Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі атрымліваюць вязьні беларускіх калёніяў за сваю працу?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Беларускі ўрад вырашыў павялічыць удзел вязьняў у гаспадарцы. Вязьні беларускіх калёніяў пачнуць, у тым ліку, нарыхтоўваць лес, як гэта было ў лягерах ГУЛАГУ. А колькі сёньня зарабляе беларускі зэк і чаму ён мусіць працаваць?

Беларускі ўрад вырашыў паклапаціцца пра беларускіх зэкаў – вызначыў захады, як павялічыць працоўную занятасьць у калёніях. Там цяпер утрымліваюць 43 тысячы вязьняў, а працай задзейнічаныя ня ўсе. Вырашана за год дадаткова стварыць у калёніях паўтары тысячы працоўных месцаў.

Гэткія даручэньні ўраду атрымалі канцэрны “ Белнафтахім” і “Беллегпрам”, а таксама Міністэрства лясной гаспадаркі. Яму ўпершыню загадана вылучыць дзялкі, на якіх зэкі будуць секчы дрэвы і нарыхтоўваць лес. Пастаўлена задача нарыхтаваць больш за 140 тысяч кубічных мэтраў драўніны. Гэта ўсё роўна што сьсекчы дзесяць Курапацкіх лясоў, падлічылі адмыслоўцы.

Чым адметная праца беларускага вязьня і колькі ён за яе зарабляе? Сваякі былога дырэктара Менскага трактарнага завода Міхаіла Лявонава падзяліліся наступнымі дадзенымі: Міхаіл Лявонаў, які адбывае дзесяцігадовае пакараньне ў менскай калёніі, працуе майстрам участку. Штомесяц ён зарабляе недзе 120 тысяч рублёў, але з гэтых грошай у яго ўтрымліваюць амаль сто тысяч. Частку ўтрымліваюць на пакрыцьцё вызначаных судом стратаў, астатняе – на харчаваньне і вопратку.

Яшчэ з заробленых грошай Міхаіл Лявонаў аплочвае дзяржаўны падатак на скаргі, якія працягвае дасылаць у суды, бо з прысудам ён нязгодны. Кожная скарга яму абыходзіцца ў так званую базавую велічыню, якая цяпер складае 24 тысячы рублёў. У выніку, грошай у Лявонава на асабістым рахунку амаль не застаецца, за два гады ўтрыманьня ў калёніі ён змог толькі 3 разы нешта прыкупіць у турэмнай краме.

Ці варта працаваць, каб мець такія грошы? Былы вязень і дэпутат Андрэй Клімаў тлумачыць, што выбіраць беларускаму вязьню не даводзіцца. Андрэй Клімаў параўноўвае працу вязьняў з працай нявольнікаў.

(Клімаў: ) “Чалавек там ня можа адмовіцца ад працы, яго караюць. Там заўсёды парушаюць правілы бясьпекі, але калі працаўнік пачынае скардзіцца, яго таксама караюць. І ніхто не глядзіць, хворы ты ці не хворы. Цябе выганяюць на працу. І чацьвёртае – грошай, нават якія налічаюць, яны не атрымоўваюць”.

Паводле Андрэя Клімава, вязьні беларускіх калёніяў працуюць не за грошы, а за тое, каб не звар’яцець ва ўмовах ізаляцыі. Што да рашэньня ўраду, вось як яго камэнтуе былы дэпутат Андрэй Клімаў:

(Клімаў: ) “Тое, што яны павялічваюць колькасьць працоўных месцаў у калёніях, сьведчыць пра наступнае. Першае, што ўлада ў краіне застаецца дыктатарскай, гэта па-ранейшаму вялікі ГУЛАГ. А па-другое, што дзірка ў бюджэце павялічваецца. Яна павялічваецца, як тое цунамі ў Індыйскім акіяне, якое набліжалася на выспу Балі”.

У дэпартамэнце выкананьня пакараньняў міністэрства ўнутраных справаў не паведамілі, колькі адсоткаў беларускіх вязьняў ахопленыя працай.
XS
SM
MD
LG