Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб на хмель не мароз, ён бы тын перарос


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

З усіх граматычных ладоў дзеяслова чалавек – паўсюдна і ўва ўсе часы – любіў і надалей любіць будзе лад умоўны. Так прагнецца яму – тою парою, калі ўжо нічога немагчыма зьмяніць і паправіць – пусьціць плынь часу ў адваротным кірунку. “Вось каб...” – гукаюць на ўсіх кантынэнтах, і беларуская прымаўка тую фразу годна закончвае: каб на хмель не мароз, ён бы тын перарос.

Выйдзем у гарадзкі парк, паслухаем штосьці з гэткага рэпэртуару:

– Калі б Ленін пражыў яшчэ зь дзясятак гадоў... – са скрухаю прамаўляе стары камуніст, маракуючы, што ў такім выпадку мы б усе жылі пры камунізьме.

– Калі б Бог даў Андропаву здароўя, – уздыхае вэтэран “органаў”, справядліва думаючы, што пры такім раскладзе пра дэмакратаў і почуту б не было.

– Вось бы ў 94-м прадпрымальнікі падтрымалі на выбарах Пазьняка, – разважае паджылы адраджэнец, – мы б даўно жылі ў эўрапейскай краіне.

Самая пара згадаць, што ў гісторыі, і наагул у жыцьці, няма ўмоўнага ладу, і ў разьлік прымаецца толькі тое, што надарылася. І беларусы ўрэшце сталіся такімі, якія ёсьць, дзякуючы рэальным гістарычным падзеям.

Спрадвечныя непаразуменьні паміж умоўным ладам і гісторыяй віравалі ўва ўсе часы, і адпаведныя прымаўкі ёсьць практычна ўва ўсіх мовах сьвету. Вось і нашыя ўсходнія браты цалкам слушна кажуць: если бы да кабы, да во рту росли грибы, альбо проста: если бы да кабы... Цікавая прымаўка ёсьцека і ў ангельцаў: if ifs and ans were pots and pans, што можна перакласьці так: калі б тое ды сёе, дык былі б і гаршкі, і рандоля. Прыдумалі прымаўку кельты, а гучыць яна, далібог, па-беларуску. Прынамсі, ня горш ад нашага: каб на хмель не мароз, ён бы тын перарос.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG