатрэбных прадметаў. Звычайна па іх і даюць пісаць рэфэраты. Але ёсьць спэцыяльныя дысцыпліны, канёк твой. І я, напрыклад, па сваім галоўным прадмеце рэфэрат абавязкова напішу сам”.

Гаворкі пра адпрацоўкі

На сувязь з творчай брыгадай “Маладых галасоў” выйшаў студэнт аднаго з рэгіянальных унівэрсытэтаў. На ўмовах поўнай ананімнасьці — без імя, прозьвішча, назвы ВНУ і нават бяз згадкі гораду і вобласьці — ён распавёў уласную гісторыю. Цягам сэмэстру разам зь сябрамі прапусьціў некалькі параў. І яны, каб атрымаць допуск да заліку, вымушаны былі заключыць дамову з выкладчыкам.

(Дзяніс: ) “Студэнты па некаторых дысцыплінах праводзяць адпрацоўкі. Мне здаецца гэта жудасным: прыйшлі да кіраўніка нашага, а ён прапанаваў нам у якасьці адпрацоўкі дапамагчы даставіць адну жывёліну з фэрмы да вэтэрынарнай клінікі. Мы прыйшлі ў добрым адзеньні, абутку… І разумееце, у якім стане мы пасьля гэтага апынуліся? Усе запэцканыя — з ног да галавы! Усю адзежу давядзецца вымыць, высушыць… Вельмі цяжка нам гэта далося!”

(Карэспандэнтка: ) “Як вы цягнулі гэтую карову? Колькі вас чалавек было?”

(Дзяніс: ) “Каля чатырох чалавек. Жывёла вельмі буйная, вялікай вагі…”

(Карэспандэнтка: ) “Якая была рэакцыя кровы?”

(Дзяніс: ) “Яна вельмі хвалявалася — ну, разумееце, стрэс!.. Яна вельмі супраціўлялася, упіралася, бадалася!”

(Карэспандэнтка: ) “А ці сустракаліся вам нейкія людзі, калі вы ўсё гэта рабілі?”

(Дзяніс: ) “Нам сустракаліся людзі, якія проста ўважліва сачылі за намі. Уявіце, калі б вы ўбачылі такую карціну: некалькі чалавек, з каровай, якая ад іх уцякае!.. Сьмешна!”

(Карэспандэнтка: ) “А якія вашыя былі эмоцыі, калі вы цягнулі гэтую карову?”

(Дзяніс: ) “Гэта дужа нагадвала нам беларускі варыянт радэо! Мы проста ляцелі за ёю! Зь вялікай хуткасьцю карова рухаецца па шашы!”

(Карэспандэнтка: ) “А колькі часу заняло ў вас усё гэтае мерапрыемства?”

(Дзяніс: ) “Амаль гадзіну”.

(Карэспандэнтка: ) “А якая была рэакцыя выкладчыка, калі вы гэта рабілі?”

(Дзяніс: ) “Ён глядзеў на гэта зь нейкім кпінам. Сказаў толькі, што закрые пропускі. Вядома, гэта нелегальна, бо ў першую чаргу наш кіраўнік загадаў нікому пра гэта не казаць, каб не рабіць яму лішніх непрыемнасьцяў”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы самі паставіліся да гэтага здарэньня?”

(Дзяніс: ) “Вядома, гэта было прыніжальна! Такую працу мусяць рабіць іншыя людзі!”

(Карэспандэнтка: ) “Ці часта такое практыкуецца ў студэнцкім асяродзьдзі?”

(Дзяніс: ) “Я ведаю яшчэ некалькі прыкладаў са студэнцкага жыцьця…”

(Карэспандэнтка: ) “І каго яшчэ цягаюць?”

(Дзяніс: ) “Сьвіней, коз…”

Гаворкі пра прэміі

На сэсіі стараюцца студэнты, праўду кажучы, ня столькі дзеля добрых адзнакаў, павагі выкладчыкаў і будучага чырвонага дыплёму, колькі змагаюцца за стыпэндыю. Памер дзяржаўных фундацыяў наўпрост залежыць ад акадэмічнай пасьпяховасьці. Але, колькі б грошай ні было, іх заўсёды не стае. Заўважана, што яны сканчаюцца за тыдзень да наступнай стыпэндыі.

Студэнтка аднаго зь менскіх унівэрсытэтаў Ганна падае арыфмэтыку ўласнага жыцьця:

(Ганна: ) “Стыпэндыя складае 80 тысяч рублёў. На што гэтага можа хапаць? Калі я атрымліваю стыпэндыю, то спрабую разьлічыць, на што гэта патрэбна. Я бягу на пошту і аплачваю свой мабільны тэлефон. Застаецца каля 50 тысяч. Далей я купляю праезны білет — гэта яшчэ 20 тысяч. Астатія 30 тысяч разьмяркоўваюцца на ўсе бытавыя патрэбы”.

(Карэспандэнтка: ) “Гэтых грошай хапае да наступнай стыпэндыі?”

(Ганна: ) “Безумоўна, не хапае. Калі мне не хапае грошай, я шукаю іх у кішэнях сваіх бацькоў. Бо пазычаць грошы ў сяброў няёмка, мы зь імі ў аднолькавым становішчы. Наконт ежы. Дзякуй Богу, я мянчанка, і ежай займаецца мая маці, на гэта грошай мне траціць не даводзіцца”.

(Карэспандэнтка: ) “У любым унівэрсытэце навучаюцца людзі ня з гораду. Наколькі іхная сытуацыя адрозьніваецца ад вашай?”

(Ганна: ) “Адрозьніваецца яна ў двух момантах. Па-першае, ім трэба адрозьніваць сваё пражываньне. І наступны момант — гэта дарога да бацькоў. Гэта яшчэ шмат-шмат нашых беларускіх рублёў! Часта я чую ў калідорах нашага ўнівэрсытэту, што, маўляў, апошні раз ела суп шмат тыдняў таму: няма грошай. Гэта насамрэч адбываецца. Гэтага не павінна быць. Чалавек бязь ежы, тым больш малады арганізм, якому трэба вучыцца і разьвівацца… Гэта цяжкае становішча. Выходзяць яны з гэтага становішча наступным чынам: ці завітваюць у госьці да сваіх сяброў, у якіх ёсьць што пад’есьці, ці дадаткова зарабляюць сабе на жыцьцё, калі ёсьць час і магчымасьці”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці можна неяк зарабіць дадатковыя грошы ва ўнівэрсытэце?”

(Ганна: ) “Асобы, якія бяруць актыўны ўдзел ва ўнівэрсытэцкім жыцьці, па-рознаму заахвочваюцца. За спартовае спаборніцтва могуць надбавіць яшчэ адную стыпэндыю”.

(Карэспандэнтка: ) “Грошы — такая рэч, якая можа пасварыць нават самых надзейных сяброў. Ці ёсьць момант зайздрасьці?”

(Ганна: ) “Ёсьць. Гэта часам адбываецца, калі людзі бралі ўдзел у нейкім адным мерапрыемстве, а грошы атрымалі розныя. Такія разборкі, на жаль, адбываюцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць нейкая розьніца для тых, хто вучыцца на бюджэце і на платнай аснове? Ці праўда, што “платнік” ня мае права атрымаць прэмію?”

(Ганна: ) “Такі падзел ёсьць, ён працягваецца. Калі ўсім перад новым годам падвысілі стыпэндыю, то “платнікі” ніяк гэтага не адчулі. А яны ж таксама ўнесьлі нешта ў жыцьцё ВНУ… Можна было б неяк адзначыць і іх. Асноўная маса атрымала аднолькавую суму — 25 тысяч рублёў. І толькі некаторым асобам далі значна большую суму за іх актыўны ўнёсак у жыцьцё ўнівэрсытэту. Момант сымпатыі й антыпатыі, мабыць, прысутнічае, бо калі некаму прызначалася большая сума, сьпісы з гэтымі людзьмі былі пададзеныя ў дэканат. Мабыць, некую ролю адыгрывае і сымпатыя ўсяго калектыва, куратара, пэдагогаў”.

Гаворкі пра выбар тэхнікі

Нашае экспрэс-апытаньне. Выбіраючы тэхніку, моладзь аддае перавагу айчыннай прадукцыі альбо замежным аналягам? Што беларуская прамысловасьць выпускае ўдала, а што ня вельмі? Ці патрэбная Беларусі ўласная вытворчасьць мабільных тэлефонаў ды іншых высокатэхналягічных тавараў?

(Карэспандэнтка: ) “Што ты выбярэш: любое сваё альбо добрае замежнае?”

(Дзяўчына: ) “Выберу добрае замежнае, таму што няма гарантыяў, што нашае беларускае будзе мець адпаведную якасьць. Ня факт, што яно не зламаецца праз тры тыдні, калі мы гаворым пра сотавыя тэлефоны альбо нейкую тэхніку. Нашая бацькаўшчына хутчэй спэцыялізуецца на калійных солях альбо нейкіх там угнаеньнях, таму няма даверу да тэхнікі ці нейкіх там прыладаў”.

(Хлопец: ) “Вядома, хачу купіць сваё беларускае, але лепей куплю замежнае. Таму што ўзровень замежнага лепшы, чым нашага беларускага. Нашыя прадпрыемствы не выпускаюць добрай тэхнікі, якая магла б рэальна канкураваць на рынку. Трэба рабіць нейкія сумесныя аб’яднаньні з замежнымі фірмамі. Трэба вырабляць добрую тэхніку. Напрыклад, фірма “Самсунг” выпускае мікрахвалёвыя печкі. Фірма “Матарола” выпускае мабільныя тэлефоны. У нас у Беларусі таксама выпускаюцца мабільныя тэлефоны, але ў кішэню яго не пакладзеш, бо памерам ён зь мікрахвалёўку”.

(Дзяўчына: ) “А я, канечне, выберу беларускую, таму што я адданы патрыёт нашай краіны! Якасьць тэхнікі, можа, і не такая добрая, але падводзіць яна не заўсёды”.

(Хлопец: ) “Я, мабыць, айчынную. Я так выхаваны, што перавагу аддаю айчыннай тэхніцы. Мне здаецца, яна больш якасная. Таму што тэхніка, якая прывозіцца з замежжа… Вельмі часта можна купіць падробкі”.

(Дзяўчына: ) “Я выберу тое, што будзе лепш, ці беларускае, ці замежнае”.

(Карэспандэнтка: ) “А як ты думаеш, што варта вырабляць у Беларусі ў пляне тэхнікі?”

(Дзяўчына: ) “Трэба пачынаць выпускаць мабільныя тэлефоны, таму што гэта вельмі важна для сучаснага чалавека, таксама ноўтбукі”.

(Карэспандэнтка: ) “А што наконт якасьці тых жа мабільных тэлефонаў — ці будзе яна адпавядаць міжнародным стандартам?”

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што калі мы будзем шмат працаваць, то ў хуткім часе ў нас зьявіцца магчымасьць рабіць добрую тэхніку”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі перад табой паўстае выбар наконт тэхнікі, якую ты выбярэш — сваю, беларускую, альбо замежную?”

(Хлопец: ) “Добрую замежную. Таму што беларуская тэхніка вельмі няякасная, яе штампуюць на заводзе ня ведаю, для каго. Здаецца, для сваёго народу, але з такой якасьцю, што нават сабакам не пажадаеш!”

(Карэспандэнтка: ) “Калі перад табой паўстае выбар наконт тэхнікі, якую ты выбярэш — сваю, айчынную, альбо замежную?”

(Дзяўчына: ) “Напэўна, замежную — неяк ня вельмі давяраю айчыннай тэхніцы. Неяк яна ня вельмі добра сябе зарэкамэндавала пакуль што. Мне здаецца, трэба ўвогуле нам разьвівацца, таму што нічога добрага ў нас цяпер няма”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі спатрэбіцца гадоў, каб якасьць нашай тэхнікі выйшла на міжнародныя стандарты?”

(Дзяўчына: ) “Я ня ведаю, я не Настрадамус, вядома! Але я спадзяюся, што ня вельмі шмат. Можа, гадоў дзесяць”.

Гаворкі пра кіно і паленьне

І на фінале праграмы пра прыемнае. Маладзён Косьця паглядзеў фільм рэжысэра Джыма Джармуша “Кава і цыгарэты”. Стужка ўразіла Кастуся настолькі моцна, што ён кінуў паліць. Хлопец падзеліцца ўласнай гісторыяй, а мне застаецца толькі дадаць: усё адбываецца паводле Ўладзімера Леніна, які некалі прамовіў, што “кіно — гэта галоўнае з мастацтваў”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці модна ў наш час паліць?”

(Кастусь: ) “Можна сказаць, што паліць цяпер у беларускай моладзі модна. Згодна са статыстыкай, паляць, мабыць, дзьве траціны моладзі ва ўзросьце ад 14 да 16 гадоў. Пасьля 16 гадоў часта кідаюць. Калі ідуць нейкія плякаты, нейкія акцыі супраць паленьня, то тут раптам дылема ўзьнікае — ідзе рэкляма ад саміх гэтых тытунёвых кантораў. Яна ўзьдзейнічае на моладзь значна больш. Ну, вось гляджу я нейкі там плякат, дзе малады прыгожы мужчына абдымае такую ж прыгожую жанчыну, побач машына “Формула 1”… Вось гэта ўзьдзейнічае на сьвядомасьць людзей значна больш, чым рэкляма “Скажем нет курению!” і ўсё астатняе.

Хочацца пажадаць нашым уладам, каб не было вось такога актыўнага насаджэньня антыцыгарэтнага ўплыву, таму што адваротная рэакцыя тут узьнікае ў людзей. Калі рабіць гэтую антыцыгарэтную прапаганду, дык яе трэба рабіць менш інтэнсіўна і больш якасна. Дапусьцім, чалавеку падабаецца чытаць нейкія кніжкі, падабаецца яму нейкі аўтар. І калі гэты аўтар скажа, што я, маўляў, не палю, бо лічу, што гэта ніжэй за мяне самога, тады ўзьдзеяньне будзе. Я яму паверу і таксама ня буду паліць. А калі мне проста гавораць, што нельга, то ідзе дух супраціву”.

(Карэспандэнтка: ) “Ты вельмі цікава кінуў паліць. Як гэта адбылося?”

(Кастусь: ) “Паказвалі фільм “Кава і цыгарэты”. Увесь фільм паказвалі розныя сюжэты, як людзі палілі і пры гэтым пілі каву. Паказвалі тых людзей у самых звычайных сытуацыях жыцьцёвых. Нібыта нейкія мары ёсьць для дасягненьня нейкіх мэтаў у жыцьці. І ты глядзіш, што ў прынцыпе гэтыя людзі нічога не дасягнулі. І разумееш, што ня хочаш быць такім, як яны. І тут ня трэба ніякае прапаганды, тут кожны гэты фільм разумее па-свойму. Але я яго зразумеў так: калі ты п’еш каву і курыш кожны дзень, то, у прынцыпе, нічога не дасягнеш. Таму што сьветапогляд значна адрозьніваецца ад сьветапогляду людзей, якія гэтага не робяць. Калі ты адмаўляесься адначасова і ад кавы, і ад цыгарэтаў — ты зьмяняеш увогуле свой лад жыцьця”.

(Карэспандэнтка: ) “Пасьля таго, як ты кінуў паліць, якія былі адчуваньні — фізычныя, псыхалягічныя?”

(Кастусь: ) “Калі ты раптам вырашыў кінуць паліць, то гэта трэба зламаць нейкі псыхалягічны бар’ер, каб ты сапраўды захацеў кінуць паліць. Не таму, што цябе нехта папрасіў, а таму, што ты сам зразумеў, што ты хочаш кінуць паліць. І калі я ўжо вызначыўся, што мне гэта не патрэбна, дык я дакладна ведаў, што паліць ня буду. І ніякага псыхалягічнага траўмаваньня не было. Праблема толькі ў тым, што калі ўсе выходзяць у курылку, дык ты проста не ідзеш зь імі. Вось гэта псыхалягічны момант цяжкі, трэба знайсьці, чым заняцца”.

(Карэспандэнтка: ) “А да гэтага моманту, якімі спосабамі цябе змушалі кінуць паліць?”

(Кастусь: ) “Ставілі ў кут, бацька лупцаваў некалькі разоў. У школе ганялі… Але гэта нічога не дае звычайна”.

(Карэспандэнтка: ) “Ты студэнт. Як кіраўніцтва вашага ўнівэрсытэту змагаецца з тымі, хто паліць?”

(Кастусь: ) “Не дазваляюць курыць на ганку — ідзі, маўляў, у курылку. А зімою ж халодна туды бегчы. І ты пачынаеш думаць: бегчы туды, альбо лепш пасядзець у цяпле і пазмагацца з самім сабою. Але ўсё адно студэнты знаходзяць нейкі выхад: ідуць у прыбіральню, паляць там. Каб былі нейкія асаблівыя ганеньні — дык няма ж”.

Бальшыня тэмаў гэтага выпуску прысьвечаная зімовай сэсіі. Але нават чарада самых складаных іспытаў раней ці пазьней заканчваецца. І тады студэнты пачынаюць жыць вясёла ажно да наступнай сэсіі. А я, Арына Аляхновіч, разьвітваюся з вамі. Да хуткае сустрэчы на хвалях Радыё Свабода!
XS
SM
MD
LG