Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Cёньняшнія апазыцыйныя лідэры павінны сысьці ў адстаўку”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Агляд пачну зь ліста Міхаіла Ляўданскага зь Менску. Слухач разважае пра тое, ці хутка ў Беларусі могуць адбыцца дэмакратычныя зьмены і як гэтыя зьмены можна прысьпешыць.

“Усё больш прыходжу да адной простай высновы: у тых людзей, якія прагнуць дэмакратычных зьменаў у Беларусі, цяпер адно выйсьце — чакаць, — піша Міхаіл Ляўданскі. — Чакаць, калі настане пералом у грамадзкай сьвядомасьці, калі зьмены ўлады захоча прынамсі 90% насельніцтва. Вось тады Лукашэнку ня выратуюць ні АМОН, ні КГБ, ні чыноўніцкая вэртыкаль. Камуністычная таталітарная сыстэма ў СССР здавалася непарушнай і ўсемагутнай. Але яна рассыпалася, як картачны дамок, калі большасьць людзей перастала верыць ёй. Заўважце: у 1991 годзе ў Савецкім Саюзе не было ніякай арганізаванай апазыцыі, ніякай грамадзянскай супольнасьці. Усё было заціснута ў значна большай ступені, чым у сёньняшняй аўтарытарнай Беларусі. І тым ня менш, камуністычная сыстэма распалася пад ударамі стыхійнага народнага пратэсту.

Гэтак у пэўны момант здарыцца і ў Беларусі. Апазыцыя тут сёньня нешматлікая і бездапаможная: улада яе цалкам кантралюе і ў любы момант можа рэпрэсаваць усіх апазыцыянэраў. Але настане момант, калі аўтарытарызм настолькі абрыдне людзям, што на Кастрычніцкую плошчу выйдуць сто тысяч чалавек — і запатрабуюць зьмен. І зьмены адбудуцца. Штуршком для гэтага можа стаць якая-небудзь банальная прычына, кшталту падвышэньня камунальных плацяжоў. Зрэшты, на тле сёньняшняга эканамічнага росту гэта наўрад ці адбудзецца. Так што, хутчэй за ўсё, апазыцыі давядзецца чакаць эканамічнага крызісу”.

Напэўна, для кагосьці, спадар Ляўданскі, гэта таксама выйсьце — чакаць, пакуль усё як-небудзь само сабой уладкуецца і вырашыцца. І гэта, сапраўды, рана ці позна адбудзецца: выспа аўтарытарызму пасярод дэмакратычнага эўрапейскага кантынэнту ня можа існаваць бясконца доўга. Але ці ёсьць такое чаканьне выйсьцем для людзей грамадзка актыўных, дзейсных, якія сапраўды заклапочаныя лёсам сваёй краіны і сваіх дзяцей, і хочуць годна жыць сёньня, а ня ў нейкай няпэўнай пэрспэктыве? Тут, як і ў асабістым жыцьці чалавека: вядома, можна чакаць, што раптам усьміхнецца фартуна і самі сабой вас напаткаюць службовая кар’ера, сямейнае шчасьце, дастатак у доме. Але ўсім вядома: значна больш шанцаў на ўсё гэта ў тых, хто не чакае, а прыкладае дзеля дасягненьня сваёй мэты актыўныя намаганьні.

Ліст ад Міколы Літвінчыка з горада Белаазёрску Бярозаўскага раёну. Слухач незадаволены тым, што пачуў па Свабодзе крытыку на адрас беларускай апазыцыі. Цытую ліст:

“Вельмі непрыемна, што Беларуская Свабода далучылася да бруднай справы шальмаваньня апазыцыі. Навошта вы даяце слова ваўку ў авечай скуры, які крычыць, што, маўляў, Юшчанка ды Цімашэнка працавалі са сваім народам, таму і перамаглі? А беларускія лідэры нібыта гэтага не рабілі і таму павінны сысьці. Барані нас Бог ад такіх дарадцаў. Стала непрыемна на душы. Хто працуе на Радыё Свабода? Ці не агенты спэцслужбаў Лукашэнкі? Ці ж Радыё Свабода невядома, што сіла апазыцыі — у падтрымцы народу? А народ наш люмпэнізаваны, споены, ачмураны, запалоханы дзеяньнямі ўлады, задураны афіцыйнай прапагандай. Чаго вартая адна толькі рабаўладальніцкая кантрактная сыстэма найму на працу.

Штовечар на галовы жыхароў Беларусі абрынаюцца патокі хлусьні і паклёпу на апазыцыю і яе лідэраў з тэле- і радыёскрынак. Атрымліваецца, што Радыё Свабода яшчэ і дапамагае ўладзе чарніць апазыцыю. Ці ж апраўдана пускаць у эфір толькі дзеля праформы, каб гучалі так званыя “розныя пункты гледжаньня” наўмысны мэтанакіраваны паклёп служкі рэжыму? Гэта ж не якая там задураная прапагандай жанчына, якой ня шкодзіць ведаць і іншы погляд на тую ці іншую праблему. Не сакрэт, у якіх умовах працуе беларуская апазыцыя. Няпроста ў неспрыяльных умовах дыктатарскага рэжыму данесьці да сьвядомасьці людзей ідэалы свабоды і дэмакратыі, калі людзі вырасьлі ва ўмовах несвабоды і таталітарнай сыстэмы”.

Вы прапануеце, спадар Літвінчык, на прапаганду адказваць прапагандай — аднабаковай падачай інфармацыі, аднабаковымі камэнтарамі, замоўчваньнем процілеглых меркаваньняў, усхваленьнямі на адрас апазыцыі? Але ці шмат даверу будзе да такога радыё? Місія Радыё Свабода ў іншым — у тым, каб даць людзям поўную і аб’ектыўную інфармацыю, пазнаёміць з разнастайнымі меркаваньнямі і поглядамі на тую ці іншую грамадзка значную праблему. Людзі маюць права ведаць праўду, і толькі на падставе праўдзівых і поўных зьвестак могуць самастойна прыняць асэнсаванае і правільнае рашэньне наконт сваёй будучыні і будучыні дзяржавы, у якой жывуць.

Наш даўні слухач і аўтар Анатоль Жэрдзеў з Гомелю разважае пра тое, якімі павінны быць дзеяньні апазыцыі падчас падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў.

“Я чакаю, што ўсе тыя лідэры, якія дужа засядзеліся ў лідэрах, сыдуць у адстаўку, а замест іх прыйдуць іншыя, здольныя да аб’яднаньня людзей. І паводле іх здольнасьцяў няхай будзе адзіны лідэр. Але лідэр, ня высмактаны з пальца і ня ўзяты са столі, а сапраўдны, за якім пойдуць ня толькі заўзятары-апазыцыянэры, але ўсе людзі, якім надакучыла жыць у цемрашальстве. Такі чалавек не павінен марнаваць час ды сродкі на раскрутку сваёй асобы, бо дзеля гэтага няма незалежных і даступных усім людзям мэдыяў. А бяз мэдыяў магчыма раскруціцца толькі адпаведнай працай сярод беларусаў. З гэтага выцякае другое: ён павінен быць добрым арганізатарам, умець працаваць з рознымі людзьмі, а ня толькі з прыхільнікамі”.

Анатоль Жэрдзеў з Гомелю таксама падзяліўся развагамі пра тое, чаму сярод значнай часткі беларускай апазыцыі не ў пашане нацыянальныя каштоўнасьці, і выказаўся наконт палітычнай будучыні Зянона Пазьняка. Яшчэ адна цытата зь ліста слухача:

“Сярод апазыцыі няма больш кемлівага палітыка, чым Зянон Пазьняк, больш дальнабачнага, чым ён. Але ж арганізатар зь яго аказаўся няўдалы, і гэта я заўважыў яшчэ падчас яго ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Падрыхтоўка зь яго боку была арганізавана дужа дрэнна, і вынікі адпавядаюць таму. З тых артыкулаў Пазьняка, якія зьяўляюцца калі-нікалі ў незалежнай прэсе, можна заўважыць, што моц яго мысьленьня не аслабла. Мо, і ў арганізацыйным накірунку зьявіліся зрухі? Калі так, то сёньня — самы час, каб выявіць усе свае магчымасьці. Упэўнены, што яго прыезд на радзіму мог бы згуртаваць людзей. Але ж гэты крок крыху рызыкоўны, маючы на ўвазе справы Марыніча і Бандажэўскага — людзей, якія ні за што трапілі ў турму”.

Малаверагодна, спадар Жэрдзеў, што тыя палітыкі, якія ўжо удзельнічалі ў прэзыдэнцкіх выбарах і адзінаццаць год таму ў роўнай барацьбе прайгралі Аляксандру Лукашэнку, могуць мець істотныя шанцы на тое, каб выйграць у яго цяпер, калі верагоднасьць сумленнага падліку галасоў ня надта вялікая. Тым больш, што рэальны рэйтынг гэтых асобаў добра вядомы, і на працягу ўжо многіх гадоў ён істотна не зьмяняўся, застаючыся на ўзроўні некалькіх працэнтаў.

Ліст ад Сямёна Вайтулевіча з Кобрыні, які разважае пра лёс беларускай мовы і яе носьбітаў. Слухач піша:

“За гады акупацыі і асыміляцыі (асабліва пасьля апошняй вайны) выгадавана акупацыйна-каляніяльная генэрацыя чынавенства, якая пасканчала ВНУ на расейскай мове. Да таго ж трэба дадаць: калі бацька ці дзед прыехалі сюды шукаць славы ды чыноў, дык якія карані могуць быць у такіх, так бы мовіць, “інтэлігентаў”. А тут яшчэ і свае мясцовыя “кухарчыны дзеці”, якім бацькі нічога ня ўклалі ў галовы, становяцца праваднікамі акупацыйнай палітыкі. Што мы сёньня і бачым у нашай кіраўнічай вэртыкалі. Таму фронт падзелу грамадзтва праходзіць праз мову. Лёзунг павінен быць адзін: “Беларусь — беларус — беларуская мова”. Беларусаў бяз мовы чакае лёс прусаў. Тым больш, што, калі Ўкраіна празь некалькі год паднімецца — дык і нашы прыежджыя ўкраінцы ўспомняць таксама, што яны гавораць не па-беларуску. Трэба спачатку пабудаваць Беларусь тэарэтычна і сыстэмнай працай, так бы мовіць, “выганяць” акупанта, калі ён ня лічыць сябе тутэйшым.

Трэба вам на “Свабодзе” нагадаць думку Зянона Пазьняка, які казаў, што не правы чалавека цяпер галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй”, — гэтак лічыць Сямён Вайтулевіч з Кобрыні.

І як жа, спадар Вайтулевіч, вы прапануеце абыходзіцца з тымі беларусамі, якія не адпавядаюць вашым моўным крытэрам альбо бацькі якіх паходзяць не зь Беларусі? Што, запісваць іх у акупанты і высылаць дзеля этнічнай чысьціні беларускай тэрыторыі? А вас не бянтэжыць, што высылаць у такім разе давялося б большую палову насельніцтва? Ці вось яшчэ — вы папракаеце чыноўнікаў, якія пасканчалі расейскамоўныя ВНУ. А якія яшчэ ўнівэрсытэты ды інстытуты былі ў савецкай Беларусі ці ёсьць цяпер у Беларусі незалежнай? На якой яшчэ мове людзі маглі вучыцца?

Вельмі небясьпечная гэтая ваша, спадар Вайтулевіч, задума — праводзіць падзел народу па моўнай прыкмеце. Зусім тупіковы шлях зь непрадказальнымі наступствамі. Не адзін эўрапейскі народ пераканаўся ў гэтым на ўласным сумным досьведзе. Вельмі спрэчны таксама тэзіс пра тое, што правы чалавека нібыта другасныя ў параўнаньні зь дзяржаўнай незалежнасьцю. Беларуская ўлада сёньня на кожным кроку дэманструе сваю незалежнасьць: ня лічыцца з парадамі і пажаданьнямі ні з Захаду, ні з Усходу. Але што з таго людзям, якія пазбаўлены шэрагу аснаватворных правоў і свабод?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG