Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Браян Бэнэт сустрэўся з сынамі Міхаіла Марыніча і запэўніў іх у падтрымцы


Алег Грузьдзіловіч, Менск Дыплямат перадаў братам Марынічам тэкст заявы брытанскага міністра паводле эўрапейскіх справаў Дэніса Макшэйна адносна справы Міхаіла Марыніча.

24 студзеня ў другой палове дня адбылася сустрэча амбасадара Вялікабрытаніі ў Беларусі Браяна Бэнэта з Ігарам і Паўлам Марынічам, сынамі былога беларускага міністра і амбасадара Міхаіла Марыніча, якога беларускі суд асудзіў на 5 гадоў нібыта за крымінальнае злачынства. Як сказаў Радыё Свабода Ігар Марыніч, падчас размовы Браян Бэнэт выказаў падтрымку Міхаілу Марынічу і ягонай сям’і. Вось што Ігар Марыніч распавёў Радыё Свабода пра размову з паслом спадаром Бэнэтам.

(Марыніч: ) “Ён казаў, што ў Эўразьвязе ўсе ўспрымаюць справу амбасадара Міхаіла Марыніча як тое, што паквіталіся зь вельмі ўплывовым апазыцыйным палітыкам”.

Паводле Ігара Марыніча, брытанскі пасол выказаў спадзяваньні на тое, што пры касацыйным пераглядзе справы прысуд Міхаілу Марынічу будзе адменены.

Пасол Браян Бэнэт перадаў братам-Марынічам поўны тэкст ліста міністра паводле эўрапейскіх справаў Дэніса Макшэйна. “Я занепакоены справай Міхаіла Марыніча, якую мы разглядаем як апошні прыклад працяглых рэпрэсіяў супраць палітычнай апазыцыі ў Беларусі”, — напісаў брытанскі міністар. У лісьце таксама выказаная патдтрымка заявы Эўразьвязу ад 13 студзеня, у якой выказваецца асуджэньне рэпрэсіяў супраць беларускай апазыцыі.

Міхаіла Марыніча арыштавалі яшчэ 26 красавіка 2004 году і больш за 8 месяцаў трымалі ў сьледчым ізалятары КГБ Беларусі. Цяпер яго ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары Міністэрства ўнутраных справаў. Скаргу Міхаіла Марыніча на вынесены яму 30 сьнежня прысуд дагэтуль не разгледзелі.
XS
SM
MD
LG