Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Newsweek”: пэрспэктывы “аранжавай рэвалюцыі” ў Беларусі й іншых краінах СНД


Віталь Цыганкоў, Прага Вядомы амэрыканскі часопіс “Newsweek” у матэрыяле “аранжавая гарачка” піша пра пэрспэктывы аўтарытарных рэжымаў у краінах СНД. Часопіс распавядае пра тыя крокі, якія робяць кіраўнікі гэтых дзяржаваў дзеля прадухіленьня пераменаў. Са зьместам артыкула вас пазнаёміць наш карэспандэнт.

Пакуль Віктар Юшчанка прымае прысягу, ягоныя калегі ў іншых постсавецкіх краінаў усё глыбей паглыбляюцца ў паранойю. “Яны глядзяць на Грузію, яны глядзяць на Ўкраіну, і яны напалоханыя” – кажа прадстаўнік праваабарончай арганізацыі “Human Right Watch” Экэйсія Шылдс.

Напрыклад, прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нядаўна зьняволіў аднаго зь лідэраў апазыцыі Міхаіла Марыніча па абвінавачваньні ў выкраданьні кампутараў з арганізацыі, якую ён сам і ўзначальваў. Выбарчая камісія Таджыкістану пастанавіла, што апазыцыйны лідэр Махмадрузі Іскандараў ня мае права браць удзел у парлямэнцкіх выбарах у лютым. У пачатку месяца суд у Казахстане зачыніў галоўную апазыцыйную партыю ў краіне. У Кыргызстане, дзе ў лютым пройдуць парлямэнцкія, а ў кастрычніку – прэзыдэнцкія выбары, прэзыдэнт Аскар Акаеў заявіў, што любыя маніфэстацыі альбо беспарадкі сустрэнуць узброены адпор. Ён таксама не дазволіў удзельнічаць у выбарах галоўным апазыцыйным кандыдатам, і прапанаваў новы закон, якія забараняе любыя несанкцыянаваныя сходы і мітынгі.

Ці азначае гэта, што аўтакратыі будуць зрынутыя ва ўсім рэгіёне, як ва Ўкраіне?

Пакуль не, – лічыць Таня Малькальм з “Eurasia Group” у Нью-Ёрку. Кожная з гэтых краінаў вельмі адрозная ад Украіны, каб гарантаваць ланцуговую рэакцыю. Вазьміце, напрыклад, Беларусь, кажа Малькальм. Украінцы мелі права на свабоду сходаў, беларусы ня маюць такой магчымасьці. Лукашэнка таксама карыстаецца непахіснай падтрымкай Расеі. Украінска-расейскія дачыненьні мелі шмат праблемаў, але Масква і Менск нашмат бліжэйшыя адзін да аднаго. Мірныя перавароты ў Казахстане, Таджыкістане і Ўзбэкістане наўрад ці магчымыя ў бліжэйшай будучыні. Чаму? “Людзі пакуль ня бачылі ўладу, што прыналежыць народу” – кажа прадстаўніца “Human Right Watch” Экэйсія Шылдс. Толькі па тэлевізары, але не ў рэальным жыцьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG