Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія вынікі перамоваў Пуціна і Юшчанкі ў Маскве?


Юры Дракахруст, Прага У Маскве адбыліся перамовы прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны Ўладзімера Пуціна і Віктара Юшчанкі.

Напярэдадні сустрэчы ўкраінскі лідэр заявіў:

(Юшчанка: ) “Задача і простая і складаная – зрабіць нашыя стасункі лепшымі. Мне здаецца, самае галоўнае – каб у нас была добрая рацыяналізацыя нашых стасункаў, каб мы адчувалі посьпех гэтых стасункаў, каб праз пэўны час, два ўрады, два прэзыдэнты, дзьве краіны маглі сказаць: “Ведаеце, 12 месяцаў таму гэтага не было, а дзякуючы нашым высілкам гэта здарылася”. Я прынцыпова хацеў бы падкрэсьліць, што гэта мой першы замежны візыт. Гэта знак высокай павагі да нашых стасункаў. Мы заўсёды стаялі і будзем стаяць на тым, што Расея – гэта наш вечны стратэгічны партнэр”.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін вітаў госьця наступнымі словамі.

(Пуцін: ) “Мы вельмі рады таму, што на Ўкраіне скончыўся пэрыяд даволі складаных унутрыпалітычных працэсаў, рады таму, што сытуацыя стабілізуецца, што зьявілася ўлада і вельмі спадзяемся на тое, што ў нас пазытыўна будуць разьвівацца адносіны з Украінай, гэтак жа, як тое было дагэтуль”.

Па выніках сустрэчы Пуцін паведаміў журналістам, што бакі абмеркавалі пытаньні стварэньня газатранспартнага кансорцыюму.

“Мы дасягнулі разуменьня, што трэба рухацца ад дасягнутага ўзроўню, мы так зразумелі калегаў, што яны маюць намер забясьпечыць пераемнасьць на расейскім накірунку ў палітыцы” – сказаў расейскі прэзыдэнт.

Віктар Юшчанка падкрэсьліў, што Расея мае ўнікальныя энэргетычныя магчымасьці, а Ўкраіна – транзытныя. Ён прыгадаў, што менавіта тады, калі ён кіраваў ўрадам Украіны, быў спынены крадзеж газу з расейскай трубы.

Украінскі лідэр заявіў, што ягоная краіна гатовая супрацоўнічаць з Расеяй як на двухбаковай, гэтак і на шматбаковай аснове, у межах Адзінай эканамічнай прасторы. Аднак Юшчанка падкрэсьліў, што адносіны ў межах гэтага пагадненьня павінныя быць максымальна фармалізаваныя і сфармуляваў дзьве ўмовы ўдзелу Ўкраіны ў пагадненьні: каб яно адпавядала ўкраінскім нацыянальным інтарэсам і не перашкаджала руху Ўкраіны на іншыя рынкі.

У Маскве Юшчанка таксама пракамэнтаваў прызначэньне Юліі Цімашэнкі на пасаду прэм’ер-міністра, назваўшы гэтую кандыдатуру найбольш прымальнай.

У сваю чаргу Пуцін ня стаў камэнтаваць гэтае прызначэньне, сказаўшы: “мы не павінны ацэньваць новы ўкраінскі ўрад, па-першае ён яшчэ не сфармаваны, па-другое, вынікі працы ўраду павінны ацэньваць грамадзяне той краіны, дзе ён дзейнічае”.

Закрануўшы тэму ўплыву Масквы на ўкраінскія выбары, расейскі лідэр сказаў, што “Расея ніколі не працавала закулісна на постсавецкай прасторы, у тым ліку і з апазыцыяй”.

Зьвяртаючыся да Юшчанкі, Пуцін сказаў: “Мы апошнім часам рабілі толькі тое, пра што нас прасіла дзейнае ўкраінскае кіраўніцтва. Мы спадзяемся, што і ў нас атрымаюцца такія ж даверлівыя адносіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG