Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыўся амэрыканскі куток у гарадзенскай бібліятэцы імя Я.Карскага – на адкрыцьцё прыехаў амбасадар ЗША


Міхал Карневіч, Горадня Амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол перадаў сёньня ў дар Гарадзенскай абласной бібліятэцы імя Яўхіма Карскага кніжкі, оргтэхніку, відэакасэты, кампакт- і відэадыскі — больш як на 25 тысяч даляраў. Свой падарунак ён назваў абавязкам амэрыканскага народу перад беларускім, які 60 гадоў таму сумесна з амэрыканцамі змагаўся супраць фашызму.

Гаворыць Джордж Крол, амбасадар ЗША ў Беларусі:

(Крол: ) “Шаноўнае спадарства, шаноўныя калегі, сябры! Для мяне вялікі гонар адкрыць сёньня амэрыканскі куток у гарадзенскай бібліятэцы імя Карскага. Спадзяюся, што гэтыя матэрыялы дапамогуць стаць ёй сапраўдным цэнтрам узаемных кантактаў між беларускім і амэрыканскім народамі. Супрацоўнікі замежнага аддзелу бібліятэкі імя Я.Карскага, які месьціцца ў Доме-музэі Элізы Ажэшкі, казалі мне, што такіх багатых падарункаў ім ніхто не дарыў. Гэта сучасныя выданьні па эканоміцы, паліталёгіі, культуралёгіі і нават знакамітая энцыклапэдыя “Брытаніка”. А таксама відэакасэты для вывучэньня ангельскай мовы з тэлевізарам і відэамагнітафонам, кампакт-дыскі з СД-плэерам і некалькі кампутараў. Прычым інфармацыі шмат як для дарослых, так і для дзяцей”.

Сваю прамову спадар амбасадар казаў па-беларуску і асноўнае, што ён зазначыў, што гэта не падарунак беларускаму народу, а абавязак амэрыканцаў перад тымі, хто сёлета будзе сьвяткаваць сумесную перамогу над фашызмам. Падобныя амэрыканскія куткі раней ужо былі адкрыты ў іншых гарадах Беларусі: Менску, Гомелі, Магілёве і будуць адкрывацца ў іншых гарадах.

Адно з пытаньняў амбасадару ад журналістаў датычыла заявы Кандалізы Райс, якая ўключыла Беларусь у пералік краінаў, якія ўтвараюць у сьвеце вось зла. Амбасадар патлумачыў, што падставай для такой заявы сталі парушэньні правоў чалавека ў Беларусі — у прыватнасьці, ён згадаў апошнія парлямэнцкія выбары і рэфэрэндум, якія не адпавядалі дэмакратычным нормам. А таксама заўважыў, што падобнай пазыцыі трымаюцца і краіны Эўразьвязу. Джордж Крол сказаў, што і на сустрэчы з гарадзенскім старшынём гарвыканкаму У.Антоненкам размова вялася пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, праўда, не ўдакладняў, пра якія канкрэтна выпадкі.

Заўтра амбасадар ЗША сустрэнецца з прадстаўнікамі незалежных СМІ і апазыцыйных партыяў.
XS
SM
MD
LG