Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі папрасіў палітычнага прытулку ва Ўкраіне


Альгерд Невяроўскі, Менск У сваім звароце да прэзыдэнта Віктара Юшчанкі жодзінец Аляксандар Ваўчанін сьцьвярджае, што існуе пагроза ягонаму здароўю і жыцьцю з боку беларускіх уладаў і спэцслужбаў.

25 студзеня Аляксандар Ваўчанін перадаў зварот да Віктара Юшчанкі ў амбасаду Ўкраіны ў Беларусі. У ім ён піша: “Паважаны спадар Прэзыдэнт, прашу Вас даць мне палітычны прытулак у Вашай краіне ў зьвязку з пагрозай фізычнай расправы з боку спэцслужбаў і уладаў”. Гаворыць Аляксандар Ваўчанін:

(Ваўчанін: ) “Супраць мяне як кандыдата ў дэпутаты парлямэнту рыхтуецца расправа. Адзін з кіраўнікоў спэцслужбаў, які мяне добра ведае, папярэдзіў, што са мной хочуць фізычна расправіцца. Ён і ягоныя людзі адмовіліся гэта рабіць. Вось гэтая небясьпека, інфармацыя пра якую прыходзіць з такіх важных крыніцаў, я думаю, што гэтаму варта верыць”.

Цяпер Аляксандар Ваўчанін узяў адпачынак у жодзінскім шпіталі, дзе ён працуе фэльчарам брыгады хуткай дапамогі, і чакае рашэньня Віктара Юшчанкі. Ён спадзяецца, што новы прэзыдэнт Украіны задаволіць ягоную просьбу. У сваім звароце спадар Ваўчанін таксама паведамляе, што ён быў адным з удзельнікаў памаранчавай рэвалюцыі ў Кіеве.

Дарэчы, прыкладна празь месяц пасьля таго, як Аляксандар Ваўчанін вярнуўся з Кіева, жодзінскія чыноўнікі правяралі, за чый кошт ён езьдзіў ва Ўкраіну і чаму ён у гэтыя дні не працаваў. Пасьля гэтай праверкі Аляксандар Ваўчанін ужо зьвяртаўся да Віктара Юшчанкі з просьбай заклікаць Аляксандра Лукашэнку спыніць ціск на беларускіх удзельнікаў украінскай памаранчавай рэвалюцыі.

Аляксандар Ваўчанін зьяўляецца сябрам Нацыянальнага камітэту Аб’яднанай грамадзянскай партыі, быў дэпутатам Жодзінскага гарадзкога савету двух скліканьняў. Падчас мінулых выбараў балятаваўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але быў пазбаўлены кандыдацкай рэгістрацыі.
XS
SM
MD
LG