Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савецкай плошчы ў Магілёве дадуць новую назву, але не гістарычную


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёве адна з галоўных плошчаў гораду атрымае, паводле плянаў, новае імя. Зь ініцыятывы абласной улады Савецкая плошча будзе называцца плошчай Герояў.

Чым аргумэнтуе “вэртыкаль” за сваю прапанову? “Цяперашняя назва Савецкай плошчы страціла сваю актуальнасьць”, – так сказаў журналістам намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму ў справах ідэалёгіі Анатоль Глаз. Аднак галоўная мэта ўладаў – не пазбавіцца назвы, якую набыла плошча за савецкім часам, а адзначыць 60-годзьдзе перамогі ў другой усясьветнай вайне.

Справа ў тым, што ўлады і вэтэраны дамагаліся прысваеньня Магілёву званьня горада-героя – за абарону ў 1941 годзе. Аднак нічога з гэтых амбіцыяў не атрымалася. Гаворыць старшыня Магілёўскага абласнога савету вэтэранаў Віктар Абрамаў.

(Абрамаў: ) “І вось мы падумалі: калі ўжо ня горад-герой, дык няхай у нас будзе хоць плошча Герояў, на якой будзе ўсталявана 115 бюстаў герояў Савецкага саюза”.

Савецкая плошча – гэта гістарычны цэнтар Магілёва. У 16-м стагодзьдзі яна называлася Гандлёвай, у 19-м – Губэрнатарскай (на плошчы быў дом губэрнатара, у якім жыў расейскі імпэратар Мікалай Другі і цэсарэвіч Аляксей), а за савецкім часам цэнтрам плошчы стаў мэмарыял “Барацьбітам за савецкую ўладу”. І цяпер, з нагоды юбілею перамогі, плошчу назавуць у гонар герояў Савецкага саюза.

Магілёўская грамадзкасьць да перайменаваньня Савецкай плошчы ў плошчу Герояў паставілася па-рознаму. Некаторыя гісторыкі падтрымалі прапанову ўладаў. Яны мяркуюць, што можна разьвітацца бяз сьлёз з савецкімі назвамі. Іншыя называюць ініцыятыву магілёўскай “вэртыкалі” няўдалай. Аляксандар Агееў лічыць, што ў старой частцы горада вуліцам і плошчам трэба вярнуць менавіта гістарычныя назвы.

(Агееў: ) “Новыя часткі гарадоў, пабудаваныя у савецкі час – там апраўданыя савецкія назвы, яны ўспрымаюцца нармалёва насельніцтвам. І самае галоўнае, яны характарызуюць эпоху. А ў гістарычнай частцы трэба вярнуць тое, што рабілі нашыя продкі”.

Такую думку падтрымлівае магілёўскі дэмакрат Генадзь Суднік, які лічыць, што ідэалягічныя перайменаваньні ня маюць рацыі.

(Суднік: ) “Ніяк гісторыя не навучыць таму, што ўсе гэтыя ідэалягічныя назовы – насамрэч, атрымліваецца, што яны часовыя. Няхай працяглым часам, але часовыя. Таму ідэалягічныя назвы, перайменаваньні, вяртаньні – гэта вялікая памылка”.

Таму магілёўцы спадзяюцца, што калі-небудзь вуліцу Ленінскую зноў будуць называць Вялікай Садовай, вуліцу імя Лепяшынскага – Шклоўскім кірмашом, а Савецкую плошчу – Гандлёвай альбо Губэрнатарскай, без усялякай ідэалёгіі.
XS
SM
MD
LG