Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія аналітыкі: пасьля зьмены ўлады ва Ўкраіне Масква згубіць свой уплыў і ў іншых краінах СНД


Ул. інф. Пасьля зьмены ўлады ва Ўкраіне ў Бэрліне не выключаюць таго, што Масква згубіць свой уплыў і у іншых суседніх краінах СНД. На ўвазе, перш за ўсё, маюцца Беларусь і Малдова.

Паводле экспэртызы нямецкага Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў (САР), якая была агучаная ў часе міжнароднай сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу з удзелам вядомых адмыслоўцаў з Расеі, Нямеччыны, Польшчы, Фінляндыі і краінаў Балтыі, пляны Масквы стварыць паводле прыкладу Эўразьвязу эканамічную інтэграцыю на прасторы СНД праваліліся. Тым часам Эўразьвяз, дзякуючы сваёй палітыцы пашырэньня Эўропы, набывае новы ўсходнеэўрапейскі досьвед і кампэтэнцыі.

Як вынікае з аналітычнага артыкулу, зьмешчанага ў электронным выданьні www.german-foreign-policy.com, пакрысе становяцца вядомымі і пляны Эўропы па стварэньні ў СНД руху супраціву паводле ўкраінскай мадэлі.

Што да Бэрліна, то на глебе антырасейскай палітыкі ён праўдападобна знойдзе сабе нямала партнэраў на ўсходзе і паўночным ўсходзе Эўразьвязу дый таксама прадставіць у якасьці адной з эфэктыўных мадэляў нямецка-польскую каапэрацыю ў дачыненьні да Беларусі і Ўкраіны.

Невыпадкова, што апошнім часам Бэрлін імкнецца ажывіць нямецка-польскае супрацоўніцтва і спрабуе праз Варшаву павялічыць свой уплыў на Беларусь і Ўкраіну. Менавіта гэтыя дзяржавы ёсьць, паводле прафэсара Гезынэ Шван, адказнай за пытаньні польскай палітыкі ў нямецкім урадзе, традыцыйным інтэрасам Польшчы і менавіта ў гэтых краінах Польшча арыентуецца надзвычай добра. Такім чынам, нямецка-польская каапэрацыя ў гэтым пытаньні магла б спрыяць надзвычайнаму прагрэсу.

Назіральнікі не выключаюць, што спадарыня Шван мае намер выключыць Варшаву з супрацоўніцтва з Вашынгтонам і далучыць Польшчу да ўсходняй палітыкі Нямеччыны. Паводле самой спадарыні Шван, паміж Варшавай і Бэрлінам маюць месца розныя акцэнты ў падыходах, аднак доўга гэта працягвацца ня будзе.

Як піша www.german-foreign-policy.com, Бэрлін выкарыстоўвае ўсходнія і паўночнаўсходнія краіны Эўразьвязу дзеля таго, каб максымальна звузіць кола вакол Расеі. Актыўнасьць Нямеччыны накіраваная на Беларусь, Малдову дый таксама Казахстан і Кыргызстан. Што да Беларусі, то польскія эўрапарлямэнтары ўжо заявілі пра падтрымку замежнага вяшчаньня на гэтую краіну, а Эўракамісія цяпер разглядае фінансаваньне гэтага праекту. І беларуская, і малдаўская апазыцыя падобна сваім калегам з Украіны разьлічваюць на эўрапейскую падтрымку, тэхналёгіі сэрбскай арганізацыі “Адпор”, якая арганізоўвала масавыя акцыі супраціву ў 2000 ў Бялградзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG