Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зінаіда Ганчар разьлічвае на расейскіх праваабаронцаў


Любоў Лунёва, Менск Зінаіда Ганчар, жонка былога віцэ-прэм’ера, генэральнага сакратара эканамічнага суду СНД Віктара Ганчара, якога выкралі невядомыя 16 верасьня 1999 году, зьвярнулася да старшыні Рады правоў чалавека пры прэзыдэнце Расейскай Фэдэрацыі Элы Памфілавай. Зінаіда Ганчар просіць яе садзеяньня ў пошуках зьніклага мужа.

Зінаіда Ганчар у сваім лісьце просіць Элу Памфілаву, каб тая патрабавала законнага расьсьледаваньня абставінаў выкраданьня яе мужа. Зінаіда распавяла аб тым, што напісала дзясяткі лістоў у міжнародныя арганізацыі, уплывовым палітыкам Эўропы і ЗША. Свой зварот да расейскай праваабаронцы яна патлумачыла тым, што сама нарадзілася і вырасла на Ўрале. Там у яе засталіся сваякі й сябры. Жонка зьніклага беларускага палітыка запэўнівае, што яе сям’я ўспрымае расейскія трагедыі, як свае.

(Ганчар: ) “Цягам пяці гадоў я б’юся аб глухую сьцяну. Вырашыла зьвярнуцца да сваіх землякоў, да людзей, якія жывуць у той краіне, дзе нарадзіліся я і мой сын. Я зьвярнулася да Элы Памфілавай як да жанчыны. Мяркую, што праблема, якую я ўздымаю, на слыху ва ўсіх. Мае землякі ведаюць пра злачынствы, якія адбываюцца ў нашай краіне. Я спадзяюся, што спадарыня Памфілава вызначыць сваё стаўленьне да гэтай праблемы. Ведаю, што яна часта сустракаецца з расейскім прэзыдэнтам. Таму спадзяюся, што маё пытаньне мусіць падняцца на больш высокі ўзровень”.

Гэта ня першы зварот Зінаіды Ганчар да расейскага боку. Раней яна даслала лісты прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну і кіраўнікам расейскіх ФСБ і пракуратуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG