Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Юшчанка даў клятву ў якасьці новага прэзыдэнта Ўкраіны


Валер Каліноўскі, Кіеў Раніцай 24 студзеня ў Сафійскім саборы Кіева з удзелам прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі прайшла малітва прадстаўнікоў хрысьціянскіх канфэсіяў за Ўкраіну. Учора Віктар Юшчанка даў клятву ў якасьці новага прэзыдэнта Ўкраіны. Афіцыйная інаўгурацыя адбылася ў Вярхоўнай радзе, грамадзкая – на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве, дзе прысутнічалі каля 300 тысячаў чалавек. На інаўгурацыі Віктара Юшчанкі прысутнічалі 64 афіцыйныя замежныя дэлегацыі, 8 з іх узначальвалі прэзыдэнты, 3 – прэм’еры, 5 – сьпікеры парлямэнтаў. Таксама прысутнічалі кіраўнікі НАТО, АБСЭ, Рады Эўропы, Дзяржсакратар ЗША. Інаўгурацыя Юшчанкі завяршыла дэмакратычную аранжавую рэвалюцыю, якая пачалася два месяцы таму 22 лістапада.

Урачыстасьці былі зусім не такімі фармальнымі, як гэта можна было чакаць паводле пратаколу. Асабліва на Майдане Незалежнасьці, дзе Віктар Юшчанка быў з жонкай, шматлікімі дзецьмі і ўнукамі – у прыватнасьці, сынам Тарасікам, якому яшчэ няма года, і ўнукам Віктарам, якому няма месяца...

Украінскія журналісты заўважылі, што былы прэзыдэнт Кучма на цырымоніі ў парлямэнце выглядаў засмучаным, а вось адсутнасьць на цырымоніі суперніка Юшчанкі Януковіча нікога не зьдзівіла. Дарэчы, ён пакінуў Украіну і недзе адпачывае.

У сваім выступе на Майдане Віктар Юшчанка абяцаў зьмяніць жыцьцё ўкраінскага народу да лепшага, зьберагаць культурную і духоўную спадчыну і разам з тым тварыць сучасную, дынамічную і салідарную нацыю. Юшчанка казаў пра ўкараненьне эўрапейскіх нормаў у палітыцы і сацыяльным жыцьці. Ён заявіў, што быць ва ўладзе і апазыцыі аднолькава пачэсна, калі служыш сваёй краіне.

Юшчанка вітаў усіх суседзяў, і заявіў, што Ўкраіна стане надзейным міжнародным партнэрам для барацьбы з тыраніяй, вайной, тэрарызмам. Новы прэзыдэнт Украіны асабліва падкрэсьліў, што шлях Украіны – аб’яднаная Эўропа, сяброўства ў Эўразьвязе, і ісьці да гэтай мэты яна будзе сьмела і настойліва.

Аляксандра Лукашэнка, як і Ўладзімір Пуцін, праігнараваў сьвята ў Кіеве. Афіцыйная беларуская дэлегацыя складалася з аднаго чалавека – кіраўніка Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Канаплёва, які наведаў будынак Вярхоўнай Рады, Майдан і сьвяточны канцэрт. Канаплёў на гасьцявой трыбуне на Майдане Незалежнасьці стаяў побач з прадстаўніком Лібіі.

На высокім узроўні ў Кіеве прынялі і прадстаўнікоў беларускай апазыцыі. У прыватнасьці, лідэр АГП Анатоль Лябедзька прысутнічаў і ў Вярхоўнай Радзе падчас інаўгурацыі, і на Майдане, і ў палацы “Ўкраіна” на канцэрце. Ён правёў учора і будзе мець сёньня шэраг сустрэчаў з украінскімі і замежнымі палітыкамі.Учора, напрыклад, Лябедзька сустракаўся са сьпікерам грузінскага парлямэнту Ніно Бурджанадзэ. Шэраг сустрэчаў з палітыкамі меў у Кіеве і лідэр БНФ Вінцук Вячорка. З кім сустракаўся ў Кіеве Ўладзімер Канаплёў – невядома.

Акрамя таго, на Майдане Незалежнасьці падчас інаўгурацыі былі каля дзесятка апазыцыйных актывістаў зь Беларусі: Валянцін Баранаў з БПС, некалькі сяброў Маладога фронту, Вячаслаў Сіўчык... Яны трымалі на Майдане бел-чырвона-белыя сьцягі. Анатоль Лябедзька, гаворачы мне пра свае ўражаньні, зазначыў, што ўчора на Майдане незалежнасьці ён другі раз у сваім жыцьці заплакаў, але гэта былі сьлёзы ад радасьці за Ўкраіну і ад пачуцьця так званай “белай зайздрасьці”.

Новы прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка пачуў учора шмат пажаданьняў. А што жадаюць яму з нагоды інаўгурацыі беларускія палітыкі? Экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір добра ведае Віктара Юшчанку як калегу-банкіра з 1990 года, калі той кіраваў Аграпрамбанкам Украіны.

(Чыгір: ) “Па-першае, здароўе ёсьць праблемай. А што будуць посьпехі, у мяне сумневаў няма, гэта вельмі падрыхтаваны чалавек. Усё будзе добра для Ўкраіны, а ягоныя посьпехі – немінучыя, было б здароўе”.

Станіслаў Шушкевіч таксама перакананы ў плённай працы Віктара Юшчанкі на прэзыдэнцкай пасадзе.

(Шушкевіч: ) “Ён дастойна змагаўся за тое, каб стаць прэзыдэнтам, і трэба каб таксама дастойна працаваў. Ён – прафэсіянал, я яго добра ведаю асабіста, і я перакананы, што ёсьць усе падставы, каб спадзявацца, што Ўкраіна пойдзе незалежным шляхам і хутка дасягне многага – таго, што нам будзе зайздросна”.

Мікалай Статкевіч быў адным зь першых беларускіх палітыкаў, які ў мінулым сьнежні асабіста павіншаваў Віктара Юшчанку зь перамогай на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны.

(Статкевіч: ) “Я найперш пажадаў яму здароўя і посьпехаў у рэалізацыі сваёй праграмы, каб ён прывёў адзіную Ўкраіну ў Эўропу, што было б, безумоўна, надзвычай важна і для нашай краіны, і для Беларусі, таму што цяпер Беларусь – гэта выключэньне, гэта анамалія. Любая анамалія ня можа быць доўгай. Пытаньне толькі ў часе, і яшчэ ў тым, як хутка Ўкраіна пачне разьвівацца, таму што зараз на Беларусь выключна важна будзе ўплываць прыклад Украіны. Калі Ўкраіна стане жыць лепей, калі Ўкраіна рушыць да Эўрапейскага саюза, калі Эўрасаюз прызнае гэтае яе права, значыць, гэта ў значнай ступені паскорыць працэсы дэмакратызацыі Беларусі”.
XS
SM
MD
LG