Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія аналітыкі ўпэўненыя, што Юлія Цімашэнка стане прэм’ер-міністрам Украіны


Ганна Соусь, Прага Украінскі прэзыдэнт Віктар Юшчанка прызначыў выканаўцай абавязкаў прэм’ер-міністра Ўкраіны сваю хаўрусьніцу па “аранжавай рэвалюцыі” Юлію Цімашэнку. Яе кандыдатуру яшчэ павінен зацьвердзіць парлямэнт Украіны. Цімашэнка яшчэ не абнародавала сваю праграму, але раней яна абяцала перагледзіць сумнеўныя факты прыватызацыі, прасоўваць рыначныя рэформы, перагледзіць нацыянальны бюджэт і аднавіць высілкі Ўкраіны ў справе далучэньня да Эўразьвязу. Украінскія аналітыкі лічаць яе прызначэньне фактычна гарантаваным.

Напачатку студзеня Юлія Цімашэнка фактычна патрабавала прызначэньня прэм’ер-міністрам Украіны. Яна спасылалася на дамоўленасьць зь Віктарам Юшчанкам, які летась ў чэрвені абяцаў ёй гэтую пасаду ў выпадку, калі яго абяруць прэзыдэнтам Украіны.

Жаданьне Юліі Цімашэнкі ажыцьцявілася ў панядзелак, калі перад адлётам у Маскву на сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі Віктар Юшчанка прызначыў яе выканаўцай абавязкаў прэм’ера.

Аналітык Аляксандар Літвіненка з цэнтру Разумкова ў Кіеве ўпэўнены, што парлямэнт ухваліць кандыдатуру Цімашэнкі.

(Літвіненка: ) “Што да ўхваленьня, то на маю думку шанцы вельмі высокія. Паводле ацэнак экспэртаў цяпер фактычна любая кандыдатура, якую прапануе Юшчанка на пасаду прэм’ера, будзе ўхваленая парлямэнтам”.

Паводле Аляксандра Літвіненкі, праўдападобна супраць Юліі Цімашэнкі выступяць толькі камуністычная фракцыя, некаторыя дэпутаты сацыял-дэмакраты і частка дэпутатаў ад усходніх раёнаў.

Прафэсар гісторыі і філязофіі Магілянскай Акадэміі ў Кіеве Ігар Лосеў лічыць, што сапраўдныя рэформы наўрад ці пачнуцца да вясны 2006 году, калі ва Ўкраіне маюць адбыцца парлямэнцкія выбары.

(Лосеў: ) “Мне падаецца, што пачынаць гэта цяпер, за год да парлямэнцкіх выбараў, было бы самазабойствам. Такім чынам будуць праведзеныя толькі такія рэформы, якія не закрануць большасьць насельніцтва краіны”.

Ігар Лосеў лічыць, што першымі крокамі Цімашэнкі стануць барацьба з карупцыяй і мясцовымі бізнэс-клянамі, а таксама адмена некаторых сумнеўных фактаў прыватызацыі. Аднак, паводле Лосева, ніякай нацыяналізацыі ў нацыянальным маштабе ня будзе.

Што да інтэграцыі ў эўрапейскія структуры, то Ігар Лосеў мяркуе, што нават і ня зьяўляючыся сябрам Эўразьвязу, Украіна можа цалкам рэальна стварыць зону свабоднага гандлю, далучыцца да мытнага зьвязу і паслабіць візавы рэжым паміж Украінай і Эўразьвязам.

Прызначэньне Юліі Цімашэнкі выканаўцай прэм’ер-міністра Ўкраіны сьведчыць таксама і пра тое, што Віктар Юшчанка можа заняць жорсткую пазыцыю ў стасунках з Расеяй.

Вось як выказаўся ўчора пра новы ўкраінскі ўрад расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін.

(Пуцін: ) “Я мяркую, што мы не павінны ацэньваць новы ўкраінскі ўрад. Па-першае, ён яшчэ не сфармаваны, наколькі я ведаю. І па-другое, вынікі працы таго ці іншага нацыянальнага ўраду павінны ацэньваць грамадзяне той краіны, дзе дзейнічае гэты ўрад”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG