Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Калякін прэтэндуе на ролю лідэра й адзінага кандыдата


Валер Каліноўскі, Менск Бюро ЦК апазыцыйнай Партыі камуністаў беларускай рэкамэндавала свайму лідэру Сяргею Калякіну вылучацца на ролю адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. У інтэрвію нашаму радыё спадар Калякін заявіў, што гатовы стаць лідэрам усіх дэмакратычных сілаў Беларусі.

Сяргей Калякін ролю адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах ад апазыцыі разглядае як вельмі складаную і нават небясьпечную. На ягоную думку, цяпер размова ідзе ня столькі пра кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі, колькі пра лідэра ўсіх дэмакратычных сілаў у палітычнай кампаніі 2005–2006 гадоў. І Сяргей Калякін заявіў, што гатовы стаць такім лідэрам.

Плятформа такога лідэра адпавядае праграмам апазыцыйных партыяў і чаканьням усяго дэмакратычнага грамадзтва. Яна прадугледжвае вяртаньне Беларусі на дэмакратычны шлях разьвіцьця:

(Калякін: ) “Галоўная праграма ў нас на сёньня — зьмяніць палітычную сыстэму, якая зьяўляецца тормазам для разьвіцьця ўсіх сфэраў жыцьця ў нашым грамадзтве, перашкаджае разьвівацца эканоміцы, тармозіць сацыяльную сфэру, міжнародныя адносіны Беларусі. Яна тармазіць разьвіцьцё чалавека па ўсіх кірунках”.

Паводле Сяргея Калякіна, на пачатковым этапе такога лідэра дэмакратычных сілаў, здольнага змагацца зь цяперашняй уладай, павінен падтрымаць палітычны актыў апазыцыі, які складае каля 50 тысяч чалавек.

(Калякін: ) “А потым каб 20–25 тысяч склалі касьцяк каманды, якая будзе працаваць па вызначанай праграме з насельніцтвам і распаўсюджваць ідэі дэмакратычнага лягеру ў сьвядомасьць людзей, прыцягваючы іх для нашай сумеснай барацьбы”, — зазначыў Сяргей Калякін, які прэтэндуе на лідэрства сярод дэмакратычных сілаў.

Наколькі верагодна, што першаму сакратару ПКБ могуць даверыць такое лідэрства іншыя палітычныя сілы, найперш правыя? Меркаваньне прадстаўніка БНФ Юрыя Хадыкі:

(Хадыка: ) “Наконт электарату нашага сказаць цяжка, па праўдзе кажучы. Бяз працы, я думаю, не падтрымае, а што тычыцца самой партыі, то БНФ, я думаю, падтрымае, паколькі мы ўжо шмат гадоў працуем над тым, каб людзі падтрымалі ідэю кааліцыі, аб’яднаньня ўсіх сілаў, якія супрацьстаяць рэжыму. Таму калі Сяргею Калякіну ўдасца атрымаць такую падтрымку на выніковым Кангрэсе дэмакратычных сілаў, то БНФ як арганізацыя дысцыплінаваная, яго падтрымае”.

Аднак Юры Хадыка мяркуе, што найхутчэй падтрымку дэмакратычных сілаў атрымае пазапартыйны палітык. Сярод патэнцыйных прэтэндэнтаў на ролю адзінага кандыдата на пасаду прэзыдэнта ад апазыцыйных сілаў разглядаюцца Анатоль Лябедзька, Аляксандар Мілінкевіч, Мікола Статкевіч, Аляксандар Вайтовіч, Аляксандар Ярашук, Валеры Фралоў ды іншыя палітыкі.
XS
SM
MD
LG