Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска Прошчыцы


Ягор Маёрчык, Прошчыцы, Слуцкі раён, Меншчына (эфір 24 студзеня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Дзіця патрапіла ў рукі пэдагогаў. Першым чынам яго мыюць, стрыгуць, выводзяць усіх паразытаў. Другі этап — вучаць карыстацца паперай у прыбіральні і зубной шчоткай.

Сярэднюю школу ў Прошчыцах панізілі ў статусе да базавай. Адпаведна, скарацілася колькасьць клясаў. Наўзамен у тут стварылі сацыяльны прытулак для дзяцей з усяго Слуцкага раёну Меншчыны. Надзея Карповіч працуе дырэктаркай ад першага дня. Дзеліцца сваімі назіраньнямі за два гады.

(Карповіч: ) “Цяпер шмат абяздоленых дзяцей. У іх бацькі часта п’юць. Бываюць такія сытуацыі, калі нашыя дзеці не зжываюцца са сваімі прыёмнымі бацькамі. Дзіця тады з хаты ўцякае. Гэты прытулак дае бацькам магчымасьць адумацца. Збольшага сюду трапляюць дзеці маладых бацькоў — да 30 гадоў. Вы мне паверце: два-тры тыдні — і бацькі прыяжджаюць. Просяць: “Аддайце нам дзіця. Мы пракапаемся і пралечымся. У нарколяга на ўліку пастаім”. Сапраўды, хтосьці зь іх закадаваўся, а хто проста сябе ўзяў у рукі. А бывае, што гэтыя дзеці самі просяцца да нас: “Забярыце нас, нашая маці зноў пачала піць”.

Шасьцігадовая Таня спужана маўчыць нават тады, калі яе просіш назваць уласнае імя. Для яе прытулак — як адпачынак ад паўгалоднага жыцьця ў роднай хаце з бацькамі-п’яніцамі.

(Карэспандэнт: ) “Ты адкуль сюды прыехала?”

(Таня: ) “Зь Піны”.

(Карэспандэнт: ) “А маці й тата дзе?”

(Таня: ) “Дома”.

(Карэспандэнт: ) “Дзе бацькі працуюць?”

(Таня: ) “Ня ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “А што табе ў прытулку падабаецца?”

(Таня: ) “Салаты і агуркі”.

(Карэспандэнт: ) “Што яшчэ табе тут падабаецца?”

(Таня: ) “Малюю дом, маці, сястрычку і брата”.

(Карэспандэнт: ) “Пра які падарунак марыш?”

(Таня: ) “Зайца хачу”.

(Карэспандэнт: ) “Жывога?”

(Таня: ) “Так”.

(Карэспандэнт: ) “А навошта табе жывы заяц?”

(Таня: ) “Буду гуляць і гладзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Кім хочаш стаць, калі вырасьцеш?”

(Таня: ) “Прыбіральшчыцай”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму?”

(Таня: ) “Люблю, каб было чыста”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй табе. Бягі на ўрок і вучыся добра”.

Унукі Ганны Сьвятохі таксама пэўны час жылі ў прытулку. У нейкім сэнсе бабулі пашчасьціла, бо ад хаты да будынку школы пара дзясяткаў мэтраў. У любы час можна адведаць дзяцей. Крэўным іншых ня так камфортна. Дзеці ў Прошчыцах, а самі яны за дзясяткі кілямэтраў.

(Сьвятоха: ) “Я сама інвалід першай групы. Цалкам сьляпы чалавек. Я зусім нічога ня бачу. Толькі чую ваш голас — і нават не ўяўляю, як вы выглядаеце”.

(Карэспандэнт: ) “У вёсцы гаспадарку трэба даглядаць. Як вы гэта бяз зроку робіце?”

(Сьвятоха: ) “Навобмацак”.

(Карэспандэнт: ) “Ваш сужанец Генадзь працуе ў калгасе…”

(Сьвятоха: ) “Ён робіць на фэрме. Але цяпер там абы-што. Быў там вялікі прывес. Прыедзе камісія то зь Менску, то са Слуцку, а ў іх не падаслана, альбо калідоры не падчышчаныя. Заробак налічылі 380 тысяч, а пасьля пазбавілі працэнтаў, і атрымалася 78 тысяч. І рабі дурань за такія грошы! І сын дрэнна жыве. П’е ваўсю. Дзяцей у наш прытулак забіралі. Яны нідзе не рабілі. Іх хацелі пазбавіць бацькоўскіх правоў. Сын была падкалоўся, а пасьля сарваўся. Ён калі нап’ецца, пачынае патрабаваць грошай. А я тады з хаты ўцякаю”.

(Карэспандэнт: ) “Куды ж вы, сьляпая, бяжыце?”

(Сьвятоха: ) “На вуліцу. Абы-куды…. Вось я пра што я вас папрашу. Дапамажыце нам зачыніць гэтую камэрцыйную краму. Сьпіртным ім гандляваць забаронена, але ён яго возіць. Моладзь нашая сьпіваецца. Дзяржаўная крама а 18-й зачыніцца — і ўсе алкаголікі паклаліся б спаць. А што рабіць з камэрцыйнай крамай, калі яна працуе да 11-ці? У нас тут страх на вуліцу выйсьці. Гэтым алкашам сьпіртное ў доўг даюць. Я, па праўдзе, баюся вам пра гэта казаць, бо прыйдуць і задушаць мяне”.

Камэрцыйная крама месьціцца ў вясковым клюбе. Займае, праўда, не актавую залю, а сенцы сярэдніх памераў. Традыцыйны асартымэнт сяльмагу: “усяго патроху”.

(Карэспандэнт: ) “Гарэлкі ў вас няма?”

(Прадавачка: ) “Не”.

(Карэспандэнт: ) “Толькі піва? І ніякай настойкі няма?”

(Прадавачка: ) “Нічога такога няма!”

І тут я прыгадаў словы Ганны Сьвятохі:

(Сьвятоха: ) “Яны бутэлек у краме не трымаюць, а хаваюць у клюбе”.

Паўтысячныя Прошчыцы — ня цэнтар сельсавету і нават не сядзіба калектыўнай гаспадаркі. А папросту вёска, якая яшчэ лічыцца пэрспэктыўнай. Народ жыве ня столькі з прысядзібнай гаспадаркі, колькі зь зямлі. Розьніца тут ёсьць. Бульба ідзе болей на продаж, чым на стол. Адмыслова садзяць цукровыя буракі, каб пасьля здаць іх у Слуцак на камбінат. Возяць не наўпрост, часьцей прадаюць пасярэднікам.

У Прошчыцах афіцыйны прадстаўнік заводу — гэта калгас. Закупачныя цэны няспынна вагаюцца. Залежаць яны ад цукровасьці ўраджаю. Вяскоўцы цьвердзяць, што гэтую самую цукровасьць камбінат з калгасам вызначаюць не праз экспертызу, а на вока.

(Спадарыня: ) “Не было ў нас лепшага — і ня будзе. Здалі калгасу буракі. За адзін і той жа ўраджай людзям паставілі розныя цэны. Пяць разоў на цукровы камбінат тэлефанавала. Мне там адказваюць: “Гэта калгас вінаваты!” Я тэлефаную ў калгас: “Гэта цукровы вінаваты!” Тэлефаную старшыні, а ён мне кажа: “Наступны раз я ад вас нічога прымаюць ня буду!” Куды мне яшчэ патэлефанаваць?! Тэлефанавала-тэлефанавала, а пасьля плюнула на гэта. Пэрсанальна я здавала буракі праз калгас. Нам заплацілі па 56 рублёў, а іншым людзям па 65. Колькі мы на гэтых тэлефонах ні віселі — усё бяз выніку. А некаторыя жанчыны яшчэ і плакалі”.

(Карэспандэнт: ) “Можа б у райвыканкам зьвярнуліся…”

(Спадарыня: ) “О-о-ой! Я з апухлымі нагамі буду яшчэ хадзіць у райкам… Гэты… рай-выкан-кам. На чорта яно мне!”

Ад выказваньняў жыхароў Прошчыцаў такое ўражаньне, што ў вёсцы ідзе няспыннае змаганьне. Ці то сельсавет з тузінам дзяржаўных прадпрыемстваў возьме верх над простымі жыхарамі, ці апошнія перахітраць дзяржаву. Пакуль што ў ліку вядуць чыноўнікі. Паслухаем немаладую ўжо кабеціну, якая прадставілася Тацянай.

(Тацяна: ) “У мяне хата цагляная. Дзьвюх тонаў торфу на мяне і дзяцей — мала будзе. Сьвякруха сваю долю аддала. Прыйшлі мы разам. Яна і кажа: “Сёлета торф браць ня буду. І аддаю свой талён нявестцы”. Мая сьвякруха жыве праз хату. Чаму я павінна два разы аплачваць праезд машыны?”

(Карэспандэнт: ) “А машына адна?”

(Тацяна: ) “Так! Адной машынай вязуць усе чатыры тоны. Фактычна я двойчы аплачваю адзін рэйс машыны. Я ў чаргу стала яшчэ ў мінулым чэрвені, каб мне машынаю торф прывезьлі. І па сёньня мне яго не даставілі”.

Стараста вёскі Марыя Іванаўна пагадзілася пракамэнтаваць сытуацыю з торфам. Размову нашую пачала з эмацыйнага ўступу.

(Марыя Іванаўна: ) “Мой галубчык. Напішыце, што добра жывём. Нашая вёска яшчэ нармалёвая, яна яшчэ не затухае, яшчэ жыцьцё тут цяпліцца. І старымі мы сябе ня лічым, бо ў нас другая маладосьць пачынаецца. Нам па 60 год. Гэта вам здаецца, што вы старыя, а для саміх сябе мы маладыя”.

(Карэспандэнт: ) “У вёсцы ёсьць праблема з ацяпленьнем?”

(Марыя Іванаўна: ) “Так. Наш гацукоўскі торфазавод, які павінен нас забясьпечваць, са зношаным абсталяваньнем. Яму няма чым гэты торф вырабляць. Таму гэтага торфу і не хапае”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму няма дарожнага ўказальніка, як да вас дабрацца?”

(Марыя Іванаўна: ) “Бо яго няправільна напісалі. З аднаго боку напісана “Прашчыцы”, а зь іншага “Прошчыцы”. Гэта дарожнікі так пісьменна напісалі. Цяпер указальнік зьвялі й будуць перапісваць”.

Разважаючы пра жыцьцё, маладыя насельнікі Прошчыцаў ківаюць на старых. Маўляў, ім жывецца лепей, бо маюць гарантаваную пэнсію немалых памераў. Пэнсіянэры ж наракаюць на сваю фізычную немач і няўвагу да іх людзей пры пасадах. Яны зайздросна паглядаюць на сацыяльны прытулак. Яны, як і дзеці, мараць пра клопат і ўвагу. Мае назіраньні ўскосна пацьвярджае дырэктарка прытулку Надзея Карповіч:

(Карповіч: ) “Састарэлыя людзі кажуць: “Добра было б, каб і для нас такі дом зрабілі. Бо, магчыма, хутка ня будзе каму падаць ежы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG