Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“З усімі вам, Аляксандар Рыгоравіч, пашанцавала! Вам толькі не пашанцавала з Джорджам Бушам!”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 24 студзеня 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Уладзімер Мікалаевіч: ) “Ад усяго беларускага народа і ад беларускай чыгункі хачу праз Радыё Свабода павіншаваць украінскі народ з выбарам у прэзыдэнты Віктара Юшчанкі, пажадаць яму і яго народу ўсяго добрага”.

(Зіноўеў: ) “Добры дзень! Лічу, што пытаньне “Палепшылася ці пагоршылася нашае жыцьцё ў гэтым годзе ў сувязі з павелічэньнем валавага прадукту на 11,5 адсоткаў” – некарэктнае. Пытаньне трэба ставіць, палепшылася ці пагоршылася жыцьцё не за адзін ці два гады, а за нейкі пэрыяд. Калі б вы запыталі, палепшылася ці пагоршылася жыцьцё беларусаў у параўнаньні з 1992 годам, калі пры ўладзе быў Шушкевіч, у параўнаньні зь мінулым годам, то большасьць беларусаў напэўна жахліва б узгадалі, калі з талёнам у дрыжачай руцэ мы стаялі за бутэлькай алея і 200 г сьметанковага масла. А цяпер, ці палепшылася, ці пагоршылася жыцьцё, кажуць паказальнікі. Цяпер нельга выйсьці на панадворак ці перайсьці дарогу, бо ўсё забіта легкавымі аўтамабілямі. А гэта ж машыны простага народу! Цяпер у любой краме, дзе гандлююць тэлевізарамі, напрыклад, фірмовыя “Віцязь” ці “Горизонт” – там сотні людзей тоўпяцца, і штодзённа прадаюцца па 300-400 тэлевізараў. А колькі беларусаў набылі пральныя аўтаматычныя машыны! Цяпер існуе конкурс, каб паступіць на платнае навучаньне, і людзі здольныя аплочваць навучаньне сваіх дзяцей. І гэта простыя людзі! Вось гэта кажа пра ўзровень жыцьця! Вось што трэба параўнаць, а ня так, як вы пытаецеся”.

(Спадар: ) “Слухаў перадачу аб выбарах у прэзыдэнты рэспублікі. І лепшую думку выказаў Кароль, рэдактар газэты “Згода”. Але хачу дадаць, што ўсе гэтыя партыі, якія яны абмяркоўвалі – ніхто і ніяк зь іх ня пройдзе. Яны выпускаюць з-пад увагі грамадзкія арганізацыі і працоўныя калектывы, то бок, дарэмнай траты энэргіі людзей ня трэба рабіць. Улічыце гэта”.

(Спадар: ) “Да БТ. Спыніцеся паказваць спэктаклі ў выкананьні аднаго актора! Галоўнакамандуючаму. За ўсё, што робіцца ў рэспубліцы Беларусь адказвае прэзыдэнт. Кошты на ўсё растуць, жыцьцёвы ўзровень з кожным годам падае… Дык навошта мне такі прэзыдэнт, які за ўсё адказвае, але нічога ня ведае? Жыве Беларусь!”

(Спадарыня: ) “Я хачу адказаць на тэлефанаваньне спадарыні, якая жадала Джорджу Бушу таго, што ён даў ірацкаму народу. Мне здаецца, яе пажаданьні не па адрасу. Тое, што адбываецца зараз у Іраку – на сумленьні дыктатара Садама Хусэйна. Зразумела, было б лепш, каб у Іраку адбылася бяскроўная рэвалюцыя, накшталт грузінскай альбо ўкраінскай. Але гэтага не магло здарыцца, бо не было ўжо ніякага супраціўленьня садысцкаму рэжыму Садама. Гэта ён спальваў у кіслаце людзей, якія хоць як выказвалі сваю нязгоду зь ім. Гэта ён, а ня Буш, трымаў каманду галаварэзаў, якія гвалтавалі жанчын у турмах. Гэта Садам выкарыстоўваў у турмах нечалавечыя катаваньні, якімі кіраваў асабіста яго сын Удай. Дый зараз усе гэтыя тэракты, забойствы падрыхтаваныя ня Бушам, а паплечнікамі дыктатара, якія загадзя падрыхтавалі і зброю, і забойцаў. Дык пры чым жа тут Амэрыка і Буш? Вы хоць уяўляеце, што было б далей з ірацкім народам, каб ад садыста Садама ўлада ў спадчыну перайшла да якога Кусая ці Ўдая, сынкоў, якія атрымлівалі асалоду, гледзячы на пакуты людзей, якіх катавалі?”

(Слухач: ) “Днямі былі ўзнагароджаны дзеячы культуры і мастацтва, якія нібыта ўнесьлі вялікі ўклад у беларускую культуру. Сярод узнагароджаных – Таіса Бондар.

Бондар холдынгам кіруе, Вельмі правільна шчыруе. Вось і ўзнагародзілі За добрыя паводзіны.

Шкада мне паэтаў, Што служаць уладзе. Жыцьцё так няўмольна бяжыць. Паэмы для трону – і ўжо няма часу радзіме служыць.

Прыдворныя песьні – кароткі іх век, Сыйдзе ўладар – і забудуць матыў. Падумай, паэт, калі талент ты меў, Каму ты служыў?”

(Зіноўеў: ) “Я хачу павіншаваць Віктара Андрэевіча Юшчанку з новай пасадай, пажадаць яму плённай працы на карысьць агульнаэўрапейскага дому, на карысьць Украіны, як часткі Эўропы.

Я думаю, што спроба дзяржаўнага перавароту, якая была распачата з дапамогай менавіта Расеі, у якой паўдзельнічалі і мэр Масквы Лужкоў і старшыня выбарчай камісіі Прывалаў, калі-небудзь будзе кім-небудзь апісаная, і будзе магчымасьць нават пачытаць.

Я думаю, што калі б перамог атаман данецкі Януковіч, то ён бы ўвёў тое самае, што Лукашэнка тут на Беларусі для прыежджых з Расеі і Беларусі. І нават шчасьце, што перамог Юшчанка, а то гарантавана, што Януковіч вёў бы ў гатэлях тры кошты: для беларусаў і расейцаў. І вось гэтак яны б адзін з адным і лаяліся, а людзі б іх проста бачылі на Славянскім базары, як трох Віцязяў, у якіх усё нармальна.

Таму, лічу, што больш сумленнага і прыстойнага чалавека, чым Віктар Андрэевіч Юшчанка, для ўкраінскага народу, як і для Ўкраіны, як часткі Эўропы, і ўявіць цяжка. Віншую і посьпехаў!”

(Спадар: ) “Хачу зьвярнуцца нават не да Свабоды, а да Сьцяпана Сухарэнкі, які, відаць, падслухоўвае гэты нумар, бо Ерын жа сказаў, што ўсе цікавыя ім нумары праслухоўваюцца.

Дык вось, паважаны Сьцяпан Сухарэнка, перадайце свайму патрону, што яму зусім пашанцавала ў Расеі. Слабы падпалкоўнічак – цяпер я чытаю, што пачатак кар’еры Сяргея Лаўрова быў зьвязаны з тым, што яго маці была палюбоўніцай сына Брэжнева. Блахін таксама гатовы таньчыць пад дудку любога самазванца, які там ў Маскве. З усімі вам, Аляксандар Рыгоравіч, пашанцавала! Вам толькі не пашанцавала з Джорджам Бушам! І гэта мяне чартоўскі радуе! Таму што тое, што Ільхану Аліеву прабачаецца, ніколі не прабачыцца вам. І гэта правільна! І ў гэтым вялікая маральная сіла адміністрацыі Буша і Кандалізы Райс. І таму ваша карта, Аляксандар Рыгоравіч, біта! І адказваць пра ўсе злачынствы перад беларускім народам вам усё ж такі прыйдзецца!”

(Спадар: ) “Я хачу запытаць, ці ёсьць у Беларусі тыранія? Дык вось у Дзятлаўскім раёне, калгас “Слава працы”, чалавек дапрацаваў да пэнсіі, згубіў сваё здароўе, а яму не выплочваюць шэсьць месяцаў пэнсіі. Ён завецца Залімонскі Тадэвуш. Каб ня жонка, дык памёр бы з голаду. Жонка таксама на пэнсіі”.

(Міхаіл, Віцебск: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! Хацелася б вам задаць такое пытаньне: як пазьбегнуць гэтых жахлівых перашкодаў? Так глушаць, так ня хочуць, каб народ быў інфармаваны. Цікава, якія спосабы ёсьць, каб пазьбегнуць гэтых перашкодаў?”

(Мікола Саскевіч: ) “Дзень добры, шаноўнае панства! Хачу павіншаваць украінскі народ і асабіста прэзыдэнта эўрапейскай, дэмакратычнай, свабоднай і моцнай Украіны Віктара Юшчанку. А я заўжды буду ганарыцца ўкраінскім народам, бо ў мяне таксама цячэ ў жылах частка вашай украінскай крыві!”

(Спадарыня: ) “Інаўгурацыя прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша паказала, як яго ненавідзіць народ. Яму прыйшлося абгарадзіць трыбуну куленепрабівальным шклом, на дарогах паставілі мэталічныя шчоткі, людзі палілі сьцягі амэрыканскія, паказалі імітаваныя труны. А гэты чалавек усё ж такі гне сваю лінію. Ён жа хворы, у яго ня ўсё ў парадку з галавой, бо ня можа нармальны разумны чалавек так ганарыцца войнамі, якія ён разьвязвае. Ён ужо накіраваўся на Іран, яму, бачыце, папярок горла стала Беларусь. Я жадаю яму такога скону, які атрымалі Гітлер і Напалеон. І вельмі дзіўна, што гэтая жанчына Кандаліза Райс, якая толькі ўваходзіць у палітыку, пачынае свае дзеяньні з войнаў. Яе таксама цікавяць толькі войны. Хай лепш са сваім гібрыдным паходжаньнем разьбярэцца, чым наладжваць палітыку іншых краінаў.

Яшчэ хачу зьвярнуцца да вас наконт беларускай мовы. Вось усе вы настойваеце на тым, каб усе мы, беларусы, размаўлялі толькі па-беларуску. Але гэтага рабіць нельга, і тым больш прымушаць нашага прэзыдэнта. Чаму? Бо чыстай беларускай мовы ў ніводным куточку нашай Беларусі няма. Звычайна ў нас размаўляюць на нейкай “трасянцы”, гэта сумесь моваў прыгранічных краінаў, а чыста літаратурную мову толькі адзінкі ведаюць. У вас на радыё толькі добра выступаў Уладзімер Колас, яго было прыемна слухаць. А той жа Шушкевіч – столькі рускіх словаў, і, наагул, вымаўленьне беларускіх словаў настолькі незразумелае, і ў іншых, што часам слухаеш вашыя перадачы, і ня хочацца далей слухаць.

Але ў вас, у супрацоўнікаў Свабоды, ёсьць магчымасьць вывучыць карані нашай Беларусі, адкуль зьявілася гэтая назва. Ці гэта белыя рускія, ці з русымі валасамі. Па-другое, другая палова слова “-русь” кажа, што мы маем прамое дачыненьне да рускай мовы. Таму ня трэба людзей прымушаць, гэта прывядзе да таго, што нашая моладзь, якая цяпер імкнецца за мяжу вучыцца, ім будзе значна цяжэй, калі яны ня будуць ведаць рускую мову. Ім абавязкова трэба ведаць рускую мову, а каб яе ведаць, трэба абавязкова на ёй размаўляць. Таму гэта вялікая памылка апазыцыі, якая зусім нічога народу не прапануе, акрамя беларускай мовы”.
XS
SM
MD
LG