Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЗША ў АБСЭ заявіў пра пагаршэньне сытуацыі ў Беларусі


Юры Дракахруст, Прага Амбасадар Злучаных Штатаў пры АБСЭ Стывэн Мінікэс , выступіўшы перад Сталай радай АБСЭ, заявіў пра ўмацаваньні ў Беларусі палітычных рэпрэсіяў пасьля леташніх парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму.

Спадар Мінікэс, у прыватнасьці, сказаў, што прызначэньне кіраўніком адміністрацыі Віктара Шэймана, нягледзячы на сьведчаньні пра датычнасьць яго да зьнікненьня вядомых палітыкаў і журналістаў, выклікае пытаньне: ці будуць гэтыя злачынствы калі-небудзь дасьледаваныя?

Стывэн Мінікэс назваў “палітычным” крымінальную справу Міхаіла Марыніча і адзначыў прызначэньне празьмерна суровага пакараньня.

Прыкладам нежаданьня беларускіх уладаў паважаць правы чалавека амэрыканскі амбасадар назваў адмову выдаць візу адмысловага дакладчыка камісіі ААН у правох чалавека.

Стывэн Мінікэс прыгадаў крок міністэрства юстыцыі, якое запатрабавала, каб грамадзкія арганізацыі да 1 лютага знайшлі памяшканьні для офісаў, якія знаходзяцца ў асобных будынках ці маюць асобны выхад. У выніку большасьць ня здолее выканаць гэтыя новыя, ірацыянальныя патрабаваньні і могуць стаць ахвярамі рэпрэсіўных мераў – сказаў амбасадар ЗША пры АБСЭ.

Ён заявіў, што Злучаныя Штаты ізноў заклікаюць беларускія ўлады разам з офісам АБСЭ ў Менску пачаць распрацоўку празрыстага кодэксу, які б тычыўся палітычных партыяў і недзяржаўных арганізацыяў і дазволіў бы ім пасьпяхова разьвівацца.

Амбасадар Мінікэс заклікаў кіраўніка офісу АБСЭ ў Менску правесьці дасьледаваньне што да патрабаваньняў мінюсту да незалежных недзяржаўных арганізацыяў і дэмакратычным партыяў знайсьці новыя памяшканьні для офісаў.
XS
SM
MD
LG