Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Украіны: “Выстаялі ўкраінцы — выстаяць і беларусы”


Паўло Зубюк, Кіеў Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Украіны народны дэпутат Уладзімер Яварыўскі, гаворачы пра ўплыў аранжавай рэвалюцыі на лёс украінскай культуры, згадаў і сытуацыю ў Беларусі. Са спадаром Яварыўскім размаўляў наш карэспандэнт.

Паводле старшыні Саюзу пісьменьнікаў Украіны Ўладзімера Яварыўскага, былы прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма за дзесяць гадоў свайго кіраваньня фактычна перакрэсьліў многія пэрспэктывы разьвіцьця культуры ўкраінскай нацыі. На новага прэзыдэнта Віктара Юшчанку ўкраінскія дзеячы культуры цяпер ускладаюць вялікія спадзяваньні, бо Юшчанка вельмі прыхільны да інтэлігенцыі.

(Яварыўскі: ) “Створана проста лібэральная сытуацыя, і я перакананы, што вельмі хутка мы адчуем дапамогу і дзяржаўную падтрымку”.

Паводле спадара Яварыўскага, ён і ягоныя калегі перажываюць за тое, што адбываецца у духоўным жыцьці беларусаў.

(Яварыўскі: ) “Нашыя праблемы у параўнаньні зь іхнымі — зусім розныя рэчы. Нам усё ж удалося адстаяць і наш будынак пісьменьнікаў, які Кучма хацеў забраць для свайго фонду, нам удалося адстаяць чэснае імя пісьменьніка. Увогуле, выселіць Саюз пісьменьнікаў, выкінуць на вуліцу, не прыйсьці на пахаваньне Васіля Быкава, якім бы ганарылася любая літаратура сьвету — гэта вельмі горка”.

Уладзімер Яварыўскі мяркуе, што беларусы павінны разам з украінцамі супрацьстаяць экспансіі расейскай масавай культуры.

(Яварыўскі: ) “Вы павінны выстаяць! Выстаялі мы — я перакананы, што выстаіце і вы. Мы гатовы падтрымаць, калі трэба, у межах магчымага. Улада дурная — і вашая, і былая нашая. Яна думала, што дух народу — літаратуру — магчыма зьнішчыць альбо зламаць, альбо неяк зарэгуляваць. Немагчыма! Мы перакананыя: скончыцца гэта ўсё, раней альбо пазьней. Добра, каб своечасова”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG