Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 25 студзеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 25 студзеня.

“Крыніца”, 1925 год:

“Нягледзячы на разнародныя перашкоды з боку адміністратыўнае ўлады, нягледзячы на пагрозы карамі за дамаганьне беларускае школы і т.п., — жаданьне вучыцца ў роднай мове расьце з кожным днём. У іншых мясцох, дзе народ байчэйшы і сьмялейшы, ўжо адкрыты прыватныя беларускія школы, утрымліваныя самымі сялянамі. У другіх народ дамагаецца беларускіх урадавых школ — ці то новых, ці ператвораных з істнуючых цяпер супраць волі насяленьня школ польскіх”.

“Настаўніцкая газета”, 1975 год. Кандыдат гістарычных навук У.Іваноў цытуе дзесяціклясьніка Красьненскай СШ Маладэчанскага раёну:

“Да рэлігіі стаўлюся рэзка адмоўна. Па-першае, таму што вера ў бога знішчае ў чалавеку ўсе лепшыя якасці члена грамадства. Па-другое, яна выхоўвае яго крывадушным. Напрыклад, веруючы школьнік дома моліцца, а на ўроку можа атрымаць добрую ацэнку па тэорыі Дарвіна… Да веруючых я таксама стаўлюся адмоўна. У большасці выпадкаў гэта людзі малапісьменныя, якія расчараваліся ў жыцці, шукаюць шчасця ў рэлігіі”.

“Вечерний Минск”, 1985 год. Т.Гаробчанка рэцэнзуе кнігу Вольгі Нячай “Блеск и нищета “массовой культуры”:

“Уводзячы чытача ў атмасфэру буржуазнай “масавай культуры”, аўтар на аснове канкрэтных рэаліяў сучаснага амэрыканскага кіно задаецца пытаньнямі больш шырокага пляну. Напрыклад, ці можна лічыць маскульт сучасным гарадзкім фальклёрам, міталёгіяй ХХ ст.? В.Ф.Нячай рашуча адкідае такое меркаваньне… Маскульт антынародны па самой сваёй сутнасьці. Ён маскуецца пад выказваньне пажаданьняў народных масаў, а насамрэч зьяўляецца буржуазнай псэўдакультурай”.
XS
SM
MD
LG