Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жыцьцё вязьню Асьвенціма выратавала ігра на віяланчэлі


Ганна Соусь, Прага Шэсьцьдзесят гадоў таму савецкія войскі вызвалілі вязьняў з аднаго самых жахлівых канцэнтрацыйных лягераў нацысцкай Германіі – Асьвенціму. Каля паўтара мільёна чалавек, у асноўным габрэі, былі забітыя ў гэтым лягеры – ў газавых камэрах, ад хваробаў і голаду. Але сярод жахаў і жорсткасьці ў Асьвенціме была таксама і музыка – жаночы аркестар, які граў для вязьняў, а таксама і для афіцэраў СС. Сярод музыкантаў была віялянчэлістка Аніта Ласкер-Валфіш, якая лічыць, што ўдзел у гэтым аркестры выратаваў ёй жыцьцё.

Аніта Ласкер-Валфіш нарадзілася ў нямецкім Брэславе, цяпер гэта польскі горад Вроцлаў. Яе маці была скрыпачкай, а сама Аніта зь дзяцінства пачала браць урокі ігры на віялянчэлі.

(Ласкер-Валфіш: ) “Гэта не падавалася праблемай – быць габрэйкай, пакуль я не атрымала першы досьвед антысэмітызму ў школе, якую я наведвала. Мне было каля 8 гадоў, і я хацела выцерці дошку, а нехта сказаў “Не давайце габрэйцы губку”. І тады прыйшло разуменьне таго, што значыць быць габрэям у Нямеччыне ў тыя дні”.

У часе вайны бацькоў Аніты забралі й праўдападобна расстралялі, а яе саму разам зь сястрой накіравалі працаваць на фабрыку. Там яны пачалі вырабляць падробныя дакумэнты, каб выратаваць палонных, але ўлады сталі больш пільнымі, і сёстры вырашылі зьбегчы. Іх схапіла гестапа.

Далей сясьцёр накіравалі ў канцэнтрацыйны лягер Асьвенцім, дзе ад газавай камэры Аніту выратавала адна размова. Яна распавяла жанчыне, якая галіла ёй валасы і нанасіла татуіроўку на цела, што яна грае на віялянчэлі. Тая адразу сказала, што гэта фантастычна, бо ў лягеры ёсьць свой аркестар. Такім чынам Аніта Ласкэр-Валфіш стала граць у жаночым аркестры на чале з Альмай Роўз, пляменьніцай кампазытара Густава Малера.

(Ласкер-Валфіш: ) “Асноўная наша праца была – выконваць маршы для зьняволеных, якія штораніцу выходзілі на працу і ўвечары вярталіся ў баракі, бо вакол Асьвенціма і Біркенаў знаходзіліся фабрыкі, і людзей зь лягераў выкарыстоўвалі як рабскую рабочую сілу”.

Аркестар выконваў музыку таксама для афіцэраў СС, і аднойчы Аніта Ласкэр-Валфіш грала сола Шумана для сумнавядомага доктара Ёзэфа Мэнгэле.

Калі савецкія войскі падыходзілі да Асьвенціма, Аніту і яе сястру Рэнату разам з тысячамі вязьняў у вагонах для перавозкі скаціны пераправілі ў лягер Белсан, але празь некалькі месяцаў іх вызвалілі.

Пазьней Аніта Ласкэр-Валфіш эмігравала ў Вялікую Брытанію, дзе аднавіла заняткі на віялянчэлі і потым стала адной з заснавальніц Ангельскага камэрнага аркестру. Яе сын Рафаэль – таксама віялянчэліст. Згадваючы падзеі шасьцідзесяцігадовай даўніны, Аніта кажа, што вельмі цяжка перадаць ўсё тое, што адбывалася ў лягеры. А самое выкананьне прыгожых мэлёдый ў лягеры сьмерці Аніта Ласкэр-Валфіш лічыць абсурдам.
XS
SM
MD
LG