Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім ёсьць рэальны ўзровень беспрацоўя ў Беларусі?


Юлія Шарова, Менск 25 студзеня беларускі ўрад будзе разглядаць праект дзяржаўнай праграмы занятасьці насельніцтва на 2005 год. Праект гэтага дакумэнта прадугледжвае зьніжэньне беспрацоўя да 1,5 адсотка ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Ужо летась гэты паказьнік не дасягаў 2 адсоткаў. Прычым тут паляпшэньне паказьнікаў, насуперак заўсёдным цьверджаньням эканамістаў, адбылося не з прычыны таго, што беларусы папросту перасталі прыходзіць на біржу працы.

Якім чынам урад хоча зьнізіць беспрацоўе яшчэ болей? У якасьці асноўнага рэцэпта ліквідацыі беспрацоўя беларускі ўрад прапануе павялічыць колькасьць працоўных месцаў на 92 тысячы. Плянуецца ўладкаваць на сталую працу 144 тысячы грамадзянаў. Амаль 27 тысяч беспрацоўных пройдуць прафэсійную падрыхтоўку й перападрыхтоўку.

Як сьведчыць Міністэрства статыстыкі, за 11 месяцаў мінулага году з прадпрыемстваў і арганізацыяў Беларусі з розных прычынаў было звольнена 783 тысячы чалавек, а на працу прынята – 811 тысяч. То бок бачна, што колькасьць беспрацоўных усё ж скарачаецца. Але эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што статыстыка беспрацоўя не адлюстроўвае рэальнай сытуацыі.

(Раманчук: ) “З пункту гледжаньня эканамічнай навукі нават беспрацоўе ў адзін адсотак – гэта папросту нонсэнс. Нават тое, што называецца натуральнай стаўкай беспрацоўя, палягае недзе ў межах 4-5 адсоткаў. Бо ёсьць у кожнай краіне людзі, якія папросту ня хочуць працаваць, бо ёсьць крыніца ўтрыманьня”.

На думку эканаміста, беларускім беспрацоўным па-ранейшаму нявыгадна стаяць на ўліку ў цэнтрах занятасьці насельніцтва: грашовая дапамога для беспрацоўных складае недзе 13 даляраў, ды за яе яшчэ трэба дзесяць дзён на месяц прысьвяціць грамадзкім працам. А вакансіі звычайна прапануюцца незайздросныя. Хрэстаматыйны прыклад – былы дэпутат, які цяпер перабірае бульбу на складзе гародніны.

Як спэцыялісты ўсё ж ацэньваюць рэальны адсотак беспрацоўных у Беларусі? На думку Яраслава Раманчука, збольшага рэальную карціну можна ўбачыць па выніках сацыялягічных апытаньняў, якія ладзяць арганізацыі кшталту НІСЭПД ці “Новак”.

(Раманчук: ) “Адзіная, на маю думку, аб’ектыўная крыніца – калі робіцца сацыялягічнае апытаньне і ў паўтары тысячы людзей пытаюцца, дзе яны працуюць ці не працуюць. І вось гэтыя апытаньні даюць нам 6 адсоткаў, а калі мы ўлічым тых людзей, якія часова не працуюць, альбо знаходзяцца ў адпачынках, якія таксама не аплачваюцца… Я размаўляў з экспэртамі па рынку працы, і яны ацэньваюць гэты паказьнік да 9 адсоткаў на сёньняшні дзень”.

Пакуль рэальнае беспрацоўе яшчэ ня цісьне на беларускую эканоміку, сьцьвярджае спадар Раманчук: шмат хто з нашых грамадзянаў знаходзіць працу за мяжой, напрыклад, у Расеі, бо тамтэйшая каньюнктура гэтаму спрыяе. Але празь некаторы час езьдзіць на заробкі за мяжу стане нявыгадна, і тады рэальным беспрацоўным будзе цяжка выжываць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG