Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

25 студзеня 1831 году польскі сойм пазбавіў расейскага цара Мікалая І польскага пасаду


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 25 студзеня

25 студзеня праваслаўныя беларусы ўшаноўвалі памяць сьвятой пакутніцы Тацяны. Тацяну закатавалі ў трэцім стагодзьдзі ў паганскім яшчэ Рыме за яе хрысьціянскія перакананьні. У Расеі Тацяна традыцыйна лічыцца апякункай студэнтаў, бо акурат у ейны дзень быў заснаваны Маскоўскі ўнівэрсытэт.

25 студзеня 1831 году польскі сойм абвясьціў пра скіданьне расейскага цара Мікалая І з польскага пасаду. Гэта была важная акцыя ў часе антырасейскага паўстаньня 1831 году. Менавіта 25 студзеня ў Варшаве нарадзіўся лёзунг, адрасаваны расейскаму народу: “За вашу і нашу свабоду!” Праўда, пасьля гэтага Расея паслала ў Польшчу вялізнае войска, і пасьля 9-ці месяцаў крывавых баёў паўстаньне было задушанае. На доўгі час Польшча была пазбаўленая незалежнасьці і лічылася часткай Расейскай імпэрыі.

25 студзеня 1934 году, напярэдадні самых жорсткіх рэпрэсіяў супраць насельніцтва ў сталінскім СССР, выходзіць на экраны фільм “Весёлые ребята”. Без сумневу кожны бачыў гэтае радаснае кіно некалькі разоў, але мала хто ведае, што яшчэ да прэм’еры сцэнарыст фільма Мікалай Эрдман быў арыштаваны, а ягонае імя было зьнятае з тытраў.

25 студзеня 1938 году памёр беларускі прафэсійны палітык Тамаш Грыб. Ён паходзіць зь вёскі Паляны каля Астраўца. Скончыў Карлаў унівэрсытэт у Празе. Дзейнічаў у Менску, Коўне і Празе. Уся ягоная палітычная біяграфія зьвязаная з нараджэньнем Беларускай Народнай Рэспублікі.

25 студзеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет шатляндзкі паэт Робэрт Бёрнс; паэт і перакладчык Антон Адынец, які быў удзельнікам тайнага студэнцкага таварыства філяматаў і сябрам Адама Міцкевіча, і беларускі паэт Адам Гурыновіч.

Таксама 25 студзеня нарадзіліся амэрыканскі бізнэсовец Уільям Колгейт, які прыдумаў вядомую зубную пасту, ангельскія пісьменьнікі Ўільям Самэрсэт Моэм і Вірджынія Вульф, бэльгійскі фізык, Нобэлеўскі ляўрэат Ільля Прыгожын, бацькі якога паходзілі зь Беларусі, экс-прэзыдэнт Грузіі Эдуард Шэварднадзэ і расейскі артыст і сьпявак Уладзімер Высоцкі.
XS
SM
MD
LG