Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія беларусы не сьпяшаюцца карыстацца правам на дзьвюхмоўе, замацаваным у новым законе аб меншасьцях


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Прэзыдэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі падпісаў новы Закон аб нацыянальных меншасьцях, які, сярод іншага, дае ім права афіцыйна карыстацца сваёй мовай у дзяржаўных установах і мець дзьвюхмоўныя шыльды. Беластоцкія беларусы, аднак, лічаць што каб пачаць гэтымі правамі карыстацца, патрэбны час.

Паводле новага закону, калі на тэрыторыі дадзенай адміністрацыйнай адзінкі жывуць больш за 20% прадстаўнікоў нацыянальнай меншасьці, дык яны маюць права ўжываць сваю мову ў мясцовых дзяржаўных установах у якасьці гэтак званай “дапаможнай мовы”, а таксама патрабаваць усталяваньня дзьвюхмоўных шыльдаў і дарожных указальнікаў.

Што да беларусаў, дык патрабаваньням закону адпавядаюць 12 гмінаў на Беласточчыне, у тым ліку Бельск-Падляскі, Гарадок, Гайнаўка, Орля ды іншыя.

Між тым, калі паглядзець на вынікі апытаньняў сярод кіраўнікоў адміністрацыяў гмінаў, дзе жывуць прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў, дык гатоўнасьць адразу скарыстаць з магчымасьцяў, якія дае новы закон, дэкляруюць хучэй, прыкладам, літоўцы ці немцы, а беларусы – традыцыйна больш асьцярожныя.

Гаворыць дэпутат гайнаўскай Рады, пісьменьнік Міхась Андрасюк:

(Андрасюк: ) “Меркаваньні ў людзей такія – ай, калі зробяць, то добра, а не – дык таксама добра. Пры гэтым невядома яшчэ дакладна, хто гэта мусіць зрабіць. Грошы – таксама важны момант, але важнасьць гэтага боку справы я б не перабольшваў”.
XS
SM
MD
LG